Змагаўся за свабоду Украіны дзеля будучыні Беларусі. У памяць пра беларускага патрыёта Міраслава Лазоўскага

Міраслаў Лазоўскі (пазыўны «Мыш») загінуў 16 траўня 2023 года ў баі ў Бахмуце. Міраслаў кіраваў эвакуацыяй параненых байцоў, прыкрываў іх, выносіў зброю. Вядома, што ён ішоў апошнім у групе і зусім троху не дайшоў да камандна-назіральнага пункту. Міраслаў змагаўся за свабоду Украіны дзеля будучыні Беларусі, бясьпекі й міру ва ўсім нашым рэгіёне, піша radabnr.org.


7.jpg Першы з 1952 году кавалер Ордэну Жалезнага рыцара, беларускі патрыёт, грамадзкі дзеяч, ваяр, добраахвотнік Палку імя Каліноўскага.

Міраслаў Уладзімеравіч Лазоўскі нарадзіўся 10 ліпеня 1973 годзе ў Менску. Ягоная маці родам са Слуцка, бацька — з-пад Магілёва. Міраслаў атрымаў інжынэрную адукацыю ў Беларускай дзяржаўнай палітэхнічнай акадэміі.

Miraslaŭ Lazoŭski
Міраслаў Лазоўскі

Зь дзяцінства Міраслаў шмат чытаў і цікавіўся гісторыяй, у прыватнасьці вайсковай, захапляўся напалеонікай. Маючы мастацкія таленты, маляваў на гістарычную тэматыку, адліваў фігуркі воінаў з олава, рабіў карыкатуры і шаржы для газэты «Свабода», аднаго з гарлоўных беларускіх недзяржаўных выданьняў у дзевяностыя гады.

Miraslaŭ Lazoŭski
Міраслаў Лазоўскі

Праз сваю зацікаўленасьць гісторыяй Лазоўскі ў пачатку 90-х гадоў далучыўся да беларускага патрыятычнага руху. У 1995 г. ён увайшоў у Беларускае згуртаваньне вайскоўцаў. З моладзевага крыла Згуртаваньня з часам паўстала арганізацыя «Белы легіён», якая займалася выхаваньнем моладзі ў спартовым і патрыятычным духу. Сярод іншага, яе чальцы таксама ахоўвалі дэманстрацыі дэмакратычнай апазыцыі з часоў прыходу да ўлады Лукашэнкі. Пазьней арганізацыя была забароненая рэжымам.

Дасьведчанасьць, высокая дысцыплінаванасьць, камунікабэльнасьць і лідэрскія якасьці зрабілі Міраслава ня толькі адным зь лідараў «Белага легіёну», але і «бацькам» для шматлікіх хлопцаў, якія траплялі ў арганізацыю. Міраслаў, Мірык — як звалі яго блізкія і паплечнікі — усе свае сілы й час аддаваў вайскова-патрыятычнаму выхаваньню беларускай моладзі. Вучыў гісторыі Беларусі, выхоўваў моладзь патрыётамі, фізычна і псыхалягічна здольнымі бараніць сваю Радзіму.

Miraslaŭ Lazoŭski
П
апяровая армія дакладна прамаляваных салдацікаў часоў Антычнасці, што рабілі Міраслаў Лазоўскі з сябрам у дзяцінстве

Неаднойчы Міраслаў за сваю дзейнасьць быў перасьледаваны ўладамі. Яго затрымлівалі на мітынгах, арыштоўвалі. У сакавіку 2000 года Міраслаў быў першым асуджаным паводле незаконнага артыкулу 167.10 КаАП Беларусі («дзейнасьць ад імя незарэгістраваных ці не перарэгістраваных палітычных партыяў, прафэсійных саюзаў ці іншых грамадзкіх аб’яднаньняў»). У 2008 годзе на яго спрабавалі ўскласьці адказнасьць за выбухі ў Менску падчас канцэрту з удзелам Лукашэнкі. У 2017 годзе супраць яго і былых чальцоў «Белага легіёну» КДБ сфабрыкаваў справу нібыта за спробу дзяржаўнага перавароту («Справа патрыётаў»), але яна таксама рассыпалася праз адустнасьць доказаў і шырокі грамадзкі розгалас.

Будучы па сваёй натуры сьціплым чалавекам, Міраслаў ніколі не выносіў на публіку свае дасягненьні, не паведамляў пра ціск, рэпрэсіі ці пагрозы ў свой адрас. Справу свайго жыцьця — пабудову незалежнай свабоднай Беларусі — ён заўжды рабіў спакойна і абачліва, не прыцягваючы да сябе залішняй увагі.

Чытайце яшчэ: Міраслаў Лазоўскі: Беларуская нацыя можа сфармавацца адно на падставе шырокай культурніцкай працы

Маючы энцыкляпэдычныя веды па вайсковай гісторыі Беларусі і Вялікага княства Літоўскага, Міраслаў Лазоўскі бескаштоўна кансультаваў гісторыкаў і музэйных экспэртаў (у тым ліку з Нацыянальнага гістарычнага музею Беларусі) адносна выставаў і асобных прадметаў. За свае грошы ён набываў гістарычныя артэфакты і перадаваў іх у музэі, бо быў перакананы, што падобныя рэліквіі маюць належаць усёй нацыі, выхоўваць і фармаваць яе.

Кожнае лета Міраслаў ўдзельнічаў у археалягічных экспэдыцыях, у летніках па прыборцы колішніх шляхецкіх маёнткаў. Ён быў адным са стваральнікаў кніжнай сэрыі «Беларусь у войнах», прысьвечанай айчыннай вайсковай гісторыі. Першая кніга гэтай сэрыі была прысьвечаная вызвольнаму Паўстаньню 1863 года. Займаўся гістарычным фэхтаваньнем і гістарычнай рэканструкцыяй эпохі Вялікага княства Літоўскага 16-17 стст.

Да 2020 году г. Міраслаў актыўна супрацоўнічаў са Згуртаваньнем беларусаў сьвету «Бацькаўшчына», дапамагаючы ў арганізацыі Зьездаў беларусаў сьвету, а таксама зь беларускімі пісьменьнікамі і гісторыкамі: працаваў кнігавыдаўцом, арганізоўваў кніжныя прэзэнтацыі па ўсёй Беларусі і за яе межамі, уласнаручна ілюстраваў кнігі. Заўжды рупіўся, каб беларускія выданьні даходзілі да чытача насуперак дзяржаўнай палітыцы татальнай русіфікацыі.

У 2021 годзе, з пачаткам буйнае хвалі палітычных рэпрэсій у Беларусі, Міраслаў быў вымушаны зьехаць з краіны, жыў ва Ўкраіне, пад Кіевам. Пасьля пачатку паўнамаштабовай вайны 24 лютага 2022 г. ён без ваганьняў далучыўся да супраціву расейскай агрэсіі. Загінуў героем.

Miraslaŭ Lazoŭski
Міраслаў Лазоўскі

Miraslaŭ Lazoŭski
Міраслаў Лазоўскі

Міраслаў Лазоўскі ўзнагароджаны:

Заахвочвальнай адзнакай Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны «За мужнасьць пры выкананьні спэцзаданьняў» (02.12.2022, № 2845)

Miraslaŭ Lazoŭski ŭznaharodžany zaachvočvaĺnaj adznakaj Haloŭnaha ŭpraŭliennia vyviedki Ministerstva abarony Ŭkrainy “Za mužnasć pry vykananni spieczadanniaŭ” (02.12.2022, № 2845)

Мэдалём Беларускай Народнай Рэспублікі за баявыя заслугі (09.03.2023, № 004)

Ордэнам «За мужнасьць ІІІ ступені» (указ Прэзыэнта Ўкраіны ад 14.06.2023, № 387165), пасьмяротна

Мэдалём «Гонар і Годнасьць» Аб’яднанага пераходнага кабінэту Беларусі (09.06.2023, № 1), пасьмяротна

Miraslaŭ Lazoŭski ŭznaharodžany Miedaliom “Honar i Hodnaść” Abjadnanaha pierachodnaha kabinietu Bielarusi (09.06.2023, № 1), paśmiarotna

Тытулам кавалера Ордэну Жалезнага рыцара (з кавалерскім крыжом) ад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (25.06.2023), пасьмяротна.

Для Міраслава Беларусь заўсёды была на першым месцы. Сёньня немагчыма вымерыць ягоны ўнёсак у беларускі нацыянальны рух: сваю справу ён рабіў грунтоўна, маштабна і непублічна.

Міраслаў Лазоўскі назаўжды застанецца эталёнам лідара, маральным аўтарытэтам, сымбалем супраціву і «Белага легіёну», надзейным сябрам, паплечнікам і настаўнікам.