Да сённяшняй даты пра Скарыну напісана ўсё аці амаль усё. Мы сабралі некаторыя факты пра гэтага незвычайнага чалавека і гэты незвычайны дзень, якія вы маглі не ведаць.
Як Францыск быў Георгіем Скарынам
Так здарылася, што ў рукі навукоўцаў трапіў прывілей караля Жыгімонта I, дзе згадваецца наш герой як Georgij Franciscij Skorina. Дык Францыск ці Георгій? Дарэвалюцыйны даследчык А.Петрушэвіч развіў з гэтага цэлую драматычную гісторыю. Паводле яе несумленныя палякі Кракаўскага універсітэта, куды Скарына паступіў ў 1504 годзе, не дужа любілі праваслаўных. Настолькі, што няшчасны Георгій Скарына вымушаны быў, каб хоць неяк атрымаць адукацыю, абярнуцца ў каталіцтва і стаць Францыскам. Забыўшыся пра сваё спрадвечнае праваслаўнае імя. Жах, праўда?
За савецкім час версія Петрушэвіча была паднятая на шчыт, бо імя Георгій гучала больш па-савецку, чым нейкі там Францыск. Драматычная паэма М.Клімковіча, гістарычны раман М.Садковіча і Е.Львова так і называліся – «Георгій Скарына». Аднак версію псавала тое, што ў год паступлення Скарыны сярод абітурыентаў Кракаўскага універсітэта на ТРАІХ Францыскаў было ДЗЕСЯЦЬ Георгіяў, а праваслаўнае веравызнанне не было перашкодай для паступлення.
Затое ў гісторыкаў ёсць яшчэ адна грамата таго ж Жыгімонта I, дзе Скарына вызваляецца ад даўгоў брата Івана. У ёй вучоны, названы Egregius Franciscus Scorina, – высокапаважаны Францыск Скарына. Узнікла версія, у якой перапісчык спяшаючыся мог замяніць «эгрэгіус» на «Георгіус». Што характэрна, так і аказалася. Ужо ў 90-я гады даследчык Георгій Галенчанка знайшоў і арыгінал «георгіеўскага» прывілея. Дзе дакладна было напісана «egregium Francisci Scorina de Poloczko». Пытанне з другім імем адпала.
Дзе вучыўся першадрукар?
Традыцыйная версія паведамляе, што спачатку Францыск Скарына скончыў Кракаўскі універсітэт і атрымаў там ступень бакалаўра вольных мастацтваў, а потым адвучыўся на медыцынскім факультэце Падуанскага універсітэта. На справе, ніякіх пэўных звестак, што Скарына менавіта вучыўся ў Падуі, няма. Больш за тое, у 1509 годзе Падую атачылі папскія і імперскія войскі, і з выкладаннем ва ўніверсітэце горада стала цяжка. Аднак калегія універсітэта, аўтарытэтныя людзі, працягвалі прымаць экзамены на доктарскія ступені. Адным з тых, хто здаў такі экзамен, так бы мовіць, экстэрнам, і стаў Скарына. Абараніўся ён бліскуча і ступень доктара атрымаў цалкам заслужана, пра што і сведчаць дакументы. Што не адмяняе таго, што студэнтам Падуанскага універсітэта ён, хутчэй за ўсё, не быў, а медыцыну вывучаў у нейкай іншай установе – не выключана, што ў тым жа Кракаве. У любым выпадку, да іспыту на ступень доктара медыцыны дапускалі толькі таго, хто ўжо адвучыўся на профільным факультэце тры гады, а пасьля не менш за год практыкаваў як лекар.
Чаму абраў Прагу, каб друкаваць кнігі?
Версіяў, навошта Скарына прыехаў друкаваць кнігі менавіта ў Прагу, некалькі. Літаральна незадоўга да выхаду першай кнігі «Псалтыр» у чэшскую сталіцу прыбыла амбасада караля Жыгімонта I, у складзе якой, на думку некаторых гісторыкаў, і быў Скарына. Чаму гэтая версія не вытрымлівае крытыкі, мы раскажам у адным з наступных фактаў.
Верагодней за ўсё, у Прагу Скарыну прывяло спалучэнне некалькіх яе пераваг: 1) чэшская сталіца была адным з цэнтраў кнігадрукавання, друкарняў і спецыялістаў там было шмат. 2) У Празе ўжо друкаваліся пераклады Бібліі на нацыянальную чэшскую мову. 3) «Гусіцкая рэвалюцыя», якая адбылася амаль стагоддзе таму, сфармавала ў Празе атмасферу адноснай верацярпімасці – тут можна было вальней друкаваць Біблію на нетрадыцыйнай лаціне, чым, напрыклад, у Кракаве, дзе таксама былі друкарні. Астатнія ж цэнтры кнігадрукавання, як Нюрнберг ці сама Венецыя (дзе друкаваліся, напрыклад, сербскія Бібліі), былі занадта далёка.
У якой друкарні пачаў друкаваць кнігі?
У многіх кнігах і артыкулах лаканічна сказана, што Францыск Скарына «пераехаў у Прагу і заснаваў друкарню, каб друкаваць кнігі». Ствараецца ўражанне, што заснаваць друкарню ў чужой краіне гэта як вады папіць. Для пачатку – гэта было ВЕЛЬМІ дорага. Стварэнне ці купля друкарскага станка, наборных кас, шафаў для захоўвання шрыфта, наборных інструментаў, рам для набору – цяжка ўявіць, што ісці на такія глабальныя выдаткі мела сэнс, каб друкаваць кнігі далёка ад Радзімы. Больш за тое, ані ў якіх паперах пражскага магістрата падстава для яшчэ адной друкарні ў гады друкавання «Псалтыра» не пазначана. А адкрыць друкарню нелегальна… для іншаземца гэта была амаль фантастыкай. Верагодней за ўсё, першадрукар арэндаваў існуючую ўстанову. Праўда, тэхнічнае выкананне кніг асноўных пражскіх друкарняў і кніг Скарыны адрозніваецца – прычым у нашага земляка яно лепш. Хутчэй за ўсё, шрыфты і ксілаграфічныя дошкі ў Францыска былі свае, а рабочых, памяшканне і прэс прадаставіў мясцовы друкар. Ім мог быць Мікулаш Конач з Годзішкава. На карысць яго кандыдатуры можна прыпомніць, што падчас выхаду выданняў Скарыны выданняў самага Конача няма – затое яны з’яўляюцца пасля таго, як Францыск скончыў працу. Больш за тое, друкарня Конача стаяла ў пражскім Старым Месцы, а Скарына не раз паказваў, што друкаваў кнігі «У Старым Месцы Празкім». Нарэшце і да і пасля Скарыны Конач не раз здаваў сваю друкарню ў арэнду трэцім асобам – гэтая практыка была для яго звычайнай.
Хуткасці кнігадрукавання ў часы Скарыны
На кожны радок большасці выданняў Скарыны прыходзілася 45-47 літар, уключаючы прабелы. Мінімальная хуткасць, з якой была надрукаваная кніга – 0,36 ліста на дзень, з якой друкавалася Кніга Ісуса Нававага. Хутчэй за ўсё Скарына надрукаваў Кнігу Прамудрасці божай, яна выпускалася з хуткасцю 3,2 ліста на дзень. У сярэднім першадрукар працаваў з хуткасцю 1,78 ліста на дзень, або 3524 літары, што для таго часу нядрэнна – толькі з два разы менш, чым рабілі наборшчыкі 19 стагоддзя (але старабеларуская мова 16 стагоддзя вельмі працаёмкая).
Чаму менавіта 6 жніўня
Вядомы беларускі пісьменнік Алег Лойка, аўтар біяграфіі першадрукара ў серыі «Жыццё выдатных людзей», паэтычна прывязаў дату заканчэння «Псалтыра» да шостага дня тварэння, калі Бог стварыў людзей. Асацыяцыя прыгожая, але наўрад ці якая мае нешта агульнае з рэальнасцю. Паводле падлікаў навукоўцаў, тагачасная прадукцыйнасць друкарні, дзе працаваў Скарына, складала 1,78 ліста на дзень, што дае нам блізу 80 дзён на друкаванне 142-ліставога «Псалтыра» і прыкладны пачатак работ каля 19 мая 1517 году – наўрад ці асвечаны чалавек свядома стаў бы запавольваць працу, каб такім дзіўным чынам «зраўняцца» з Богам.
(Менавіта гэты тэрмін, дарэчы, абвяргае версію аб прыбыцці Скарыны ў Прагу з пасольствам Жыгімонта, якое з’явілася толькі 28 мая 1517 года.)
Дарэчы, 6 жнiўня 1517 быў панядзелак, а не субота, а ў панядзелак Бог, як вядома, стварыў свет, а не людзей.
Дзяніс Буркоўскі
Глядзіце таксама: