Радыёстанцыя мястэчка Сеўта ў іспанскім Марока 17 ліпеня 1936 года перадала кароткае паведамленне: «Над усёй Іспаніяй бясхмарнае неба». Гэтая фраза была сігналам да пачатку ўзброенага выступу супраць рэспубліканскага ўрада Іспаніі і стала стартам Грамадзянскай вайны.
Памылкі «левых»
У красавіку 1931 года кароль Іспаніі Альфонс XIII збег з краіны, у выніку чаго была абвешчана Другая Іспанская Рэспубліка. Новыя ўлады ўзялі «левы» накірунак у палітыцы, што выклікала супраціў з боку буйных землеўласнікаў і афіцэрскага складу іспанскага войска. Не рэагуючы на гэта, рэспубліканскі ўрад працягваў прымаць непапулярныя рашэнні. Царква была аддзелена ад дзяржавы, некаторыя манастыры і цэрквы зачыненыя, было вырашана нацыяналізаваць маёмасць касцёла. Новы ўрад узяўся і за войска: частка вайсковых падраздзяленняў была распушчана, а значная колькасць афіцэраў звольнена са службы.
Першымі сваю незадаволенасць паспрабавалі выказаць вайскоўцы. У жніўні 1932 года генералам Хасэ Санхурыяй была зроблена няўдалая спроба перавароту. Яго арыштавалі і прысудзілі да пажыццёвага зняволення. 16 лютага 1936 года на выбарах у парламент перамог Нацыянальны фронт, у склад якога ўваходзілі партыі левага кірунку. Быў сфармаваны новы кабінет міністраў, які выступаў за сельскагаспадарчую рэформу, паніжэнне ўзроўню падаткаў для рэгіёнаў і амністыю для палітзняволеных.
На працягу наступных 5 месяцаў у Іспаніі адбылося шмат тэрактаў, у якіх загінула больш за 300 чалавек. 17 чэрвеня 1936 года кіраўнікі правай апазіцыі абвінавацілі ўрад у страце кантролю над краінай.
У ліпені 1936 года чальцамі правай арганізацыі «Фаланга» быў забіты паручнік Хасэ Кастылья. У адказ супрацоўнікі дзяржаўнай паліцыі, якія прытрымліваліся левых поглядаў, скралі і забілі манархіста Хасэ Кальвэ Сатэлу. Гэтага хапіла, каб вайскоўцы прынялі рашэнне пачаць узброенае выступленне.
Галоўнакамандуючым іспанскімі войскамі быў прызначаны Франсіска Франка. Італьянцы пачалі перакідваць іспанцам паліва, буйнакаліберныя кулямёты, самалёты і іншую зброю. Галоўнай мэтай паўстання было звяржэнне пракамуністычнага ўраду.
Франкісты робяць першы крок
Паўстанне павінна было пачацца ў Марока, а адтуль перакінуцца і ў мацерыковую Іспанію. Франкісты захапілі мястэчкі Сеўта і Меліле. Хутка путчысты пачалі перамагаць у Старой Кастыліі, Памплоне, Навары. Была захоплена вайскова-марская база Эль-Фероль. Жорсткі адпор нацыяналісты атрымалі ў Мадрыдзе, Барселоне, Більбаа. Хутка краіна была падзелена амаль напалову. На баку паўстанцаў выступіла дзве траціны войска і амаль усё афіцэрства, акрамя пілотаў і маракоў, якія ў большасці засталіся вернымі ўраду.
Нацыяналістам удалося перакінуць у Севілью атрад іспанскага Замежнага легіёна. 22 ліпеня 1936 года з Франка сустрэліся германскія бізнесмен Ёханэс Бернхард і інжынер Адоль Лангенхайм (абодва былі агентамі абвера). Іспанец заявіў, што жадае набыць 10 транспартных самалётаў. У Германіі быў сфармаваны спецыяльны штаб «W» на чале з Эрнстам Енэке, які курыраваў дапамогу путчыстам. Былі створаны дзве легальныя фірмы, якія займаліся падтрымкай франкістаў. Так пачалася аперацыя «Магічны агонь».
Паўстанцы атрымалі першыя самалёты Ю-52, якія можна было выкарыстоўваць для транспарціроўкі войска. Прыкрываць іх павінны былі 6 знішчальнікаў Хе-51. Немцы накіравалі ў Іспанію вайсковых пілотаў-добраахвотнікаў. 29 ліпеня італьянцы накіравалі франкістам 12 бамбавікоў «Савоя», з якіх, праўда, толькі 9 даляцелі на месца. Пазней Мусаліні выслаў Франка яшчэ 12 знішчальнікаў «Фіят». Разам з самалётамі паўстанцы атрымалі і італьянскіх пілотаў. Наступны італьянскі транспарт складаўся з 40 кулямётаў, 27 знішчальнікаў, 12 гармат супрацьпаветранай абароны і 5 танкаў.
Польскія грамадзяне ў іспанскай вайне
Другая Рэч Паспалітая таксама прадавала ўзбраенне і тэхніку ваюючым бакам (сума кантрактаў склала 190 мільёнаў злотых). Восенню 1936 года франкісты набылі ў Польшчы 10 знішчальнікаў PWS-10, створаных на Падляшскай авіяфабрыцы. Здзелку курыраваў Другі аддзел Генштабу Войска Польскага (выведка). Разам з самалётамі ў Іспанію паехалі і інжынеры, якія павінны былі дапамагчы ў эксплуатацыі машын. У задачу спецыялістаў таксама ўваходзіў збор дадзеных пра вайсковы патэнцыял франкістаў.
Нягледзячы на тое, што польскі пасол у Лізе Нацый у снежні 1936 года заявіў пра забарону ўдзелу палякаў у Грамадзянскай вайне ў Іспаніі, жадаючых падтрымаць той ці іншы бок у Польшчы знайшлося шмат. У франкісцкай авіяцыі змагаліся вядомыя польскія землеўласнікі: граф Казімір Ласоцкі, Тадэвуш Чаркоўскі-Галееўскі, Адам Шарэк і іншыя. Значная колькасць польскіх грамадзян служыла ў паўстанцкай кавалерыі. Нямала грамадзян Другой Рэчы Паспалітай было і ў Іспанскім замежным легіёне. У складзе франкісцкай пяхоты змагаўся палкоўнік Андрэй Радзівіл. Дарадцам у штабе генерала Франка быў знакаміты генерал Станіслаў Булак-Балаховіч. Іспанцам вельмі дапамаглі яго парады наконт партызанскіх рэйдаў і дыверсій у тыле праціўніка. Гэтай справай Балаховіч добра авалодаў падчас польска-бальшавіцкай і Першай сусветнай войнаў.
Інтэрбрыгады
«Рука Крамля»
У верасні 1936 года Масква пачала высылаць рэспубліканскаму ўраду Іспаніі зброю (самалёты — знішчальнікі і бамбавікі, а таксама танкі). Іспанцы набылі ў Савецкага Саюза 648 самалётаў, 347 танкаў, 60 браневікоў, 1186 гармат, 20 486 кулямётаў, амаль 500 тысяч вінтовак, 862 мільёны патронаў. Рэспубліканцы плацілі за зброю золатам.
15 кастрычніка 1936 года кіраўнік ураду Ларга Кабальера і міністр фінансаў Хуан Нягрын звярнуліся да Крамля з прапановай прыняць на захаванне 500 тон золата. Іспанскі пасол у Маскве Марсаліна Паскуа атрымаў вялікія паўнамоцтвы на вядзенне перамоў і заключэнне сакрэтнай дамовы з СССР аб набыцці зброі для рэспубліканскіх войскаў. 22–25 кастрычніка 1936 года першыя партыі золата былі пагружаны на савецкія гандлёвыя караблі ў порце Картахена. З Іспаніі ў СССР было вывезена 510 тон золата (7800 скрыняў). Усё гэтае багацце было прывезена ў Адэсу і адтуль спеццягніком дастаўлена ў Маскву.
Часцей за ўсё савецкія грамадзяне ехалі ў Еўропу транссібірскім экспрэсам. Кошт такой паездкі на аднаго чалавека складаў 3500 савецкіх рублёў і 450 долараў ЗША. У Коласава пашпарты гэтых людзей правяралі памежнікі польскага Корпуса аховы памежжа, аднак нікога з цягніка не здымалі. Дый за што можна было зняць добра апранутых маладых людзей, у якіх дакументы ў поўным парадку? Пазней «інтэрнацыяналісты» з СССР ехалі ў Парыж і ўступалі ў кантакт з агентамі НКУС, якія накіроўвалі «гасцей» у трэніровачны лагер у Альбасэтэ (за 240 кіламетраў ад Мадрыда). Там і адбывалася фармаванне інтэрбрыгад.
«Інтэрнацыяналісты» з БССР
Частка савецкіх спецыялістаў трапляла ў Іспанію праз Балканы і Афрыку. Шлях па моры каштаваў на аднаго чалавека 3000 савецкіх рублёў і 50 долараў ЗША. За час баявых дзеянняў на Пірынейскі паўвостраў было накіравана 1811 савецкіх вайсковых спецыялістаў (772 пілоты, 351 танкіст, 222 агульнавайсковых інструктары, 77 вайсковых маракоў і інш.). Сярод гэтых людзей было шмат беларусаў.
Самым знакамітым пілотам-беларусам, які ваяваў у Іспаніі, быў, безумоўна, ураджэнец вёскі Бараўцы Навагрудскага павета Сяргей Грыцавец. На знішчальніку І-16 ён здзейсніў 88 баявых вылетаў. Удзельнічаў у 42 паветраных баях, знішчыў 7 варожых самалётаў (па іншых дадзеных, за пілотам у іспанскім небе 30 перамог). 22 лютага 1939 года Грыцаўцу было нададзена званне Героя Савецкага Саюза. За баі на Халхін-Голе пілот быў уганараваны гэтым званнем яшчэ раз. 16 верасня 1939 года Грыцавец трагічна загінуў на аэрадроме Болбасава пад Оршай. Ён так і не атрымаў «залатых зорак»: першыя іх уручэнні адбыліся ў лістападзе 1939 года, ужо пасля гібелі лётчыка.
Падрыхтоўка вайсковых спецыялістаў для рэспубліканскай Іспаніі адбывалася і на тэрыторыі СССР (напрыклад, у Кіравабадскай авіяцыйнай школе асобага прызначэння, Ліпецкай лётна-тэхнічнай школе, Пяхотным вучэбным цэнтры ў Тыфлісе). У выніку ў Іспаніі загінула 189 савецкіх вайсковых спецыялістаў і добраахвотнікаў, і яшчэ 40 грамадзянскіх спецыялістаў.
Пералом
У другой палове 1937 года авіяцыя паўстанцаў блакавала марскія шляхі пастаўкі зброі і паліва рэспубліканцам. У кастрычніку путчысты ўзялі Астурыю, і хутка ўся Поўнач краіны была ў іх руках. 15 снежня 1937 года рэспубліканцы пачалі наступленне і занялі мястэчка Тэруэль. Пры гэтыя яны выкарысталі амаль 100 танкаў (Т-26 і БТ), а таксама тры роты браневікоў і выбілі франкістаў з населенага пункту. У тых баявых дзеяннях прымала ўдзел значная колькасць савецкіх танкістаў. Франка сцягнуў пад Валенсію амаль 100 тысяч жаўнераў і 300 самалётаў і паспрабаваў захапіць горад. 22 лютага 1938 года паўстанцы зноў захапілі Тэруэль і ўзялі ў палон 14 тысяч рэспубліканцаў.
30 кастрычніка путчысты пайшлі ў наступ і 16 лістапада 1938 года выбілі камуністаў за раку Эбра. За гераізм, праяўлены ў той бітве, польская брыгада імя Яраслава Дамброўскага была ўзнагароджаная іспанскім Вайсковым медалём. У выніку тых баёў рэспубліканцы страцілі каля 10 тысяч чалавек забітымі і 20 тысяч параненымі; у войску Франка было 30 тысяч параненых і больш за 6,5 тысяч забітых.
Канец Рэспублікі
Франка ж не спяшаўся адсылаць замежнікаў. Толькі невялікая частка італьянскіх жаўнераў выехала дадому. Франкісты пачалі наступ на Каталонію. 14 студзеня 1939 года войскі паўстанцаў занялі Тарагону, што прымусіла рэспубліканскі ўрад збегчы з Барселоны, а ўжо 26 студзеня франкісты і італьянцы ўвайшлі ў гэты горад. 28 сакавіка 1939 года франкісты без бою ўвайшлі ў Мадрыд. 1 красавіка 1939 года Франка прамовіў: «Мы прайшлі». Так ён адказаў кіраўніцы Кампартыі Іспаніі Далорэс Ібаруры, якая ў ліпені 1936 года сказала: «Яны не пройдуць» (No pasarán).