Чаму беларусы не любяць чужыя грошы?

Чаму Белавус мае чырванець і апраўдвацца за катэдж за 100 тысяч даляраў? Чаму Коваля, які стварыў фэнтэзі-сядзібу ў Літоўцы, спачатку ненавідзелі, а пасля аплаквалі? Чаму Севярынец прапаноўвае Зайдэсу “аддаць” рэстаран, які каштуе пару мільёнаў, “народу”?

Адказ на ўсе гэтыя пытанні, ключык, які адчыніць адразу вельмі шмат схованак, насамрэч адзін. Гэта стаўленне беларусаў да грошай і да тых, у каго яны ёсць. Сумна, але мы можам канстатаваць: беларусы дагэтуль з падазрэннем ставяцца да заможных суайчыннікаў і губляюцца, калі самі такімі робяцца.

Не верыце? Тады адкажыце на пытанне: чаму ці не самы паспяховы менеджар беларускага стафу Павел Белавус мае апраўдвацца ў каментах за свой катэдж за 100 тысяч даляраў? Працуе ж дзядзька – і хай сабе працуе. Хай робіць чарговы канцэрт на ўгодкі БНР, купляе чарговы катэдж – што тут дрэннага? Быў бы бедным – не было б ні БНР-100, ні Арт-Сядзібы: хадзіў бы па Камароўцы, шукаў дзе танней. Сумна.

sharykau

Кейс з загадкавым самазабойствам Коваля – падобная гісторыя. Пакуль той жыў і працаваў, робячы ўнікальную атракцыю ў некалі забытай мёртвай вёсцы, – яго крытыкавалі. Канечне, не за грошы наўпрост, а завуалявана: за малюнкі, скульптуры, сатанізм – “ідэйна” крытыкавалі. Дык… зрабіце лепш, га? Коваля зацкавалі, а ён адправіўся ў іншыя сусветы. Пасля ўжо пачалі слёзы ліць, пісаць пра “пакінутую Літоўку без гаспадара” і г.д. Класіка.

Прыклад з “Паедзем паядзім” ужо намуляў вока, згодны. Нехта катэгарычна супраць рэстарацыі ля Курапатаў, нехта ставіцца абыякава, нехта прапаноўвае кампраміс. Цікава іншае: рупар пратэстоўцаў Павел Севярынец упэўнены: адзіны варыянт для рэстаратара – сабраць манаткі і з’ехаць… ну, альбо аддаць комплекс “народу”. Гэта як? Хто б там ні быў у гэтым бізнесе, гэты нехта ўклаў туды мільёны даляраў ,і іх трэба вось так проста аддаць “народу”, то бок двум дзясяткам пратэстоўцаў? Казка…

“Крывавае манга” як дно пратэсту, альбо Некалькі пытанняў абаронцам Курапатаў

Чаму беларусы незалежна ад мовы, узросту ці адукацыі так ставяцца да грошай і да тых, у каго яны ёсць? Калі прыгледзецца, усё гэта нагадвае ўсходні, рускі тып паводзінаў, ні разу не еўрапейскі. Калі ў Еўропе, асабліва пратэстанцкай яе частцы, закладзены культ працы, ашчаднасці і заможнасці як цалкам заслужанага выніку працы, то ў нас усё наадварот.

Спачатку ў Масковіі, а пасля і ў нас склалася наступная схема: колькі ні працуй – плёну не будзе. Альбо вайна, альбо пажар, альбо рэпрэсіі… Працуй, не працуй – усё адно забяруць, страціш, змарнуецца, згарыць, нашчадкам анічога не перадасі. На гэта ўсё наклалася савецкая “ўраўнілаўка” ды раскулачванні. Працуеш? Працуй. Але падзяліся з тым, хто не працуе. Не хочаш? Паедзеш снег есці…

Адсюль і коды паводзінаў заможных людзей, якія з той жа Масковіі перакачавалі да нас. Заможным быць неяк сорамна, таму трэба на манер рускіх купцоў удзень піць гарбату ў карчме “ў складчыну” (так танней), а ўвечары прагульваць вялізныя сумы, раздаваць грошы юродзівым, асыпаць золатам цыганоў, ахвяраваць на цэрквы, утрымліваць вялізную радню, кідаць чырвонцы на сцэну ў тэатры… А пасля – назапашваць пазыкі.

Усё гэта, якімі б еўрапейцамі мы сябе ні лічылі, асела і ў нас. Прыклады ў пачатку артыкула – таму сведчанне. Багатыя – “яны”, бедныя – “мы”. Гэты антаганізм нашмат больш глыбокі, чым “заходнікі” і “ўсходнікі”, чым “опы” і “застабілы”. І гэта нават не зайздрасць, не. Хутчэй вычварная форма інстынкту самазахавання.

scrooge

Маўляў, калі гэтыя, “багатыя”, будуць і далей дабро нажываць, развівацца, разбудоўвацца, дык што застанецца нам?.. Чытаць кніжкі, пратэставаць, піць “Аліварыю”, пісаць нешта ў фэйсбуку. Таму прыхільнікі маралі і справядлівасці, якія першымі закідваюць нешта сваім больш паспяховым суайчыннікам, гатовыя стаяць насмерць, як шыхт казакоў перад атакай крылатых гусараў.

Што з гэтым рабіць? Здаецца, усё проста. Палюбіць сябе і паверыць, што жыццё – тут і цяпер. Што чужую працу і маёмасць варта паважаць. Што не любая дзяўчына, якая выходзіць з “лексуса” перад рэстаранам “Паедзем паядзім”, – “шлёндра” і “агент рускага свету”. Што мае рацыю не Несцерка з народнай казкі, а ўсё ж такі пан.

Ну, і зразумець, што патрыятычны фронт – гэта не толькі барыкады. Фронт ёсць таксама інтэлектуальны, дэмаграфічны, фінансавы. І там таксама патрэбныя свае байцы, свае поспехі і перамогі. Навошта? Каб праз 50 гадоў было каму запускаць у космас ракеты з нацыянальным арнаментам на борце, а чарговыя каланісты на Марсе мелі шаўроны з “Пагоняй”.

Алесь Кіркевіч