«Грамадазнаўства» – новы альбом Лявона Вольскага (аўдыё)

25.03.2014 Музыка

Альбом пад назвай «Грамадазнаўства» больш нагадвае аўтаматную чаргу, кулі якой б’юць па нашых комплексах, страхах і надзеях. Гэтая плытка адначасова падаецца нам данінай павагі фанатам старога N.R.M. і тлустай рысай, якую Вольскі падводзіць пад прывідным беларускім «сёння».

Спампаваць альбом Лявона Вольскага «Грамадазнаўства».

«Я думаю, што скончыўся час кампрамісаў, – кажа Вольскі. – Час гандлю, прымання ўмоваў гульні, унутранага цэнзара і лавіравання. Сышоў час эзопавай мовы, схаваных сэнсаў і чытання паміж радкамі. Хацелася выказацца проста і ясна».

Гэты альбом пісаўся на віленскай студыі Ymir Audio. За музычны складнік «Грамадазнаўства» адказваў нарвежскі музыка-мультыінструменталіст і саўнд-прадзюсар Снорэ Бэргэруд, таму, на меркаванне Вольскага, «гук атрымаўся “нетутэйшым”, скандынаўскім».

«Снорэ працаваў у жанры манументалізму, – каментуе Вольскі гучанне кружэлкі. – Я не магу вылучыць з альбома нейкую адну “найбольш удалую” песню. Яны там усе як камяні ў брукаванцы».

34mag