Інстытут гісторыі і «чорныя капальнікі». Хто больш шкодны?

10.02.2025
У Акадэміі навук распавялі пра план барацьбы супраць чорных капальнікаў ажно да 2027 года. Гаворка пра забарону «металашукальнікаў» ды закрыццё сайтаў, дзе можна набыць гістарычныя артэфакты. Дапаможа?..

Maniety
Манеты. Фота ілюстратыўнае — з сацыяльных сетак


Шмат гадоў таму з нечым падобным ужо выступаў Ігар Марзалюк. Справа скончылася нічым: размовамі па тэлевізары. Ніводзін участковы не ведаў, што рабіць з капальнікам, якога ён сустрэў на полі «за работай». Але за справу ўзяўся дырэктар Інстытута гісторыі Вадзім Лакіза, вядомы звальненнямі нелаяльных супрацоўнікаў.

Vadzim Lakiza
Вадзім Лакіза, кіраўнік Інстытута гісторыі пры АН Беларусі

Цяпер, у час татальных забаронаў і крыміналізацыі ўсяго на свеце, цалкам магчыма, што вынік усё ж будзе... Але — які?

«А што мы парушаем? Мы ратуем!..» 

Ці ёсць праблема? Ёсць. Фібулы, накладкі, сякеры, медальёны, крыжыкі і біжутэрыю часоў Русі ці ВКЛ без праблем можна набыць у сеціве. Паламаны бронзавы наканечнік стралы можа каштаваць... 30 рублёў. Менш за 10 еўра. Лічы, пара кубкаў кавы ў Вільні. А гэта нават не Русь, а часы Перасялення народаў, перыяд у нас зусім малавядомы... 

Palamany bronzavy nakaniečnik straly
Паламаны бронзавы наканечнік стралы коштам пару кубкаў кавы (скрыншот)

І гэта не дарк-нэт, а легальныя сайты: з якіх яшчэ і падаткі адлічваюцца ў бюджэт РБ. Для Заходняй Еўропы, той самай Польшчы, гэтая сітуацыя немагчымая. Тут «дзікі час» пошуку артэфактаў даўно мінуў. Заканадаўства наладжанае: недзе лепш, недзе горш, яшчэ і з папраўкай на прыватную ўласнасць на зямлю. Але яно — заканадаўства — ёсць. І працуе. 

«А што мы парушаем? Мы ратуем!..» — можна пачуць ад капальнікаў з Беларусі. Гэта так званыя «палевікі». Выйшаў сабе ў поле і ходзіш. Капаеш не курган ці гарадзішча, а калгаснае поле. Нават не парушаеш стратыграфіі аб’екту: гэта ворны слой. Калі нейкі курган тут і быў, то трактары даўно ўсё знішчылі. Перавярнулі безліч разоў, бо — штогод. Тыя манеткі і крыжыкі, якія выцягвае капальнік, без яго з часам разбураць угнаенні — метал не вытрымае.

Stvorka enkalpijona časoŭ Rusi
Створка энкалпіёна часоў Русі на продаж — на адным з беларускіх сайтаў

«Пара кубкаў кавы»...

У той жа час, любы выняты з глебы прадмет парушае тапаграфію. Большасць капальнікаў не занатоўваюць, дзе і што знайшлі. Тым больш, не распавядаюць навукоўцам. Так, прадмет губляе навуковую каштоўнасць на 90%. Бо няясна, адкуль ён. Калі гэта гузік часоў Царскай Расіі, то без розніцы. А калі не? Напрыклад, рынкавы кошт меднай манеты Баспорскага царства (гэта першыя стагоддзі да н.э.) — сімвалічны. Тыя самыя «пара кубкаў кавы», а мо і адзін кубак. Ля Чорнага мора іх знаходзяць тысячамі. 

Але кожная знаходка такой манеты ў нас — унікум. Гэта сведчанне кантактаў нашых продкаў з Баспорам ужо 2 000 год таму. Бяда ў тым, што капальнік, знайшоўшы такую манетку пад Полацкам — прадасць яе за 20 рублёў. Яе кошт такі самы, як і манеткі з Крыма ці Адэсы — сімвалічны. А пра тое, што манета «нашая» — ніхто ніколі ўжо не даведаецца.

Manieta Basporskaha carstva
Манета Баспорскага царства (ілюстратыўнае фота)

Тут я не кажу пра сапраўды ўнікальныя і самадастатковыя рэчы: пазалочаныя і пасрэбраныя фібулы, зброю, біжутэрыю... Здаецца, па некаторых кірунках прыватныя калекцыі ўжо даўно багацейшыя за дзяржаўныя зборы — і гэта не жарт. 

Навошта аддаваць гісторыю такой дзяржаве?

Дык што — трэба ўсё забараніць і перасаджаць «чарнушнікаў» — хаця б некалькі, для паказухі? Канфіскаваць калекцыі?.. Парадокс у тым, што беларускай археалогіі гэта не дапаможа. Бо яна і так у гаротным стане (вінаватыя тут зусім не «чарнушнікі»). А рынак сыдзе яшчэ глыбей пад лёд. Самыя цікавыя прадметы будуць «талкаць», напрыклад, у Расію — ціха і непублічна. Лакіза пра тое не даведаецца.

«Čornyja kapaĺniki»
«Чорныя капальнікі». Ілюстратыўнае фота: gurb.mosreg.ru

Для нармалізацыі патрэбны — давер. Каб чалавек верыў дзяржаўным інстытутам і мог спакойна пазваніць у музей, знайшоўшы нешта цікавае (ведаючы, што яго не заграбуць у ізалятар). Патрэбны дыялог, круглыя сталы, легальныя таварыствы пашукавікоў, якія не хочуць развітвацца са сваім хобі: менавіта хобі, а не сродкам заробку.

У сучаснай Беларусі гэта немагчыма. Даверу няма — нідзе. А тая мадэль гісторыі, якую прапануе дзяржава разам з усімі сваімі музеямі і інстытутамі, гэта — сорам. Дык навошта аддаваць гісторыю такой дзяржаве?.. Што казаць, калі нават заслужаныя археолагі не могуць зразумець, што манаполія дзяржавы на гісторыю — зло. Так быць не можа. 

Спадчына, якая яшчэ застаецца пад зямлёй, знішчаецца з абодвух бакоў. З боку капальнікаў праз дылетанцтва. З боку дзяржавы — праз тое самае дылетанства. А яшчэ — адсутнасць чалавечага і тэхнічнага рэсурсу. Нельга ў 2025-м годзе капаць так, як у 1975-м... Гэта не навука, а смех. Таму, і тое, і тое — бяда. 

Самае лепшае, што можна зрабіць зараз для беларускай археалогіі, гэта проста замарозіць сітуацыю. Да лепшых часоў. Не лезці. Але хто гэта пачуе?..

Алесь Кіркевіч, Budzma.org