З сённяшняй перспектывы мы можам дакладна сказаць, што для беларускай дзяржаўнасці 25 сакавіка 1918 года вырашалася сапраўды гамлетаўскае пытанне — “быць альбо не быць?” Калі б лідары нацыянальнага беларускага руху не пайшлі на абвяшчэнне БНР, невядома, што было б з Беларуссю ў будучыні. Нягледзячы на неспрыяльныя варункі, беларуская дзяржаўніцкая ідэя была сфармуляваная. Заява аб дзяржаўных амбіцыях беларускага народа прымусіла ўсіх па-новаму паглядзець на нашае месца ў палітыцы і гісторыі.
Пра ход падзей утварэння першай беларускай дзяржавы напісана шмат. Варта спыніцца на вузлавых момантах, якія змянілі Беларусь і павінныя быць для нашага пакалення добрым урокам на будучыню.
У 1918 годзе Мінск упершыню абвяшчаецца сталіцай дзяржавы. З таго часу горад робіцца цэнтрам фармавання беларускай прасторы і забірае гэтую ролю ў старадаўняй Вільні. Гэта быў вялікі зрух у палітычнай геаграфіі — яшчэ два стагоддзі таму ў шэрагу павятовых цэнтраў ВКЛ Мінск займаў другараднае месца пасля Навагрудка і Мсціслава.
Ідэя стварэння беларускай рэспублікі была заканамернай і… неарыгінальнай. Урад БНР у сваіх дзеяннях аглядваўся на суседзяў. Абвяшчэнне суверэнітэту Эстоніяй і Украінай натхніла “айцоў” БНР на дзеянні ў гэтым кірунку. Думаецца, што без чужога прыкладу яны наўрад ці адважыліся б на такі крок, што выходзіў за рамкі ўсвядомленай рэальнасці. Нагадаем, што ў бурлівым 1917 годзе пытанне незалежнасці не ставілася, дзяржаўніцкія амбіцыі максімальна распасціраліся на абласную аўтаномію ў складзе Расійскай рэспублікі. Дарэчы, штосьці такое адбывалася ў Беларусі і ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Прыняцце Дэкларацыі аб суверэнітэце, рэакцыя на дзеянні ДКНС (ГКЧП), выхад са складу СССР — усё гэта рабілася пасля адпаведных дзеянняў нашых суседзяў з Прыбалтыкі, Украіны ці Расіі. З пасадай прэзідэнта мы таксама не спяшаліся, каб паглядзець, як там выйдзе ў суседзяў…
Пра што яшчэ варта заўсёды памятаць, дык гэта пра брак досведу сур’ёзнай і жорсткай палітычнай барацьбы і ідэйнай салідарнасці ў лагеры заснавальнікаў БНР. Разыходжанні былі не тактычнага і нават не стратэгічнага плану, а датычылі элементарных пытанняў, якія павінныя былі палітыкаў не разводзіць па розныя бакі, а аб’ядноўваць. Што такое Беларусь, яе дзяржаўны статус, тэрытарыяльныя межы і іншыя ключавыя пытанні не былі засвоеныя і растлумачаныя нават для сябе цвёрда і прынцыпова, як аксіёма. Не хапала ведаў і досведу, дасягненняў і прызнання. Адсутнасць выразнай палітычнай лініі, строга акрэсленай пастаноўкі мэтаў няўмольна выклікала цяжкую хваробу — палітычную слепату.
Цвяроза мысліць і ацэньваць сітуацыю дзеячам БНР часта было не пад сілу, яны траплялі пад чужыя ўплывы і ў пошуку выратавання адчайна кідаліся з боку ў бок пад крыло ці Польшчы, ці Літвы, ці Германіі. Зноў можна правесці сумныя паралелі з пачаткам 90-х гадоў мінулага стагоддзя, калі нацыянальным сілам, таксама пераважна з інтэлігенцкіх, культурніцкіх колаў, бракавала палітычных ведаў і досведу.
Дзяржава, на жаль, не можа існаваць без карных інстытутаў, такіх як войска, паліцыя, служба бяспекі. Яе фармаванне не можа адбывацца толькі на культурным полі. Усе спробы БНР арганізаваць уласнае баяздольнае войска перапыняліся ўплывовымі вонкавымі сіламі, дый унутраных рэсурсаў для гэтага ва ўрада БНР сур’ёзна бракавала. Як вынік БНР не аказала шырокага ваеннага супраціву дзеля абароны сваёй незалежнасці. У гістарычнай памяці беларусаў не адклалася такая гераічная старонка, а ў любога народа павінен быць свой “гераічны эпас”.
Гісторыя БНР таксама даказвае, што спроба шукаць падтрымкі ў вонкавых сіл без трывалай апоры на ўнутраныя рэсурсы (грамадская думка, войска, фінансы, інтэлектуальны патэнцыял, чыноўніцкі досвед) асуджаная на няўдачу, нават калі твая ідэя сустракаецца з прыхільнасцю. Аднак важная яшчэ адна думка: слушная ідэя, сфармуляваная і выказаная ў патрэбны час, няхай з малымі шанцамі на жыццё, праб’е сабе дарогу.
Заснавальнікі БНР здзейснілі гэты крок — самы важны для Беларусі ў ХХ стагоддзі.
Андрэй Янушкевіч, budzma.org