Беларусы Беластока ствараюць нядзельную Школу беларускай традыцыі. Першы занятак адбудзецца ўжо ў бліжэйшую нядзелю, 19 верасня. Ініцыятар стварэння школы, валанцёр фонду «Беларусь 2020» Зміцер Косцін распавёў budzma.org пра тое, як з’явілася ідэя такой Школы і пра свой шлях да беларушчыны.
Сам я родам з Бабруйска, і мой шлях да беларусізацыі ішоў праз цікаўнасць да беларускай гісторыі. У Бабруйску беларускамоўнага асяроддзя не было, яно з’явілася пазней, калі вучыўся ў Менску. У гэтым жа асяроддзі я сустрэў сваю жонку, і ў 2008 годзе мы пераехалі ў Беласток, дзе мне прапанавалі працу журналіста на «Радыё Рацыя». Хаця мы і ў Беларусі размаўлялі між сабой па-беларуску, але сапраўдную, сямейную беларускамоўнасць спазналі тут, у Польшчы.
Зміцер Косцін з жонкай Юліяй і дзецьмі Кандратам і Міхалінай, Наваградак, ліпень 2019
У Польшчы калі 50 тысяч чалавек лічаць сябе беларусамі, нягледзячы на тое, што нарадзіліся тут, на Беласточчыне. Беларуская нацыянальная меншасць жыве даволі багатым жыццем: фестывалі, канцэрты, школьніцтва. І акурат праз тое, што мае дзеці пачалі вучыцца ў школе, дзе можна было вывучаць беларускую, сям’я ўлілася у нашую нацыянальную меншасць. Гэта шмат ў чым дапамагло захаваць беларускасць. Але, на маю думку, важнае не толькі асяроддзе. Мова і традыцыі сям’і — таксама вельмі істотны чыннік. Вельмі цешуся, што і мае дзеці, зараз ужо падлеткі, размаўляюць між сабой па-беларуску.
Сувязь з Беларуссю мы захоўвалі заўседы — там жывуць мае бацькі і бацькі жонкі, гэта нашая радзіма. Вялікі ўплыў на тое, што сувязь з Беларуссю не парываецца, адыгралі падзеі 2020 года. Яны сталі каталізатарам аб’яднання для дыяспары, можна сказаць, што тады дыяспара па-сапраўднаму нарадзілася.
Сусветны дзень Салідарнасці з Беларуссю, 06.02.2021
У дзень выбараў у Беластоку хацелі прагаласаваць каля дзвюх тысяч чалавек, але ў сувязі з абмежаваннямі, якія ўвялі беларускія дыпламаты, здолелі гэта зрабіць толькі прыблізна 600 чалавек. Ціханоўская ў Беластоку набрала 90% галасоў.
Ідэя стварэння такой школы з’явілася ў мяне з пачатку пратэстаў мінулага года. У Беластоку сталі з’яўляцца людзі, якія вымушаныя былі ўцякаць з Беларусі без нічога. Шмат у каго з іх ёсць дзеці — і хочацца, каб яны далучаліся да беларускай мовы і культуры, даведваліся пра беларускія рамёствы, то бок мелі сувязь з радзімай. І, канешне, інтэграваліся, выхоўваліся на беларускім грунце. У Беластоку яны вучацца ў розных школах — трэба, каб яны мелі агульную простору і месца прыцягнення, усведамлялі, хто яны, ведалі пра багацце нашай гісторыі і традыцыі. Дзеці — гэта нашая будучыня, і калі працаваць з імі з малых гадоў, то нітка паміж пакаленнямі не парвецца.
Нядзельная школа беларускай традыцыі — гэта шэсць майстар-класаў па розных рамёствах. Працавць з дзецьмі згадзіліся дзяўчаты з гайнаўскага фонду «Яны — гэта мы». Заняткі будуць праходзіць у нядзелю, бескаштоўна для удзельнікаў. На жаль, абмежаваная колькасць удзельнікаў — 15 чалавек. На кожны занятак трэба запісвацца асобна. Яны пройдуць у Цэнтры грамадскай актыўнасці ў Беластоку.
Будынак, дзе будуць праходзіць заняткі. Фота: cas.bialystok.pl
Узрост удзельнікаў — ад 6 да 12 гадоў. Першы занятак — 19 верасня. Мы не ствараем адразу беларускую школу — пакуль гэта толькі шэсць варштатаў. Трэба ацаніць, наколькі гэта будзе запатрабавана — і працягваць рабіць сваю справу, але мы верым, што запатрабаванне ў беларушчыне тут ёсць і будзе з часам узрастаць.
Фонд узнік ў выніку нашай, так бы мовіць, пратэстнай дзейнасці ў Беластоку. У канцы жніўня 2020 года ў Беластоку сталі з’яўляцца ўцекачы з Беларусі, якім была патрэбная дапамога. Тады ўзнікла ідэя пра арганізацыю, якая б дзейнічала на карысць гэтых людзей з Беларусі. Пачатак стварэння арганізацыі — верасень 2020 года. Яе ўзначаліла актывістка Марына Ляшчэўская. Галоўныя мэты — дапамога людзям і іх паступовая інтэграцыя ў новай для сябе супольнасці.
Арганізацыя цягам паўгода займалася шэлтарам у Беластоку. У кастрычніку, калі пачалі выключаць студэнтаў з беларускіх ВНУ за ўдзел ў пратэстах, фонд «Краіна для жыцця» звярнуўся да беларусаў Беластока з просьбай прыняць студэнтаў, якія пазней павінны трапіць на праграму Каліноўскага, і тады быў створаны дом часовага побыту для тых, хто ўцёк з Беларусі і не мае на першы час грошай, каб зняць жытло. Гэты шэлтар стаў вынікам дапамогі і супрацы беларусаў з розных краінаў свету.
Адкрыццё Шэлтара снежань 2020
Мы запісалі ролік на Кангрэс беларусаў свету з просьбай пра дапамогу ў арганізацыі шэлтара — і беларусы апынуліся неймавернымі! Як казаў светлай памяці Вітольд Ашурак: «Беларус Беларусу Беларус». Мы здолелі сабраць неабходную суму грошай і дапамагаць людзям, якія апынуліся ў цяжкім становішчы. Дом праіснаваў паўгады — за гэты час яго жыхары здолелі ўладкавацца, знайсці сабе працу і сталае жытло.
Акцыя да 100-годдзя Купалаўскага тэатру, верасень 2020
Зараз мы працягваем кансультаваць людзей, дапамагаць у пошуку працы, ладзіць культурныя і інтэграцыйныя мерапрыемствы.
Гутарыў Мікола Любанскі, budzma.org