І Ашмяны, і Жупраны – песняй у палон забраны!

5 снежня творчы дуэт у складзе спявачкі Таццяны Матафонавай і паэта Міхася Скоблы выступіў на Ашмяншчыне. Першая сустрэча прайшла ў Жупранскай сярэдняй школе імя Францішка Багушэвіча. Імя паэта-патрыярха яна носіць нездарма – у недалёкіх Кушлянах ён жыў (там цяпер дзейнічае музей), а ў Жупранах, на старых могілках – месца ягонага апошняга спачыну.

У сваім выступе Міхась Скобла расказаў пра сваё разуменне ролі тых творцаў, якія пракладаюць шлях, ідуць першымі: “Вы, жупранцы, шчаслівыя, бо знаходзіцеся пад абаронай Багушэвіча. Калісьці Рыгор Семашкевіч напісаў пра яго: “На ўсю Беларусь мільён пракурораў, і толькі Ён адзін – адвакат”. Багушэвіч быў адвакатам не толькі па прафесіі, але і паводле свайго прызначэння, паводле Божай задумы. Услухайцеся, як гучаць прозвішчы – Баг-ушэвіч, Баг-дановіч. У цяжкія для Беларусі часы Бог пасылае паэтаў-будзіцеляў, якія здольныя абудзіць народ, вывесці яго са стану нацыянальнага здранцвення. І ў 1840 г. Усявышні паслаў беларусам Багушэвіча – каб не ўмёрлі. І мы не ўмёрлі, не пакінуўшы мовы сваёй. Праз два пакаленні Бог паслаў вашаму апекуну пану Францішку на дапамогу Купалу з Коласам – з цэлым народам гутарку весці праз першую беларускую газету “Наша Ніва”. Наступным Божым пасланцом быў Максім Багдановіч, чыё прозвішча наўпрост паказвае, кім ён пасланы-дадзены”. Пачулі вучні і вершы Міхася Скоблы “Ноч у Кушлянах”, “Балада 1863 года”, “Балада пра паўстанца Янку Жмачынскага”.

У выкананні Таццяны Матафонавай гучала неўміручая песенная класіка – на вершы Я. Купалы, Я. Коласа, У. Дубоўкі, У. Караткевіча, Г. Бураўкіна. А праспяваная а капэла народная песня “Як служыў жа я у пана” выклікала ў дзяцей непадробнае захапленне як вакальнымі, так і артыкуляцыйнымі здольнасцямі спявачкі.

Другая сустрэча прайшла ў Ашмянскай гімназіі, у чыіх сценах Таццяна калісьці спазнавала школьную навуку. Таму спявала яна там з асаблівым натхненнем і эмацыйным уздымам. І вучні, і настаўнікі былі проста палоненыя песнямі ў выкананні сваёй зямлячкі. Юным ашмянцам таксама даспадобы прыйшоўся верш М. Скоблы “Нёман нябесны” – своеасаблівы дапаможнік па геаграфіі, дзе расказваецца, куды ўпадаюць усе найвялікшыя рэкі свету. На развітанне паэт жартам папярэдзіў вучняў, каб “на ўроках не адказвалі, што Нёман упадае ў неба, а то атрымаеце кепскую адзнаку. А мы з Таццянай жадаем вам толькі дзясятак!”. Вучні доўга не адпускалі сталічных гасцей і нават выказвалі пажаданне, каб тыя прыехалі да іх на Новы год – у ролях Дзеда Мароза і Снягуркі. Госці абяцалі падумаць.

Найбольш актыўныя ўдзельнікі сустрэчаў атрымалі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” памятныя сувеніры, у межах якой адбываліся імпрэзы.

Тэгі: