Мы паразмаўлялі з моладдзю, якой дома не сядзіцца, і паспрабавалі разабрацца, ці гуртуюцца беларусы за мяжой і ці падтрымліваюць сувязь з прадстаўнікамі папярэдняй хвалі эміграцыі.
Вольга Ермалаева-Франко, 28 гадоў, студэнтка Федэральнага ўніверсітэта штата Баія
Салвадор, Бразілія
Я жыву тут амаль 6 гадоў. Да гэтага вучыла партугальскую, чытала Жоржы Амаду і закахалася ў штат Баія, баіянскую кухню, традыцыі і прыехала на стажыроўку па культурным праекце. З будучым мужам Патэрсанам мы пазнаёміліся на мой другі тут дзень, неяк так і закруцілася хутка. Застацца ў Салвадоры было нашым узаемным рашэннем.
Да нас часам прыязджаюць беларускія госці, звычайна тыя, хто звязаны з Бразіліяй, мае прафесійны інтарэс ці з нейкіх асабістых прычынаў. Каб хтосьці стала жыў у Салвадоры, пры тым, што гэта трохмільённы горад,— я не ведаю нікога.
Калі я прыехала сюды, то пачала шукаць беларускія суполкі і не знайшла. Ездзіла ў консульства Рэспублікі Беларусь у Рыа-дэ-Жанэйра, калі мяняла пашпарт, пыталася, дзе тут ёсць беларусы. Аказалася сумна з гэтай справай. У Бразіліі апошняя хваля эмігрантаў была пасля Другой сусветнай вайны. Эмігравалі і выхадцы з Беларусі. Сярод іх было шмат габрэяў, якія беглі ад рэвалюцый, пагромаў, Халакосту (гэта ўвогуле тычыцца ўсёй першай паловы XX ст.), але ў іх, вядома, ідэнтычнасць больш з габрэйскай культурай звязаная, чым з беларускай. Можа быць, праз гэта гадоў пяцьдзясят таму ў Бразіліі, у тым ліку і ў Салвадоры, былі носьбіты ідышу, нават быў тэатр на ідышы, але цяпер ад яго нічога не засталося. Старое пакаленне сышло, а маладое не падтрымала традыцый. Хаця ў мяне адна знаёмая ездзіла летась у Беларусь, бо яе бацька нарадзіўся ў 1912 годзе ў Мінску ў сям’і літоўскіх габрэяў, але ў 1917 годзе яны пераехалі ў Каўнас. І прозвішча ў яе Zalcbergas: літоўскае “as”, далучанае да габрэйскага Zalcberg. Але дзе шукаць старое пакаленне беларускіх эмігрантаў — невядома.
Я ў нейкай працы пра эміграцыю ў Лацінскай Амерыцы знайшла факт, што ў Бразіліі былі спробы недзе ў 70-я гады зладзіць беларуска-ўкраінскую суполку, але яна хутка развалілася. На сёння я не магу знайсці ў ФБ нават суполку беларусаў Бразіліі.
Я ведаю тут пару чалавек беларусаў, але яны ўсе паасобку — хтосьці замуж выйшаў, хтосьці пераехаў, мы камунікуем, але няма як сустрэцца — Бразілія вялікая, мы ўсе ў розных штатах. Ад амбасады я чула, што дзесьці ў Манаўсе, штат Амазонас, ёсць цэлы натоўп беларусаў. Як іх адшукаць — не ведаю, але там нейкія беларускія музыкі граюць у аркестры ці спяваюць у хоры, пацягнуліся адно за адным. Яшчэ ёсць беларускі скульптар Юры Пятроў у Порту-Алегрэ. Пра яго адзінага напісана на сайце амбасады РБ у ФР Бразілія.
Дарэчы, у Бразіліі шмат украінцаў, асабліва на поўдні, бо ў той час у бразільскага ўрада, пасля адмены рабства, быў жудасны план — “выбеліць” мясцовае насельніцтва. Былыя рабы — іх проста выкінулі на вуліцы, а на фазэнды наймалі замежнікаў, якія беглі ад усялякіх войнаў у Еўропе — “яны ж белыя, прыгожанькія”. Тое ж і з італьянскімі эмігрантамі. Пра іх жа серыялы “O Reido Gado” (“Фатальная спадчына”) і “Esperança” (“Зямля любові, зямля надзеі”). Увогуле, таксама было шмат палякаў. А палякі ж хто ў міжваенны час? Гэта ж і мы, канечне.
А ўвогуле я закаханая ў бразільскую ўкраінскую дыяспару. Я вучуся ў магістратуры архітэктурнага факультэта, а бразільская архітэктура — салянка з культуры розных народаў. Па ўкраінскай тэме былі зробленыя вельмі класныя даследаванні на поўдні Бразіліі, дзе больш за ўсё ўкраінцаў. Іх продкаў-эмігрантаў сялілі ў лясах, і яны будавалі з хвойнага дрэва араўкарыі хаты, а таксама ўніяцкія цэрквы. Сярод іх былі сяляне, гараджане, людзі з адукацыяй і без, і яны ўзводзілі цэрквы па памяці. Столькі любові ўкладалі ў будаўніцтва, і гэта такая прыгажосць! Думаю: чаму мы ўвесь час партызанім, чаму ў нас няма такога?
А яшчэ ў мяне быў цікавы выпадак: я займалася троху гравюрай, і мой выкладчык, Эвандру Сібіне, распавядаў, што частка яго продкаў — з Літвы, а частка — з Эстоніі, і яны лічылі сябе расійцамі. Ён прыносіў старыя паштоўкі на рускай, якімі ягоныя бацькі перапісваліся з нейкімі сябрамі адсюль. Я яму паперакладала і зразумела, што Sybine (партугальскае напісанне) — гэта Зыбін. Проста яго дзед эміграваў праз Францыю, і яго прозвішча запісалі на французскі манер. Дык вось, гэты Зыбін кажа, што пакаленне яго родзічаў, якія эмігравалі, выкарыстоўвалі літоўскую і рускую як сакрэтныя мовы, каб дзеці не разумелі, пра што яны гавораць. А з дзецьмі ўжо размаўлялі па-партугальску. Роўна як і мая знаёмая, тая, што ездзіла ў Мінск, не ведае ні ідышу, ні рускай. Думаю, з беларусамі тая ж сітуацыя. Да ўсяго, эмігранты вельмі не любяць распавядаць пра тое, што было, бо гэта заўсёды траўма.
А яшчэ чула, што ў Бразіліі ёсць расійскія стараверы — цэлыя вёскі окаюць, і ходзяць яны як на фотаздымках Пракудзіна-Горскага: дзяўчаты — з косамі і ў хустачках, мужыкі — з бародамі, карацей, традыцыйны лад жыцця, а маладое пакаленне выхоўваецца па-руску.
Фотаздымак з архіву Вольгі Ермалаевай-Франко
Віталь Быль, 28 гадоў, гісторык
Грайфсвальд, Германія
Я ў Германіі апынуўся ў невялікім ганзейскім універсітэцкім гарадку Грайфсвальд, я дактарант мясцовага ўніверсітэта. Для Беларусі я ўжо стары як аспірант, а тут, наадварот, самы малады. Пішу дысертацыю пра нашых вядзьмарак беларускіх. Мне здаецца, я тут ужо вельмі даўно, але насамрэч года паўтара, а ўсяго мне вучыцца два. Па факце я навучэнец, хаця таксама і навуковы супрацоўнік. Працую ў складзе міждысцыплінарнай англамоўнай групы, дзе ёсць дактаранты з літаратуразнаўства, гісторыі, паліталогіі. Вывучаем з розных бакоў Балтыйскае памежжа.
З 50 тыс. насельніцтва Грайфсвальда я асабіста ведаю беларусаў дзве сям’і — маю і дзяўчыны з папярэдняга набору, таму тут у нас асаблівага асяродку беларускага замежжа не атрымліваецца. Хаця да мяне часам даходзяць чуткі, што кудысьці да кагосьці на кароткі тэрмін прыехаў нехта з Беларусі. Неяк сюды валанцёрыць прыязджаў Андрусь Крэчка, былы старшыня арганізацыі “Моладзь БНФ” — ён і лекцыю, і паказ фільмаў для немцаў зладзіў, з намі гуртаваўся. Але наколькі я ведаю, у Германіі беларускі рух увогуле не надта актыўны. Я шукаў суполкі ў інтэрнэце і нічога не знайшоў. Можа, дзесьці ёсць беларусы Нямеччыны (Берліна), але яны так шыфруюцца, што я іх яшчэ не выявіў. Хаця, вядома, рускамоўныя беларусы гуртуюцца з іншымі рускамоўнымі, тут вельмі актыўнае рускамоўнае жыццё. Я не планаваў увогуле ні з кім з іх зносіцца, але мясцовыя арганізоўваюць нейкія курсы для ўкраінскіх бежанцаў, куды, праўда, у выніку ходзяць розныя рускамоўныя добрыя людзі. Я з імі ў “Што? Дзе? Калі?” гуляю. У Германіі наогул гэтая гульня распаўсюджаная. Тут яе ладзіць адзін рускамоўны татарын з Узбекістана. Таму людзі тут гуртуюцца хутчэй па асабістым прынцыпе, калі разам цікава ці нейкая агульная карысная справа. Па моўным прынцыпе гуртавацца ўласціва беларускім жонкам немцаў, якія папрыязджалі, а мову не вывучылі яшчэ. Дый агулам, каб нейкія іншыя народы актыўна нешта ладзілі — я такіх суполак не заўважаю. Па Беларусі я не сумую, бо не адчуваю сябе вельмі адарваным ці эмігрантам. У мяне акадэмічная мабільнасць, якая, у прынцыпе, была ўласцівая навукоўцам заўсёды, нават у часы Скарыны. Дзякуючы тэхналогіям я кожныя тры месяцы аказваюся ў Беларусі, вылоўліваю знаёмых, і часам выходзіць, што я бачу сваіх сяброў з Малінаўкі і Серабранкі часцей, чым яны адно аднаго. Дый інтэрнэт — пачынаю раніцу з кавы і “Нашай нівы” ці “Будзьмы”, па фрэндстужцы сачу за апошнімі інтэрнэт-срачамі і скандаламі, таму не адчуваю сябе адарваным. Магчыма, у гэтым і ёсць адна з прычынаў, чаму не трэба шукаць, з кім гуртавацца — усе мае беларусы побач дзякуючы інтэрнэт-рэсурсам.
Фотаздымак з архіву Віталя Быля
Алеся Птушка, 27 гадоў, журналістка
Варшава, Польшча
Тры гады я жыла ў Варшаве. Першыя два вучылася ў магістратуры Варшаўскага ўніверсітэта, апошні працавала. У мяне была такая сітуацыя: я прыехала і паступіла на стыпендыю, прызначаную для выхадцаў з былых камуністычных краін: СНД, Балканаў і г.д., і на курсе ў мяне ўжо былі беларусы. Нейкі час мне спатрэбіўся, каб разабрацца з дакументамі, вырашыць бытавыя пытанні, таму спачатку я кантачыла толькі з аднакурснікамі. Беларусаў нас было чалавек сем, мы ў пэўным сэнсе трымаліся разам. Хтосьці ўжо раней жыў у Польшчы, вучыў: “Сюды хадзі, сюды — не, у гэтым банку рабі картку” і г.д. А вось што тычыцца дыяспары — калі я ўжо асвоілася, я залезла ў ФБ, у суполкі кшталту “Беларусы Варшавы (Польшчы, Кракава)”, знайшла Беларускі Дом у Варшаве. Калі мне вылазілі ўсякія падзеі на ФБ, я спачатку ставілася да іх з імпэтам — беларусы збіраюцца ў Варшаве, зараз я з кім-небудзь пазнаёмлюся! І першы раз я так пайшла, калі на Дзяды Зянон Пазняк вадзіў экскурсію па Паванзкоўскіх могілках. Я дагэтуль Пазняка жыўцом не бачыла, мне было само па сабе гэта цікава. Ну і беларусы, старажытныя могілкі, сама атмасфера, Дзяды. Я такая ўся прыйшла, стужачак наляпіла на валасы бел-чырвона-белых — беларусачка, усё такое. Аля бяда ўсіх беларусаў, у тым ліку і мая, — камунікацыя. У нейкім сэнсе сустрэча мяне расчаравала — я нікога там не ведала, была адна, а на месца збору ўсе прыходзілі кучкамі, парачкамі. Мы павіталіся, а далей хадзілі паасобку, бо я не наважвалася падысці пазнаёміцца, а ім было і так добра. У выніку я не завязала ніякіх кантактаў. Пасля, калі я пачала хадзіць на нейкія мерапрыемствы Беларускага Дому — там рэгулярна паказы фільмаў, прэзентацыі кніжак беларускіх аўтараў, прыязджаюць усякія Вайцюшкевічы, Вольскія, — я заўважыла, што тэндэнцыя тая ж самая, што ў Беларусі: ты прыходзіш на імпрэзу і загадзя ведаеш, хто там будзе. Ты не ведаеш людзей асабіста, але візуальна адзначаеш: вось гэты чувак, да яго зараз дзяўчынка падыдзе, такая блондачка з доўгімі валасамі, і інш. Зрэдку з’яўляюцца нейкія новыя людзі, але ў асноўным, мне падалося, свая, але закрытая тусовачка. У мяне, можа, мэты асабліва і не было з усімі перазнаёміцца, але з іх боку ніякай ініцыятывы я таксама не заўважала. Проста я бачыла, як кантачаць прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў — яны неяк больш адкрытыя ці што. Тыя ж украінцы ці сербы. Хаця сярод беларусаў, з якімі я пазнаёмілася ў Варшаве, вельмі рознае было стаўленне да таго, ці трэба ўвогуле падтрымліваць сувязь з Радзімай. Многія ўспрымалі свой ад’езд за мяжу як “у мяне тут новае жыццё, а што там робіцца ў Беларусі — ня важна”. І было цікава назіраць, як некаторыя беларусы вельмі ангажуюцца ў тое, што робіцца ў Польшчы. Пачаліся парламенцкія выбары, прэзідэнцкія, страйкі “за” і “супраць” — у гэтым яны ўдзельнічаюць. То бок калі ў Беларусі былі нейкія такія падзеі — яны пра іх два словы скажуць — і ўсё. А з іншага боку, мо калі яны выходзяць у Польшчы — гэта такая беларуская магчымасць выйсці, прайсціся і вярнуцца дамоў. Я не кажу, што гэта кепска ці добра, але для мяне асабіста дзіўна. Я таксама жыла ў Польшчы падчас прэзідэнцкіх выбараў, зайздросціла, што мае знаёмыя з Польшчы настолькі адкрыта гавораць пра ўсё. Я мімаволі была заангажаваная, але ну як бы Дуда не тычыцца мяне непасрэдна, толькі на час майго пражывання ў Польшчы. Але, магчыма, іншыя плануюць жыць тут і далей, таму ім няважна, што робіцца ў Беларусі, бо сюды вяртацца не збіраюцца.
Фота: Настасся Роўда
Насця Сергіеня, 27 гадоў, студэнтка New York University
Нью-Ёрк, ЗША
Я жыву ў ЗША паўтара года. Да гэтага тры гады правяла ў Лондане. Год я тут працавала вельмі шмат афіцыянткай у кафэшках, збірала грошы, каб мець магчымасць вучыцца. Цяпер я студэнтка New York University — гэта найлепшы ўніверсітэт Нью-Ёрка, які ўваходзіць у топ-5 універсітэтаў Амерыкі. Я вучуся на рэжысёра. На дадзены момант вучоба ў мяне прыпынілася — перанесла наступны курс на наступны год. Шукаю працу ў сферы filmmaking. Гэта вельмі складана. Добра, што ў мяне з’явілася шмат амерыканскіх знаёмых з гэтай сферы — яны мне дапамагаюць пастаянна, бо тут нават на самую нізкую пазіцыю складана трапіць. Вялікая канкурэнцыя — працы няшмат, а плацяць добра.
У Беларусі я яшчэ ні разу не была, хаця з Лондана лётала кожныя паўгода. Чакаю дакументаў, каб можна было выязджаць. Я сумую, канечне, па Беларусі — калі б была магчымасць, дадому як мінімум на лета прыляцела б. Але ўвогуле ў эмігрантаў такая сітуацыя: ты доўга і на Радзіме не можаш знаходзіцца, і без яе.
У Нью-Ёрку ёсць вялікая суполка, якая збірае ў сябе ўсіх беларусаў у ЗША — “Беларусы ў ЗША. Разам лягчэй”, там нас больш за дзве тысячы. Арганізатары групы ладзяць розныя мерапрыемствы, перыядычна збіраемся. Вось Лявон Вольскі прыязджаў выступаць. “Беларусы ў ЗША” — нашыя аднагодкі, а ёсць такое беларуска-амерыканскае згуртаванне “Пагоня”, там старэйшае пакаленне, яны таксама дапамагаюць эмігрантам. У іх сходы кожны месяц, таксама яны ладзяць сустрэчы з мастакамі, фатографамі, пісьменнікамі. І ёсць яшчэ самая старая беларуская арганізацыя ў ЗША — Беларуска-амерыканскае задзіночанне (БАЗА).
Нехта асобныя ініцыятывы робіць. Купалле вось ездзілі святкавалі, у нацыянальных касцюмах, з народнымі скокамі, песнямі. Ёсць хлопчык, які ўсіх перыядычна ў бары збірае — проста так выпіць, паразмаўляць, патусавацца.
Я сама збіраю беларускі кінаклуб у Нью-Ёрку — KINOVINO. Раблю падзею ў сацсетцы, запрашаю ўсіх. Я знайшла бар, якому мы робім выручку набытай выпіўкай, таму збіраемся бясплатна. Я старалася паказваць беларускія фільмы, пасля мы яшчэ з Андрэем Кімам пачалі супрацоўнічаць, з яго суполкай “Кінаконг” — глядзець замежныя фільмы з беларускім перакладам. Было паказаў пяць — я раз на месяц рабіла, цяпер канікулы. Глядзелі “Дзікае паляванне караля Стаха”, “Жыве Беларусь!”, “Анастасію Слуцкую”, “Таямніцы Келза” і інш. Прыходзіць звычайна да дваццаці чалавек. Мы ладзім клуб у панядзелак альбо аўторак увечары, таму не ва ўсіх атрымліваецца прыехаць пасля працы. Але мне падабаецца: няма балагану, бо мы пасля глядзім, абмяркоўваем. Для мяне гэты кінаклуб у першую чаргу — сацыялізацыя, выплеск энергіі. Я чалавек вельмі сацыяльны, люблю знаёміцца, магчыма, ува мне лідарская пазіцыя праяўляецца. А яшчэ прыемна рабіць штосьці карыснае і дапамагаць.
Увогуле, хлопцы і дзяўчаты, якія арганізавалі суполку “Беларусы ЗША”, робяць велічэзныя замовы ў Symbal.by. Пасля ў вышыванках усе ходзяць. У прынцыпе, адсюль купіць майку за 5-10 даляраў нічога не каштуе, а ў Беларусі гэта вялікія грошы. Ну і ўвогуле, нейкія беларускія праекты падтрымліваюць, робяць рэпосты ў суполцы. Ды і інфармацыя з дапамогай у нас тут распаўсюджваецца — людзі больш даведваюцца пра Беларусь, беларускія праблемы.
Фота: Валеры Руднеў
Генадзь Агафонаў, 34 гады, агент па нерухомасці
Санкт-Пецярбург, Расія
Больш чым 4 гады таму прыехаў сюды ў сямейную эміграцыю, бо пазнаёміўся з расійскай паненкай. Беларусы ў Пецярбургу прысутнічаюць, але гуртавацца асабліва не імкнуцца. Бо занятыя кожны сваімі справамі, сваімі цікавасцямі і закалотамі. Але спробы былі: калі я прыехаў — быў клуб беларусаў, які ўжо тады раз’ядалі супярэчнасці і розныя погляды. У мяне як новага сябра згуртавання быў імпэт і жаданне нешта рабіць і рухацца наперад.
Мы адрадзілі літургію на беларускай мове ў касцёле, ладзілі свае экскурсіі, сустрэчы ў нашым таемным месцы — Склепе, дзе я праводзіў моўныя заняткі, карыстаючыся парталам “Мова Нанова”, расказваў пра родны горад, рыхтаваў тэматычныя спатканні. Беларускае згуртаванне неяк трывала, хоць і не пашыралася. Дзейнічала свая суполка ў фб “Беларуская Гаспода ў Пецярбургу”. Але потым наш айцец Кірыл Міронаў паехаў у Рым, Склеп перарабілі ва ўніяцкую капліцу, у мяне нарадзіўся сын, і працягваць сустрэчы стала праблематычна. Ізноў запанаваў штыль. На сёння ёсць нейкая купка суродзічаў, якія ў найлепшым выпадку некалькі разоў на год сустракаюцца.
Але сувязь пакаленняў, з папярэдняй хваляй эміграцыі, захоўваецца. Старэйшае згуртаванне раз-два на год робіць у бібліятэцы святочныя вечарыны, напрыклад, на Дзень Волі, куды запрашаюць і маладзейшых прадстаўнікоў эміграцыі. Там нейкія выступы, віншаванні, банкет. Часам расказваюць пра свае былыя заслугі і дасягненні.
Яшчэ бяда ў тым, што мала хто размаўляе па-беларуску. А калі так — то чым мы адрозніваемся ад расійцаў, якіх і так шмат навокал? Іншая бяда — расколы, як са старэйшым пакаленнем, так і ўнутры — пошук сэксотаў, падазрэнні, падзел сфераў уплыву і ўлады. Трэцяя бяда — пасіўнасць. Падавай нам усё новенькае і цікавенькае, але я ж і пальцам не паварушу, каб чагось дасягнуць. Чацвёртая бяда, якая паставіла кропку, — мы пазбавіліся нашага ўлюбёнага Склепа, дзе была сякая-такая апаратура і камфортныя ўмовы. У нас нават свая кніжная палічка была, але ўсё пайшло ў друз. Пра рэшту беларусаў я хіба чую, калі слухаю крымінальную хроніку, калі небаракаў з Беларусі то забіваюць, то праз няшчасныя выпадкі яны самі пазбаўляюцца жыцця.
Увогуле, эміграцыя — неад’емны складнік любой дзяржавы, таму я б не казаў пра нейкую адасобленую частку, што можа прыносіць карысць ці шкоду. Я так мяркую: якая сённяшняя Беларусь, такая і эміграцыя, бо гэтыя людзі аднаго асяроддзя, адной культурнай спадчыны.
Фотаздымак з архіву Генадзя Агафонава
Адэля Дубавец, 32 гады, журналістка, перакладчыца, мама ў дэкрэце
Кіеў, Украіна
— Ці знайшла я ў замежжы свой асяродак, гэткую беларускую скарбонку, з якой праліваюцца песні Сокалава-Воюша і прабіваецца ў вонкавы свет пах драніка з кропам? Насамрэч большую частку свайго свядомага жыцця я жыву па-за Беларуссю, таму мне цяжка акрэсліць сябе як эмігранта, які чапляецца за любы настальгічны павеў, каб хоць на хвіліначку адчуць сябе дома. Я ўвесь час крыху па-за домам, нават калі ў Беларусі. Я вырасла ў Вільні, гэта былі 90-я, і вось дзе было сапраўднае беларускае жыццё, беларуская Вільня. У кожным раёне жылі нейкія беларусы, што былі нашымі сябрамі, у іх былі дзеці, з кімсьці я гуляла, кагосьці няньчыла. Гэта была нармальная свойская тусоўка. Дзеці ведалі, што ёсць Вітаўт, Гедымін, Міндоўг у Навагрудку — паралельна з літоўскімі назвамі і гісторыяй у школе мы вучылі сваю. Гэта быў такі рэнесанс, нашаніўская пара — 2, а мы былі яе малымі, што гуляюць у касмічны карабель пад сталамі, пакуль дарослыя за ім вядуць цягучыя размовы з тымі, хто ўвесь час прыязджаў з Беларусі, з Вялікай Зямлі. Хаця, відаць, Вялікая Зямля была тады ў нас. Невядома, куды гэта ўсё падзелася, змяніўся час, цяпер, паводле майго суб’ектыўнага адчування, у Вільні беларускага жыцця няма. Безумоўна, ёсць людзі, якія вакол сябе гуртуюць іншых, але іх зусім мала. Ёсць студэнты ЕГУ, былыя студэнты, тыя, хто курсуе па маршруце Мінск — Вільня ў спажывецкім імпульсе, але іх нават на вуліцы ніяк не вылучыш і не пазнаеш — ні па мове, ні па чым іншым. З 2010 года я пяць гадоў пражыла ў Варшаве. Там ёсць Беларускі Дом, некалькі працоўных асяроддзяў, гэта яднае людзей. Зразумела, што яднае ў першую чаргу патрэба неяк выжываць, карміцца і некуды выплюхваць свае прафесійныя амбіцыі. Пра нейкае магутнае асяроддзе, дзе цябе чакаюць і падтрымаюць свае толькі таму, што ты свой (як у іншых дыяспараў), тут казаць няма чаго. У польскае грамадства большасць інтэгруецца напалову, дзеці з садкоў і школаў прыносяць ужо польскую мову і культуру, але дарослыя часта цягнуцца да “сваіх” (беларусаў, расійцаў, украінцаў), са сваімі лягчэй, агульны менталітэт, агульная мова ва ўсіх сэнсах. Ужо другі год жыву ў Кіеве, сябрую з украінцамі — гэта зусім не складана, у нас шмат агульнага. У мяне ёсць беларуская сям’я, мае беларускія дзеці, сябры, што час ад часу прыязджаюць з Мінска — гэтага неяк хапае. Спецыяльна на тусоўкі беларускія я не хаджу, хаця чула (ад украінцаў), што час ад часу тут збіраюцца аматары беларускай мовы. Агулам жа з беларусамі я не знаёмлюся таму, што іх не чуваць, іх ніяк не ідэнтыфікуеш. Калі б тыя, што жывуць тут, або тыя, што прыязджаюць, размаўлялі па-беларуску, я б іх пазнавала і, мабыць, адразу б кідалася знаёміцца і арандаваць кавярні і залы для супольных вечароў і пабудоваў планаў шчаслівай будучыні. Саму мяне лёгка ідэнтыфікаваць у любым кутку свету, але, па шчырасці, мала хто кідаецца. Толькі аднойчы чалавек, пачуўшы беларускую, прыбег радасны: “Свае! Свае!”. Гэта было ў Ёдкранце, на Куршскай касе.
Фотаздымак з архіву Адэлі Дубавец
Аляксандра Дварэцкая, budzma.org
Публікацыя зроблена ў межах ініцыятывы “Грамадскі ўдзел”, якая аб’ядноўвае розныя арганізацыі дзеля пашырэння грамадскай актыўнасці і развіцця грамадзянскай супольнасці.