Мемарыяльная дошка ўсталяваная на вуглу дома № 1 па вуліцы Паўла Горына-Каляды. Яе адкрыццё прымеркавана да Дня дзяржаўных сімвалаў Беларусі. Беларускай мове на мемарыяльнай дошцы ў гонар беларускага навукоўца месца не знайшлося — надпісы выкананы толькі па-руску, піша «Наша Ніва».
Мемарыяльная дошка Паўлу Горыну-Калядзе ў Бярозе. Фота: BEREZA.BY
У 2000 годзе на будынку Інстытута гісторыі НАН Беларусі была ўстаноўлена іншая мемарыяльная дошка ў гонар другога прэзідэнта Беларускай акадэміі навук.
Павел Горын (сапраўднае прозвішча Каляда) нарадзіўся ў Бярозе-Картузскай у 1900 годзе. У час Першай сусветнай вайны быў у эвакуацыі. Вярнуўся на радзіму ў 1919 годзе, удзельнічаў у польска-савецкай вайне, быў камендант Пружанаў.
Павел Горын-Каляда побач з Якубам Коласам. Фота: Мінская праўда
Пасля вайны скончыў маскоўскі Камуністычны ўніверсітэт імя Я. М. Свярдлова, пазней — Інстытут чырвонай прафесуры. Працаваў рэдактарам савецкіх часопісаў, намеснікам дырэктара Інстытута гісторыі Камуністычнай акадэміі.
Адкрыццё мемарыяльнай дошкі Паўлу Горыну-Калядзе ў Бярозе. Фота: BEREZA.BY
Адкрыццё мемарыяльнай дошкі Паўлу Горыну-Калядзе ў Бярозе. Фота: BEREZA.BY
Пасля таго, як Усевалад Ігнатоўскі быў зняты з пасады і скончыў жыццё самагубствам пасля аднаго з допытаў у АДПУ па сфальсіфікаванай справе «Саюза вызвалення Беларусі», у 1931 годзе Павел Горын быў выбраны новым прэзідэнтам Беларускай акадэміі навук. Пры ім акадэмія была рэарганізавана, пачала стварацца сістэма падрыхтоўкі навуковых кадраў — інстытут аспірантуры і дактарантура.
У 1931-1936 гг. Горын з’яўляўся членам ЦК КП(б)Б і кандыдатам у члены яго Бюро, а таксама членам ЦВК і Прэзідыума ЦВК Беларускай ССР.
У 1936 годзе быў пераведзены ў Маскву, загадчык кафедры гісторыі СССР МДУ, рэдагаваў таксама аддзел гісторыі Вялікай Савецкай Энцыклапедыі.
У жніўні 1937 года арыштаваны НКУС і прыгавораны да расстрэлу за «ўдзел у контррэвалюцыйнай тэрарыстычнай арганізацыі». Прысуд выкананы на маскоўскім палігоне «Камунарка». Рэабілітаваны быў у 1955 годзе.