ЦБС. Гэтую абрэвіятуру чуў ці бачыў, напэўна, кожны беларус Варшавы. Тут, у Цэнтры Беларускай Салідарнасці можна знайсці сваіх, атрымаць бясплатную юрыдычную кансультацыю. Тут сарыентуюць усіх, хто разгубіўся і не можа намацаць наступны крок у сваім новым жыцці ў Польшчы. А яшчэ — тут праходзяць выстаўкі, ладзяцца канцэрты і майстар-класы, сюды дзеткі ходзяць на ўрокі, а іх бацькі — у размоўны клуб. Заснавальнікі ЦБС Улад Кобец, Анатоль Міхнавец і Аліна Коўшык адмыслова дбаюць пра тое, каб спектр дзейнасці ўстановы пашыраўся, а разам з вырашэннем актуальных побытавых пытанняў нашы суайчыннікі атрымлівалі задавальненне сваіх патрэбаў у культурніцкіх прадуктах. Пра тое, як паўставаў культурніцкі вектар працы, пра важнасць жаночай салідарнасці і пра смелыя мары мы пагутарылі са спадарыняй Алінай Коўшык.
Аліна Коўшык. Фота Юліі Шаблоўскай
Пра заснаванне Цэнтра беларускай салідарнасці
— Цэнтр Беларускай Салідарнасці быў афіцыйна адкрыты 7 верасня 2020 года, але мы пачалі працаваць раней, яшчэ нават да выбараў. Разумелі, што трэба рыхтавацца, што сутыкнемся з вялікай хваляй беларусаў, якія сюды прыедуць. Частка стваральнікаў Цэнтра сама прайшла праз рэпрэсіі, некаторыя вымушаныя былі ўцякаць у 2010 годзе, таму мы досыць дакладна разумелі, якая дапамога будзе патрэбна. Прыярытэтам Цэнтра Беларускай Салідарнасці з самага пачатку была менавіта юрыдычная дапамога. Мы сталі крызісным цэнтрам, «прыфрантавым шпіталем», месцам, куды можа прыйсці той, каму пайсці няма куды.
Юрыдычны дэпартамент ЦБС
У нас створаны вялікі аддзел юрыстаў, якія і сёння дапамагаюць беларусам з дакументамі, легалізацыяй і міжнароднай аховай. Дагэтуль багата зваротаў, палічылі, што за год юрысты ЦБС правялі больш як 7 тысяч кансультацый.
Пра выклікі часу, на якія трэба вельмі хутка рэагаваць
— У нас ёсць прэс-цэнтр, які задумваўся як месца, дзе могуць працаваць журналісты, як беларускія, так і замежныя. Я сама журналістка і разумею, як важна дапамагаць медыям. Быў момант, калі шмат якія СМІ шукалі звесткі пра Беларусь, калі трэба было шукаць герояў, дзяліцца кантактамі, дапамагаць знаходзіць адно аднаго. Цяпер мы таксама гэта робім, але ў менш інтэнсіўным тэмпе. Таксама ў нас абсталявана відэастудыя, якой бясплатна могуць карыстацца беларусы, натуральна, па папярэдняй дамоўленасці. У нас запісвае свае стрымы Сяргей Чалы, завітвае папрацаваць Лявон Вольскі, каманда журналістаў-расследавальнікаў.
Пра школку для дзетак і адметны праект для падлеткаў
— Досыць стыхійна паўгады таму ўтварылася школка для беларускіх дзяцей. Мы бачылі, што да нас прыходзяць цэлымі семʼямі. Лічыцца, што дзеці могуць хутка адаптоўвацца ў новай краіне, лягчэй знаходзяць сяброў. Але гэта не заўсёды так. Справа ў тым, што дзеці з Беларусі не проста пераязджаюць, яны прывозяць з сабой мноства псіхалагічных траўмаў, дэпрэсію, посттраўматычнае стрэсавае расстройства, таму патрабуюць больш пільнай увагі і асаблівага стаўлення. Яны не хочуць адаптоўвацца, жыць у новых умовах, хочуць дадому.
Сустрэча са Святланай Ціханоўскай. Фота Юліі Шаблоўскай
З намі працавала дзяўчына з педагагічным досведам, таму мы і паспрабавалі арганізаваць школку, спачатку як праект на суботы. Зараз школка таксама застаецца пераважна суботняй, але яна разраслася аж на дзве змены ды іншыя дні. Яна ўжо абʼядноўвае 65 дзяцей. Гэта максімум нашых магчымасцей — і па рэсурсах памяшкання, і па занятасці супрацоўнікаў.
Вучні школкі з дырэктаркай Хэленай Родзінай
Паўгады школа працавала выключна як валанцёрскі праект. Настаўнікі займаліся з вучнямі, бо разумелі, наколькі гэта важна. Першапачаткова былі заняткі па польскай, ангельскай мовах, маляванні, а цяпер у расклад дадаліся музыка (нам падарылі сінтэзатар! ), акцёрскае майстэрства, беларуская мова і культура. А для дарослых у нас працуе размоўны клуб польскай мовы.
Асноўная мэта нашай школкі — дапамога дзецям у сацыялізацыі. Хочам, каб яны тут знайшлі сяброў, з якімі будзе прасцей адаптоўвацца да жыцця ў новай краіне. На жаль, з падлеткамі сапраўды пакуль не атрымлівалася папрацаваць, але такі праект у нас таксама ў планах. Думаем разам з прэс-цэнтрам стварыць школу факт-чэкінгу, выкладаць асновы журналістыкі. Падаецца, карысна разіваць разуменне таго, як працуе свет вакол, як працуюць медыя. І хоць працаваць мы будзем з інтэрнэт-рэсурсамі, заняткі мусяць праходзіць у офлайн фармаце.
Тэатр для дзетак
Пра повязь сучаснасці і мінуўшчыны
— Разам з вядомым даследчыкам, краязнаўцам Анатолем Міхнаўцом арганізоўваем экскурсіі па беларускіх мясцінах Варшавы, не так даўно, на Дзяды, ладзілі экскурсіі па Паванзкоўскіх могілках.
Экскурсія па Паванзкоўскіх могілках з Таццянай Казак
Гэта самыя старажытныя могілкі Варшавы, дзе знайшлі спачын многія выдатныя творцы, яскравыя асобы, чый лёс быў таксама знітаваны з Беларуссю. Чыталі вершы ў Ноч расстраляных паэтаў. Цяпер у нас працуе выстаўка фотаздымкаў гарадзенскай фатографкі Наталлі Дораш «Карані». Гэты шчыры, шчымлівы праект прысвечаны беларускім вёсачкам. Можна ўзгадаць, у якіх хатах жылі нашы бабулі, як быў уладкаваны іх побыт.
Пра каву, якую прыемней піць з сяброўкамі
— Пасля жаночага марша ў Варшаве, што адбыўся ў гадавіну жаночага марша ў Мінску, мы вырашылі пайсці з удзельніцамі на каву. І апынулася, што ўсе вельмі хочуць размаўляць, знаёміцца, проста гутарыць пра нейкія штодзённыя справы.
Таму кожную суботу я запрашаю ўсіх ахвотных на каву. Без абранай тэмы, абавязкаў, так бы мовіць, «без гальштукаў». Часам прыйдзе адна дзяўчына, а часам назбіраецца дзясятак. Але кожны раз гэта незабыўныя моманты. Такое ўражанне, што размаўляеш напраўду з сяброўкамі, хоць большасць дзяўчат я звычайна бачу ўпершыню.
Майстар-клас для дзяўчын «Я адметная»
Ёсць ужо сталае кола людзей, што прыходзяць абавязкова, але ёсць і тыя, што баяцца далучацца да новай незнаёмай кампаніі. Адразу адзначу: страхі не апраўдваюцца, кожная наша сустрэча праходзіць выдатна.
Пра жаночую салідарнасць
— Я выдатна разумею, што людзі, якія былі вымушаны зʼехаць, карані пакінулі на радзіме а тут пакуль не абраслі сябрамі, знаёмымі, таму адчуваюць недахоп у камунікацыі. Так паўстала ідэя абʼяднаць менавіта жанчын, бо жаночая тэма для мяне асабіста заўжды была вельмі важная. У тэлеграме мы стварылі чат «Беларускі Варшавы», ён дапамагае вырашыць нейкія тэрміновыя побытавыя справы, можна параіцца, дзе лепш што набываць, да якога доктара запісацца. Але часам мы робім для дзяўчат адмысловыя сустрэчы, трэнінгі.
Офлайн сустрэчы дамапагаюць па-іншаму, яны спрыяюць супакаенню ці пашыраюць кругагляд. Напрыклад, нядаўна Уля Рымашэўская ладзіла трэнінг-расслабленне з тыбецкімі місамі, у нас была ароматэрапія, заняткі ёгай, мы рабілі лялек, плялі макраме і займаліся лепкай керамікі. Стараюся ангажаваць у гэтую справу беларусак. Бо сярод нас мноства жанчын з цікавымі хобі, уменнямі, якімі варта дзяліцца. Напэўна, перад Калядамі паўторым занятак па вырабе лялек, гэта магічны рытуал з вялікім патэнцыялам.
Ароматэрапія з Аннай Дрозд
Пра беларускую культурную экспансію
— Беларуская хваля стала бачнай, і гэта цудоўна. Я заўважаю, што мы, беларусы, тут, у Варшаве, абʼядналіся, адчулі сябе часткай аднаго цэлага і большасці людзей наша родная культура стала цікавай. Мы ж можам разам бавіць час па-рознаму, з рознай напоўненасцю. Беларуская імпрэза — гэта не абавязкова шэсце з бела-чырвона-белымі сцягамі, гэта можа быць выстаўка, канцэрт, дваравая вечарынка ці звычайная сустрэча за кавай. Беларускасць праяўляецца ва ўсім. Чым больш будзе пляцовак, чым больш людзей будзе ўцягнута ў гэтую справу — тым лепш. Мы захаваем агеньчык беларускасці ў сабе і зможам перадаць яго нашым дзецям.
Аліна Коўшык. Фота Юліі Шаблоўскай
Год таму мы паказалі ўсяму свету, наколькі крутыя беларусы, як якасна, як фантастычна, як годна мы можам пратэставаць і якія неверагодныя рэчы мы можам рабіць супольна. Я б вельмі хацела, каб мы захавалі гэты культурніцкі ўзровень, бо наша культура багатая, вартая ўвагі, яна ўпісваецца ў еўрапейскія тэндэнцыі.
І нам самім трэба таксама з годнасцю ставіцца да таго, што мы робім, не заніжаць сваю вартасць. Нам варта не пагаджацца на кепскія ўмовы, а імкнуцца вышэй. Я прыкладаю вялікія намаганні і пільную ўвагу да таго, каб кожны наш праект быў годны, каб за яго не было сорамна. Цяпер гэта вельмі важна.
Акцыя салідарнасці ў Варшаве
Пра ўступныя патрабаванні якасці
— Такога яшчэ не было, на шчасце, калі мы адмаўлялі творцам. Мы заўсёды знаходзім кампраміс. Калі самі не можам рэалізаваць праект — скіроўваем да іншых арганізацый, фондаў, стараемся дапамагчы. Заўсёды можна знайсці выйсце. Мы ж не музей сучаснай культуры, не мастацкая галерэя, мы пляцоўка, якая дае магчымасць беларусам рэалізоўваць свае розныя патрэбы. Культурніцкія ў тым ліку. Не наша задача быць цэнзарам. Калі мы робім выстаўкі ў нашым цэнтры, то гэта нейкія камерныя праекты. Але я мару пра выставу Уладзіміра Цэслера ў Нацыянальнай галерэі мастацтва Zachęta. Я лічу, што мы вартыя прадстаўляць нашу культуру на самым высокім узроўні. І сёння варта казаць пра тое, што ладзіць беларускія канцэрты трэба не толькі ў пабе, дзе ўсе пʼюць піва, а ў добрай зале. Можна зладзіць паказ кіно ў нас у цэнтры на праектары, а можна — дамаўляцца з кінатэатрам. Гэта ж іншы ўзровень! І мы гатовы з гэтым дапамагаць.
Дзякуючы ЦБС у Варшаве з'явілася развязка Вольнай Беларусі
Пра асабістае стаўленне і матывацыю
— Я заўсёды была ў беларускай тэме. Я ў Польшчы ўжо даўно, але заўсёды сябе адчувала часткай беларускага народа, заўсёды. Мы тое пакаленне, што вырасла яшчэ ў адносна свабоднай Беларусі, я памятаю іншыя падручнікі па гісторыі. Для мяне гэта вялікая каштоўнасць. Жыла ў Варшаве, бо так склаўся мой лёс, але ж ад самага пачатку працую на беларускім тэлеканале, і гэта быў мой свядомы выбар. Магла ўладкавацца ў нейкую польскую кампанію, але для мяне было вельмі важна працаваць для Беларусі і з беларусамі.
Цяпер такі перыяд, што ўсе мы павінны працаваць яшчэ больш, больш старацца. Мусім дапамагаць тым, хто застаецца ў Беларусі, і тым, хто сюды прыехаў. Самае важнае не тое, што мы робім, а тое, што ў людзей зʼявілася цікавасць да беларускай тэмы. Што яны хочуць удзельнічаць.
Раней такіх было мала. Беларусы цудоўна асіміляваліся ў розных краінах і вельмі хутка забываліся на тое, кім яны ёсць, суполкі суайчыннікаў за мяжой былі вельмі нешматлікімі. Цяпер жа беларусы абудзіліся не толькі ўнутры краіны, але і ва ўсім свеце.
Пра канкурэнцыю «за беларускую павестку»
— Важна, каб усё было, жыло, каб беларускае жыццё віравала. Тут ёсць мноства ўстаноў, фондаў, якія працуюць з беларусамі. Мы, безумоўна, розныя арганізацыі, кожны са сваёй спецыфікай, працуем па-рознаму і маем розныя мэты. Але мы не лічым астатніх канкурэнтамі. Чым больш добрых беларускіх ініцыятыў — тым лепей для ўсіх. Трэба, каб як мага большая колькасць беларусаў змагла ў іх удзельнічаць.
Аліна Коўшык. Фота Юліі Шаблоўскай
Пра пашырэнне даляглядаў і аўдыторыі
— Так, ёсць пэўнае кола людзей, якія ходзяць паўсюль. Ёсць тыя, хто выбірае для сябе пэўны кірунак і стараецца наведваць імпрэзы менавіта такога кшталту. На нашы сустрэчы за кавай прыходзяць абсалюта розныя людзі. Таму я і кажу заўсёды пра тое, што сустрэчы, імпрэзы трэба рабіць разнастайнымі, не засяроджвацца на чымсьці адным. У нас былі дыскусіі, дзе мы абмяркоўвалі выбары, а былі і сустрэчы з гісторыкамі, якія расказвалі, як правільна вывучаць уласны радавод. На адкрыццё фотавыстаўкі прыйшлі ўсе гарадзенцы, бо мы прадстаўлялі работы вядомай гарадзенскай фатографкі. Нельга зрабіць нешта адно, што будзе ўсім даспадобы. Мы стараемся быць адкрытай для ўсіх пляцоўкай і пашыраць кірункі сваёй працы. Нашая адзіная зброя — гэта салідарнасць!
Марына Весялуха, budzma.org
Фота з архіва ЦБС (акрамя пазначаных)