Як пры Радзівілах: італьянскі сад XVIII стагоддзя аднавілі ў Мірскім замку

У Мірскім замку завяршаецца другі этап глабальнай рэканструкцыі: адноўлены італьянскі сад прыме першых наведвальнікаў ужо ў верасні 2026-га.

А ў наступным годзе плануюць распачаць рэканструкцыю англійскага пейзажнага парку, таксама кіраўніцтва замкавага комплексу марыць наладзіць чыгуначныя зносіны, адбудаваўшы вузкакалейку, паведамляе Times.by.

mirski-zamak-01.jpgМірскі замак. Фота: Павел Арлоўскі, Times.by

Італьянскі сад аднаўлялі згодна інвентару 1746 г.

Уся тэрыторыя музейнага комплексу займае 26 га, з якіх англійскі пейзажны парк — 16 га і 5,7 га — італьянскі сад. Згодна з захаванымі звесткамі яго заклалі ў XVII стагоддзі пры Каралю Станіславе Радзівіле Справядлівым.

«Першыя згадкі датуюцца 1692-м, — удакладняе намеснік дырэктара па навуковай і асветніцкай рабоце Вольга Навіцкая. — Сямю гадамі пазней фіксуюць суму, выплачаную мулярам за мост, які звязаў сад з палацавай часткай. Але поўны інвентар з апісаннем планіроўкі і насаджэнняў, які ўзяты за аснову рэканструкцыі, датуецца 1746-м».

Дарожкі і загарадзі дзялілі італьянскі сад на 25 квадратаў, у якіх раслі пладовыя дрэвы, ягадныя кусты, лекавыя травы, агародніна. Частка з іх пуставала — каб зямля адпачывала.

mirski-zamak-02.jpgТэрыторыя Мірскага замка. Фота: Павел Арлоўскі, Times.by

«Зімой цэнтрам увагі гасцей станавілася аранжарэя, — удакладняе суразмоўніца. — Згодна з інвентаром 1778-га там налічвалася каля 40 апельсінавых і больш за 150 лімонных дрэў, а таксама мірт, кіпарыс, лаўр, самшыт, інжыр».

Адноўлены фрагмент больш сціплы па плошчы: 18 квадратаў з насаджэннямі, без аранжарэі, доміка садоўніка і гаспадарчых будынкаў. Пракладзеныя на Стоўбцы дарогі ў XIX і ХХ стагоддзях значна зменшылі плошчу саду.

Па вонкавым перыметры высадзілі ліпы. Крыху паводдаль — лістоўніцы, грабы і клёны. У цэнтральнай зоне саду загарадзь з парэчак і агрэсту фарміруе квадраты, унутры якіх растуць блакітныя кветкі лёну, фіялетавыя — ісопу, белыя — шалфею, чырвоныя — крываўніку. Некалькі квадратаў выдзелены пад яблыні і вішні.

Расліны падабраны непатрабавальныя: добра адчуваюць сябе і засушлівым летам, і суровай зімой. Больш за 50% было высаджана год таму, таму праверка на марозаўстойлівасць пройдзена.

У поўнай меры прыгажосць можна будзе ацаніць гадоў праз пяць: і дрэвам, і кустам патрэбны час, каб увайсці ў поўную сілу.

У спісе архітэктурных аб’ектаў, якія зробяць ландшафт больш разнастайным, — 31 лавачка, чатыры альтанкі, якія будуць увіты раслінамі. Падсветка ў цэнтральнай паркавай зоне — гэта круглыя грунтавыя ўбудаваныя свяцільні, а па перыметры за агароджай — ліхтары на каваных гнутых ножках.

Трэці этап рэканструкцыі — англійскі пейзажны парк

Аднаўленне італьянскага саду — гэта другі этап рэканструкцыі Мірскага замка, трэці — англійскі пейзажны парк. Распачаць збіраюцца ў 2027-м. Асноўны фронт работ — аднаўленне моста праз ручай, які закальцуе прагулачны маршрут вакол рукатворнага возера.

Вольга Навіцкая ўдакладняе: раней тут быў драўляны мост. Новы будзе з жалезабетону і шырэйшы. Прамы або арачны з невялікім пад’ёмам — яшчэ ўзгадняюць.

mirski-zamak-most-03.jpgНа гэтым месцы адновяць мост. Фота: Павел Арлоўскі, Times.by

Зялёныя насаджэнні на тэрыторыі парку глабальных змяненняў не зведаюць. Тым больш што асноўныя падсадкі дрэў рабілі яшчэ на першым этапе рэканструкцыі комплексу і ў наступныя гады.

«Радуе, што некаторыя дрэвы першапачатковай пасадкі захаваліся і па сённяшні дзень выглядаюць велічна, здалёк прыцягваючы ўвагу, — расказвае Вольга Навіцкая. — Лжэтсуга Мензіса накіравалася ўверх перад уваходам у царкву, злева — лістоўніца, а хвоя чорная надзейна ахоўвае ўваход у пахавальню».

mirski-zamak-dreva-04.jpgДрэва, якое захавалася з часоў першапачатковай пасадкі. Фота: Павел Арлоўскі, Times.by

Захавалася і хваёвая алея з паўднёвага боку, якая была часткай прагулачнага маршруту вакол возера ад палаца апошніх уладальнікаў да замка.

mirski-zamak-alieja-03.jpgХваёвая алея. Фота: Павел Арлоўскі, Times.by

«На жаль, час не пашкадаваў піхту Фразера, піхту сібірскую, елку Энгельмана, хвою сібірскую кедравую і многія іншыя дрэвы, якія выкарыстоўваліся ў насаджэннях англійскага пейзажнага парку. Некаторыя з іх вымерзлі ў суровую зіму 1939–1940 гадоў або былі высечаны ў гады вайны і ў пасляваенны час», — дадае суразмоўніца.

У палаца палацы Святаполк-Мірскіх плануюць зрабіць гасцініцу

Аднаўленне палаца Святаполк-Мірскіх — гэта чацвёрты этап рэканструкцыі. Да нашых дзён захаваўся толькі фундамент і флігель.

«Лінія фронту Першай сусветнай, якая праходзіла непадалёку, не пакінула палацу шанцаў — у 1917-м ён быў спалены, — расказвае Вольга Навіцкая. — Захаваўся здымак, на якім палац адлюстраваны на трэці дзень пасля пажару. І толькі ў сярэдзіне ХХ стагоддзя будынак быў цалкам разабраны».

mirski-zamak-presztki-06.jpgРэшткі фундамента палаца. Фота: Павел Арлоўскі, Times.by

Унутранае размяшчэнне пакояў і іх убранне, паводле яе слоў, вядома дзякуючы ўспамінам Марыі Святаполк-Мірскай, нявесткі князя Мікалая Святаполк-Мірскага. На першым паверсе была калідорная сістэма з чатырма пакоямі з усімі выгодамі, вялікая сталовая, більярдная (яна ж бібліятэка), невялікая гасціная. На другім паверсе — вялікая гасціная, спальні, кабінет князя, побач яго ж спальня.

У адноўленым палацы плануюць размясціць гасцініцу на 40 месцаў у стылістыцы 1920–1930-х гадоў.

Праектна-каштарыснай дакументацыі гэтага этапу яшчэ няма. Але турысты ўжо цяпер могуць убачыць, якім быў палац: мурал з выявай размешчаны на адным з будынкаў спіртзавода.

Мара — аднавіць вузкакалейку

Кіраўніцтва замкавага комплексу абмяжоўвацца толькі падсправаздачнай тэрыторыяй не плануе. Адзін з самых глабальных планаў — аднавіць чыгуначныя зносіны.

«Падчас Першай сусветнай вайны тут пралягала вузкакалейка — 12 кіламетраў да Гарадзеі, — расказвае дырэктар музея Аляксандр Лойка. — Пакуль гэта планы на ўзроўні мары: мы іх агучылі, але канкрэтнага рашэння па іх няма. Спадзяёмся, што і Беларуская чыгунка падтрымае такое пачынанне, і інвестары знойдуцца. Уявіце, як будзе здорава: з Мінска да Гарадзеі на электрычцы, а потым перасаджваемся на аўтэнтычны паравоз і пачынаем каларытнае падарожжа ў часе».

Аднаўленне чыгуначных зносін патрэбна не толькі для каларыту. Суразмоўца не ўтойвае: з лагістыкай складана. Дабрацца можна або на ўласным аўта, або на аўтобусе турфірмы.

За год замак наведала 450 тысяч гасцей

У 2025-м Мірскі замак прыняў больш за 450 тыс. гасцей — і гэта толькі тыя, хто купіў білет і каго можна фізічна палічыць.

mirski-zamak-turysty-07.jpgТурысты ў замку. Фота: Павел Арлоўскі, Times.by

«А ёсць яшчэ тысячы людзей, якія прыязджаюць пагуляць па парку, палюбавацца архітэктурай замка, — адзначае Аляксандр Лойка. — І мы ўдзячныя кожнаму, хто галасуе рублём, купляючы білет. Выручаныя сродкі ідуць не толькі на папаўненне фондаў — сёння колькасць артэфактаў перавышае 5 тыс. Многія аднаўленчыя работы праводзяць таксама за кошт пазабюджэтных сродкаў. Па сутнасці, купля білета — гэта ўклад у будучыню, каб гэты госць праз некалькі гадоў змог зноў прыехаць за ўражаннямі і гісторыяй».

У лістападзе 2026-га на Уязной вежы з боку ўнутранага двара плануюць устанавіць вежавы гадзіннік.

У 2027 годзе Мірскі замак адзначае 500-гадовы юбілей. Святочныя мерапрыемствы запланаваныя на 4–6 чэрвеня. У праграме: выступленні клубаў гістарычнай рэканструкцыі, кірмаш рамеснікаў, канцэрт і феерверк.