У выдавецтве «Логвінаў» выйшаў канцэптуальны альбом дызайнера Артура Вакарава «Тутэйшы дзэн». Кніга змяшчае кароткія вершы ў японскім стылі ад паэткі Сабіны Брыло і самога Артура Вакарава, паведамляе bellit.info.
«Тутэйшы дзэн. Словы вершаў Сабіны Брыло на дызайны словаў Артура Вакарава. Да сёння такая графічная эстэтыка была недасяжная аніводнай мове, акрамя японскай. Але ж беларуская — самая маляўнічая? Так. І гэты альбом — доказ. Разгадваць словы і сэнсы — цалкам эстэтскі дзэн. Гуляць, дык гуляць: вялікі фармат, шчыльная папера, дасканалы друк», — гаворыцца ў анатацыі на сайце выдавецтва Lohvinau. eu, дзе кнігу можа купіць.

Сам аўтар і дызайнер Артур Вакараў гэтак расказвае пра стварэнне кнігі:
— Наша мова, як і іншыя заходнія, алфавітная. Працэс чытання — гэта разкадаванне абсалютна нейтральных літар, якія, калі склаліся ў знаёмыя словы і сказы, набываюць сэнс і эмоцыю. З іерагліфічнымі па-іншаму: успрымаецца непасрэдна вобраз. Cвядомасць не «прамаўляе» словы, знак працуе наўпрост як вобразная адзінка. Таму кажуць, што іерогліфы — гэта больш семантычнае чытанне, а алфавіты — фанетычнае. Я не стараўся адпавядаць канонам класічнай японскай каліграфіі (гэтым і без мяне займаецца дастаткова шмат людзей). Ды і немагчыма дасканала перадаць нашу кірыліцу і лацінку праз наяўныя кампаненты іерагліфічнага пісьма. Я ўзяў агульны настрой: складанасць, графічнасць, разнастайнасць. Скарыстаў галоўны прынцып, што іерогліф — гэта карцінка з гісторыяй і эмоцыяй. Тое, што пры чытанні іерогліфаў вока чытача спыняецца, разглядае. Так, іерогліфы патрабуюць больш высілкаў для прачытання, але лепш запамінаюцца, як філасофскія сэнсы. Дзесьці бачыў трапную метафару, што алфавітнае чытанне — гэта маршрут па знаёмай вуліцы, а іерагліфічнае — павольны шпацыр па парку.

