Як нараджаецца магія? Не, не ўзмахам чароўнай палачкі. А мноствам маленькіх, але вельмі важных і мужных крокаў, што нясуць любоў і дабрыню. Пра гэтыя крокі і адчуванне цуду разважае Ганна Златкоўская.
Ганна Златкоўская. Фота з Фэйсбука Ганны Златкоўскай
Вельмі хочацца, як у дзяцінстве сустракаць Новы год альбо Каляды з унутраным пачуццем магіі. Я памятаю, як гэта было: рабіць выгляд, што спіш, але ўсё адно чакаеш Дзеда Мароза (прабачце, але ў маім дзяцінстве было менавіта так), так важна было злавіць яго ў момант, калі ён пакладзе падарунак пад ёлку. Я глядзела ў вокны з такой надзеяй! Кожны шолах быў быццам ягоны крок па небе, я затрымлівала дыханне, ён жа вось-вось апынецца на балконе, а пасля і ў пакоі каля ёлкі... Доўга чакала. Але заўсёды засынала...
Потым, нават даведаўшыся праўду, насуперак ёй верыла ў цуд. Ён складаўся з простага адчування — будзе лепей, будзе шчасце, збудуцца жаданні. А яшчэ я адчувала, што побач са мной ёсць нешта вялікае і прыгожае. Нехта. Яно сочыць за мной, яму важна, як я тут маюся. І ён ніколі не кіне мяне ў цяжкія часы. Мне было важна, што гэта было ў маім сэрцы.
Але аднойчы настаў перыяд, калі гэтае свята стала вельмі самотным. Мне хацелася сяброў побач, вясёлай кампаніі, кахання і іншых глупстваў маладосці, зразумелых і дарослым.
Памятаю, як раздражняла святочная мітусня: агеньчыкі, ялінкі, рэклама абавязковага шчасця. Горад быццам узарваўся нечаканай радасцю, калі на сэрцы была пустэча. Памятаю, як стаяла ля акна, слухала гук феерверкаў, як смяяліся госці суседзяў, не разумеючы, чаму ў мяне столькі сябровак, але ў тую самую Ноч ніхто не запрасіў мяне разам святкаваць, ды адмаўляліся прыехаць да мяне. Але калі ім была патрэбна мая падтрымка, маё ўменне слухаць і не асуджаць, яны былі тут як тут.
Тады я яшчэ не змагла прыняць, што сапраўдныя людзі ў жыцці заўсёды табе рады. Яны не юзаюць цябе дзеля выгады. Але гэта стане першым крокам да майстэрства патрохі развітвацца з тымі, хто не цэніць маё сяброўства.
Наколькі ты важны для сябе? Ці чуеш сапраўднага Бога? Бо менавіта ў такія часы ён гаворыць з табою, без абяцанак абавязковага шчасця, а з абяцаннем веры ў тое — што жыццё сваё ладзіш менавіта ты. Так, ён побач у цяжкія хвіліны, але чалавеку прасцей лаяцца на складаны лёс, чым бачыць у ім асабісты шлях маленькага героя.

Калі разумееш гэта, адразу адчуваеш, наколькі людзі насуперак бясконцых пражытых чорных хвілін, працягваюць верыць у цуд. І кожны агеньчык, кожная ёлка з гірляндай, пошук падарункаў для блізкіх, загадванне жаданняў ды іншыя забабоны — усё пра любоў да жыцця.
І ствараць любоў — гэта вельмі мужны і важны крок. На першы погляд падаецца, што гаворка ідзе пра нешта вялікае, але насамрэч, гэта заўсёды пра дробязі. Ды не толькі ў навагоднюю ноч ці на Каляды. Кожны дзень.
Мая бабуля насіла дома прыгожыя тэпцікі на невялікім абцасе, прыгожыя сукенкі і каралі. Малая я не разумела, навошта дома быць такой прыгажуняй? Зараз разумею.
Мая знаёмая вячэрае з абавязковым рытуалам: прыгожы посуд, прыгожыя сурвэткі. Ты быццам на важным мерапрыемстве, а не проста зайшоў у госці. Здавалася б, таксама — навошта старацца, мы ж не каралеўскай крыві! Тым больш, яна робіць так кожны вечар для сваёй сям’і, а не толькі для сяброў. Але гэта таксама пра любоў.

Прыкладаў маленькіх наіўных спраў, якія не змяняюць сусвет, але змяняюць нас саміх, вельмі шмат. Але самыя галоўныя праявы для мяне ўсё ж такі здараюцца менавіта на Каляды і Новы год.
І справа не ў рэлігіі. Справа ў тым, што пакуль людзі вераць у цуд, яны — людзі. Калі ладзіш нейкі рытуал, калі ўпрыгожваеш ёлку, шукаеш падарункі, глядзіш навагоднія стужкі з іх абавязковым хэпі-эндам, ты ўключаеш і ў сябе праграму дабрыні. Дорыш свету ўсмешку, жадаеш, каб благога навокал было як мага менш. Робіш нешта дзеля гэтага. Магія ствараецца проста — знешняя прыгажосць становіцца прыгажосцю ўнутранаю. Яна дачуваецца казытным пачуццем у грудзях, там, дзе сэрца альбо душа.
Так нараджаецца чараўніцтва.
Ганна Златкоўская, малюнкі Андруся Такінданга, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org