Гісторык і выкладчык Сяргей Емяльянаў падзяліўся ў Facebook сваімі думкамі адносна стварэння IT-вну і магчымага рэфармавання сістэмы адукацыі, якое горача абмяркоўваецца ў беларускім сеціве.
Навіны пра айцішачку ў адукацыі не зьдзіўляюць абсалютна, яны даўно да гэтага ідуць, і той, хто мінімальна цікавіўся пытаньнем, усё гэта ўжо неаднаразова чуў.
Па-сутнасьці, перад імі стаіць адна глябальная праблема - масавая падрыхтоўка праграмэраў без замарочак з вышэйшай адукацыяй. У нас сёньня фармальна нельга працаваць па большасьці спэцыяльнасьцяў у ІТ без дыплёму, калі што.
Ідэя такая, і, дарэчы, слушная: кодэр, ці там тэставік які - не "тэхнічная эліта", а звычайныя рабочыя, то бок, ім патрэбная не ВНУ зь філязофіяй ды гісторыяй, а ПТВ. Кіраваць усім гэтым шчасьцем будуць, зразумела, людзі з унівэрсытэцкай адукацыяй і soft-skills, але для асноўнай масы ўсё гэта лішняе.
Прыкол у тым, што айцішачка па традыцыі жадае ўсё зрабіць за кошт астатніх. То бок, яны гатовыя фінансаваць тыя школы (і, падазраю - тыя прадметы), якія палічаць патрэбным, але масавы рост якасьці адукацыі ім, справядліва, да лямпачкі.
Тут маю згадзіцца з Чалым - перад намі тыповы прыклад карпаратыўнай сьвядомасьці і карпаратыўна-арыентаванай палітыкі на ўзроўні дзяржавы. Позьняе Сярэднявечча - Раньні Новы час.
Ёсьць чувакі з "доступам да цела" аўгусьцейшай асобы. Аўгусьцейшая асоба выпісвае ім прывілеі, згодна зь іх патрэбамі, у адказ яны ўлічваюць інтарэсы аўгусьцейшай асобы і ўсяляк ёй дапамагаюць. Іншыя грамадзкія карпарацыі застаюцца па-за гэтым адносінамі, больш за тое, стан (status) карпарацыі з "доступам да цела" можа наўпрост грунтавацца на дабротах, якіх пазбаўленыя (у тым ліку - шляхам недаатрыманьня абмежаванага рэсурсу) нейкія іншыя карпарацыі.
Выглядаць для Беларусі гэта будзе так: карпарацыя "дзяржава" дае карпарацыі "айцішачка" ільготы. "Айцішачка" багацее і корміць "дзяржаву", а таксама дазваляе вакол сябе карміцца "каляайцішным" абслугоўваючым карпарацыям (ад аўтасэрвісаў і дэвэлапэраў да рознай драбязы, кшталту бараў і барбэршопаў).
Гэта малазаўважна спачатку, але важным фактарам посьпеху такой схэмы зьяўляецца яе абмежаванасьць. Ніколі гэтыя ільготы не распаўсюдзяцца на ўсіх. Гэта прывілеі, а не правы. Таму будзе "першае ўнутранае кола" - айцішачка, "другое ўнутранае кола" - дзяржава і каляайцішнікі, і "трэцяе вонкавае кола" - ўсе астатнія, якія за дробны прайс маюць абслугоўваць эліту.
Разьбежкі ў іх прыбытках ужо выйшлі на заўважны ўзровень. Сёньня яны пачынаюць азначаць наўпрост розныя лады жыцьця. Пакуль ня бачна ніякіх тэндэнцыяў да пераадольваньня гэтага разрыву, наадварот, можна прагназаваць, што ён будзе павялічвацца, а элітарныя карпарацыі, як шляхта калісьці, будуць замыкацца ў сваёй асобнай культуры, манэры жыцьця і г.д.
Застаецца толькі чакаць, пакуль узьнікнуць разьбежкі ў палітычных і сацыяльных правах, а таксама адбудзецца фармалізацыя замыканьня станаў. Я вас віншую з надыходам новага, 1420 году, карацей.
Сяргей Емяльянаў, Facebook.com
Захаваны аўтарскі правапіс