Тут ёсць гераічныя паўстанцы і падступныя царскія службоўцы. А ёсць простыя беларусы, якія (так ужо гістарычна склалася) мітусяцца недзе паміж, прымаючы то адзін, то другі бок. Прэзентацыя гульні «Паўстанцы» ў Мінску сабрала аншлаг у кнігарні «логвінаЎ».
Ідэя гульні належыць маладому тандэму — гарадзенскаму паэту, выкладчыку рэжысуры абрадаў і святаў Антону Янкоўскаму і дызайнерцы Настассі Лукашовай.
У сяброўскіх кампаніях, гуляючы ў якую-небудзь «Манаполію», часта гучаць фантазіі, як бы гэта выглядала ў перакладзе на беларускія рэаліі. Антон і Настасся пайшлі далей, увасобіўшы сваю ідэю ў выглядзе трох калодаў каляровых картачак.
«Нядаўна я прачытаў, што напярэдадні паўстання, недзе ў 1859–1860 гадах, у Лідскім павеце касцёл аб’явіў свайго кшталту кампанію супраць алкаголю. Таму палітычныя пытанні абмяркоўваліся ў лідскай цукерні. Мы ж сабралі вас не ў цукерні, а ў кнігарні», — пачаў прэзентацыю Антон Янкоўскі. Пагружалі ў беларускую даўніну прысутных гурт «Нельга забыць», а таксама дзяўчаты з гарадзенскай суполкі народнай культуры, якія загукалі вясну.
«Я просты беларус», — як на духу прызнаецца кожны ўдзельнік па коле перад пачаткам гульні. Пасля ўсе заплюшчваюць вочы, і абедзве каманды — царскіх службоўцаў і паўстанцаў — па чарзе знаёмяцца са сваімі чальцамі.
Як пазначана ў правілах, у гульні можа удзельнічаць ад 6 да 20 чалавек. А нават і троху больш, дадае аўтар. На прэзентацыі ў Мінску за стол села 12 гульцоў, паўстанне цягнулася прыкладна дзве з паловай гадзіны.
Правілы сапраўды чымсьці нагадваюць вядомую «Мафію», толькі з гістарычным кантэкстам. Мэта — перацягваючы на свой бок простых беларусаў, знішчыць каманду ворага. І калі беларусы ў гульні маюць смешныя схематычныя біяграфіі (сляпы вандроўны музыка, першая прыгажуня ў вёсцы), то ад усведамлення таго, што на картках з паўстанцамі — фотаздымкі сапраўдных людзей, многія з якіх прынялі пакутніцкую смерць, часам робіцца жудасна. Таму гульцы, сэрцы якіх асабліва баляць за Беларусь, нават адмаўляюцца забіваць удзельнікаў паўстання.
«Часта кажуць: ды няправільна іх забіваць! Я тады думаю, што трэба мне з прэзентацыяй у Маскву паехаць, там заб’юць усіх», — жартуе Антон Янкоўскі.
Увогуле падчас гульні гучыць шмат жартаў на нацыянальныя тэмы — і пра прыстасаванцаў-беларусаў, якія галасуюць так, як усе, і пра нахабства рускіх прыгнятальнікаў. У другі дзень паўстання, напрыклад, усе аднадушна «забілі» хлопца Жэню, які адзіны за сталом размаўляў па-руску. У пэўны момант ён нават стараўся згадваць нейкія беларускія словы. «Это ошибка, вы обезглавите паўстанне», — спрабаваў давесці ён, але яго ўжо павесілі на галоўнай плошчы. Рускамоўны Жэня апынуўся Кастусём Каліноўскім.
Некаторых ад смерці ўратоўваюць палымяныя прызнанні ў любові да роднай зямлі, а камусьці замінае нават уласнае імя. Сярод удзельнікаў былі два Аляксандры, і ў пачатку гульні вядоўца, каб адрозніваць іх, выпадкова назваў аднаго Аляксандрам «другім». Зразумела, з такой мянушкай хлопец да канца гульні не дажыў.
Пазбегнуць смерці, нават калі супраць цябе прагаласавала большасць удзельнікаў, можна, выцягнуўшы добрыя карты лёсу, якія дазваляюць схавацца ў пушчы, атрымаць медаль альбо пераканаць усіх, зачытаўшы «Мужыцкую праўду». Ды толькі ў гэтай гульні лёс быў не на баку беларусаў, якія ўвесь час цягнулі «шыбеніцу» ды «расстрэл». Вядоўца змушаны быў нават насуперак правілам выкласці некалькі «смяротных» картак, каб гульня не скончылася надта хутка і «каб палепшыць жыццё ў Беларусі».
У выніку паўстанне было задушанае, царскі прыгнёт запанаваў з новай сілай. А Мураўёў-вешальнік, якім апынуўся ціхі хлопец з настойлівым позіркам, нават быў прызнаны найлепшым гульцом і атрымаў падарункі ад кампаніі «Будзьма беларусамі».
Напрыканцы Антон Янкоўскі расказаў пра адну забаўную недакладнасць, якая ёсць у гульні і, на яго погляд, дадае ў яе нейкую асабістую гісторыю. У калодзе ёсць картка з паўстанцам Урублеўскім, паплечнікам Каліноўскага, які насамрэч быў Валерыем, тут жа ён пазначаны як Віктар. «Рэч у тым, што я з першага класа вучыўся з хлопчыкам, якога звалі Віктарам Урублеўскім. І калі пісаў імёны, памыліўся праз асабістую асацыяцыю. Мой аднакласнік цяпер гэтым ганарыцца», — сказаў Янкоўскі.
«Гісторыю паўстання можна перапісаць па-рознаму. Сёння, на жаль, усё склалася так. Але я жадаю вам, каб у вашай гульні перамагалі толькі паўстанцы», — дадаў ён на развітанне.
Аляксандра Дорская
фота – Зарына Кандрацьева