«Адно назіранне не адпускае мяне ўжо даўно, але прамовіць яго атрымалася толькі цяпер. Ну, як прамовіць... Пра такое няёмка казаць. Асабліва, калі гаворка ідзе пра дапамогу, клопат і добрыя справы. Няёмка, але я паспрабую».
Марыя Грыц разважае пра такую з’яву, як інфляцыя ўдзячнасці. Што гэта такое, у чым небяспека і як яе пазбегнуць?
Марыя Грыц. Фота з асабістага архіва
Ёсць з’ява, якую я для сябе называю інфляцыяй удзячнасці. Яна выглядае прыкладна так: спачатку ты робіш нешта для іншага чалавека — і ён шчыра, эмацыйна, ажно да слёз удзячны. Другі раз — дзякуе спакайней. Трэці — проста прымае. Чацвёрты — ужо чакае. А пяты — крыўдзіцца, калі ты гэтага не робіш. Інфляцыя можа праходзіць і хутчэй, калі на другі раз чалавек ужо крыўдзіцца, што ты не робіш таго, што і не павінны/а.
Хаця ты нічога не абяцаеш, і гэта заўсёды быў твой выбар.
Праблема не ў канкрэтных людзях. Праблема ў тым, што мы вельмі хутка прывыкаем да добрага. Настолькі хутка, што не заўважаем, як яно перастае быць падарункам і становіцца абавязкам, а ў прымаючага боку ўзнікае адчуванне страты. Не адсутнасці, а менавіта страты. Хаця, па сутнасці, ніхто нічога не забраў.
І вось што для мяне асабліва важна: па маіх назіраннях, інфляцыя ўдзячнасці амаль не залежыць ад кантэксту. Ні ад таго, колькі часу чалавек правёў у вельмі цяжкіх абставінах. Ні ад даўжыні сяброўства. Ні ад таго, знаёмыя вы ці бачыцеся ўпершыню. Розніца ёсць толькі ў першай рэакцыі. Сябры звычайна больш стрыманыя на старце — бо сяброўства апрыёры прадугледжвае, што на цябе можна разлічваць. А вось незнаёмыя людзі часам рэагуюць вельмі эмацыйна: плачуць, абдымаюць, дзякуюць так, нібы адбылося нешта неймавернае. Бо яны зусім не чакалі дапамогі.
Але далей логіка амаль заўсёды аднолькавая. Незалежна ад таго, з чаго ўсё пачыналася, праз некаторы час дзеянне, зробленае з добрай ласкі, пачынае ўспрымацца як нешта, што «проста павінна быць». І ў гэты момант удзячнасць адступае перад чаканнем.
Марыя Грыц. Фота з асабістага архіва
Самы непрыемны момант у гэтай гісторыі — тое, што крыўда часта выглядае маральна апраўданай. Бо «ну як жа так, раней жа было». Гэта вельмі чалавечае «раней жа было» робіць з добраахвотных дзеянняў нешта накшталт падпіскі з аўтападаўжэннем.
Артыкулы па псіхалогіі даюць тлумачэнне праз звычку: маўляў, мозг намагаецца ўжываць менш паліва і максімальна камфортна існаваць, то і хуценька ўбудоўвае новыя рэсурсы ў штодзённасць. Як бы лагічна, але застаецца «але».
Небяспечная частка ў тым, што інфляцыя ўдзячнасці з’ядае не толькі тых, хто робіць. Яна з’ядае і тых, хто прывык прымаць. Бо ў нейкі момант замест «дзякуй» з’яўляецца «а чаму не?». Замест радасці — раздражненне. Замест сувязі — узаемныя прэтэнзіі.
Ёсць і другая пастка: калі чалавек, які шмат і доўга робіць для іншых, не заўважае, што ягоная дабрыня перастала быць выбарам і стала роллю. І тады спыніцца робіцца страшна: раптам разам з дзеяннем знікне і патрэбнасць, і сувязь, і сэнс.

Днямі я злавіла сябе акурат на тым, як гэтая логіка працуе з другога, прымаючага боку. Я летам распачала праект і набірала каманду. Адзін са знаёмых на старце быў настолькі захоплены падзеяй, што гатовы быў за ідэю зрабіць вялікі кавалак працы і пратэставаў, калі я настойвала на аплаце. Потым, пакуль было невядома, ці працягнецца праект напоўніцу, ён ласкава пагадзіўся за «дзякуй» рабіць маленечкі фрагмент. Цяпер у нас другі этап праекта і ён выставіў мне цэннік сваёй працы, вольныя дні і гд.
Гэта мяне пацешыла, што чалавек ведае сабе кошт, але і здзівіла адначасова. І тут я злавіла сябе на думцы, што чакала большай уключанасці, а атрымала райдар. А чаго гэта я прыдумала чакаць, калі праца мае быць аплочаная і чалавек мае вызначаны час на яе выкананне.
Тут важна сумленна прызнацца сабе: а з якога моманту добрая воля ў маёй галаве ператварылася ў чаканне? Мне здаецца, пра гэта трэба гаварыць без віны і без пафасу.
Інфляцыя ўдзячнасці — не пра нахабнасць, а пра прывыканне, нават калі і не маеш на думцы нічога кепскага. Але прывыканне — не падстава для патрабаванняў.
Магчыма, самы дарослы жэст тут — умець час ад часу вяртаць рэчам іх сапраўдныя назвы. Гэта не абавязак. Не гарантыя. Не павіннасць. Гэта жэст.
А другое — са старту абмежаваць другі бок у чаканнях: я магу прыняць вас да сябе толькі на месяц, я гатовая дапамагаць вам у сацыялізацыі, але з дакументамі — да кагосьці іншага, у мяне ёсць час у аўторак і чацвер — іншыя дні занятая і не змагу з вамі быць у кантакце.

О! Яшчэ ўдзячнасць — не тое, што ўзнікае аўтаматычна. Яе, як валюту, трэба падмацоўваць. Інакш яна абясцэньваецца. Бо калі мы перастаём заўважаць дабрыню — мы вельмі хутка пачынаем лічыць яе абавязковай. І тут салідарнасць здае пазіцыі спажыванню. Таму я мару ўсім сэрцам, што нашае слова года штогод будзе «дзякуй».
Марыя Грыц, малюнкі Андруся Такінданга, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org