У варшаўскім Цэнтры Беларускай салідарнасці 25 лістапада адкрылася выстава фотамастачкі Наталлі Дораш. Здымкі зроблены цягам 2010–2020 гг. у ваколіцах Гродна.
Наталля Дораш не змагла прыехаць на вернісаж. Невялікую экскурсію па выставе правяла куратарка, рэдактарка партала hrodna.life Ірына Новік.
Ірына Новік
«Цяпер аккурат час гаварыць пра карані, пра глыбокае. Пра тое, што калі гэтыя карані ёсць, калі мы іх не цураемся, памятаем, трымаемся, то кветкі ад гэтых каранёў узыдуць і будуць цвісці. Спрадвечная вёска ўсё парадзіла, усіх вырасціла, усё перажыла, засталася ці стала нейкай іншай. Беларусы — гэта не толькі тыя, хто ўсталі летась і выйшлі на вуліцы, а і тыя людзі, якія жылі спрадвеку на гэтай зямлі, трывалі розныя ўлады, перамагалі ў войнах. Яны, беларусы, ёсць даўно і не выскачылі раптам летась на плошчы як чорт з табакеркі», — кажа Ірына.
Куратарка падкрэсліла ролю лакальнага патрыятызму ў фармаванні і падтрыманні нацыянальнай свядомасці беларусаў на эміграцыі. Марк Шагал кожнага, хто прыязджаў у Парыж, пытаўся «Ці Вы не з Віцебска?» Сёння таксама беларусу за мяжой прыемна не проста сустрэць іншага беларуса, а чалавека са сваёй малой Радзімы. Таму здымкі Наталлі Дораш з-пад Гродна выклікаюць моцныя пачуцці ў гарадзенцаў. Але выхадцы з іншых частак Беларусі, гледзячы на яе творы, узгадваюць уласныя вёскі, кажуць, што гэтаксама было, напрыклад, на Віцебшчыне. "Я важу Гародню па свеце, як вандроўная артыстка, і паказваю ўсім гарадзенскі спектакль",— дзеліцца ўражаннямі Ірына Новік.
На здымках Наталлі Дораш — сучаснае вясковае жыццё, як яно ёсць, без прыхарошвання, людзі амаль не пазіруюць, займаюцца звыклымі справамі. «Вось бабуля, мабыць, ішла рэзаць траву, узяла серп. Панамка на ёй, падобна, прывезеная з Польшчы. Як яна ішла, так Наталля яе і сфатаграфавала, — каментуе здымак Ірына Новік. — І такія звычайныя гісторыі можна дадумаць амаль для кожнага фота на выставе».
«А вось жанчына-гераіня вязе мужчыну, пэўна, мужа. Мо ён стаміўся? Ці што яшчэ стала? І мы разумеем гэту сітуацыю...» — працягвае Ірына.
«А пра гэты здымак мне Наталля рассказала рэальную гісторыю. Гаспадыня каточка памерла, яго забралі жыць у іншае месца, але ён усё адно прыходзіў у сваю старую хату. Такі дух гэтага дома», — гучыць расповед пра чарговы твор.
Акрамя пазнавальных побытавых сюжэтаў, на здымках Наталлі Дораш можна заўважыць этнаграфічныя дэталі, рэчы, аздобу хат, архітэктурныя дэталі, якія паступова знікаюць з сучаснага вясковага жыцця.
Наведвальнікі-палякі кажуць, што беларускія жывёлы на здымках Наталлі Дораш выглядаюць не так, як у Польшчы.
Вёска для Ірыны Новік — захавальніца беларускасці: «У савецкі час гараджане, напрыклад, дзеці вайскоўцаў, маглі напісаць заяву і не вучыць беларускую мову ў школе. А ў вяскоўцаў не было магчымасці не быць беларусамі. Іх спрадвечная песня — поле, грады, коні, каровы. Хочаш — не хочаш, а ты ўсё роўна беларус, жывеш у гэтым асяроддзі, прымаеш яго і неяк перажываеш».
Ірына Новік прывезла фотавыставу «Карані» ў Варшаву з Вільні. У польскай сталіцы творы Наталлі Дораш будуць экспанавацца да 10 снежня. Іх можна пабачыць у Цэнтры беларускай салідарнасці (вул. Oleandrów, 6) па будніх днях з 10 да 18 гадзін. Потым плануецца выстава ў Беластоку. Ірына таксама атрымала запрашэнне паказаць фотаздымкі ў Італіі.
Алена Ляшкевіч, budzma.org