“Гульня фарбамі” у Паставах

04 сверасня  2010 г. ў межах агульнанацыянальнай кампаніі “Будзьма беларусамі” адбылося адкрыццё персанальнай выставы вядомага беларускага мастака Алеся Квяткоўскага “Гульня фарбамі” ў Пастаўскім доме рамёстваў, які размешчаны ў будынку старадаўняга вадзянога млына. Вельмі цікавыя працы, сярод якіх графіка і жывапіс, пачалі экспанавацца ў горадзе Тызенгаўзаў.

Пад час мерапрыемства ў гонар адкрыцця выставы з вітальным словам перад жыхарамі Паставаў і гасцямі Дома рамёстваў з г. Магілёва выступіў старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч. Ён перадаў дырэктару Дома Таццяне Петух падарункі ад агульнанацыянальнай кампаніі “Будзьма беларусамі” і Таварыства аховы помнікаў.

Затым быў прэзентаваны дакументальны фільм “Валанцёры” пра працу сяброў Таварыства аховы помнікаў у Паставах у межах міжнароднай праграмы “Меморыя. Добраахвотнікі за ахову еўрапейскай культурнай спадчыны” у 2008 г..

Выступ Алеся Квяткоўскага быў прысвечаны светаадчуванню мастака і перадачы ўласнага светапогляду алоўкам і фарбамі. А завяршылася імпрэза канцэртам Вікторыі Іллінскай, якая выканала песні на словы Славаміра Адамовіча, Валянціны Аксак, Ніны Мацяш, Валянціны Гіруць-Русакевіч, Ніла Гілевіча, Анатоля Сыса і Віктара Шніпа.

На фота: Алесь Квяткоўскі рыхтуе выставу.

Глядзець усе фоты.