Крама «Кнігаўка» і выдавецтва «Янушкевіч» запускаюць у Варшаве кніжны клуб. Першыя сустрэчы клуба пройдуць 27 і 28 жніўня з удзелам пісьменніка Альгерда Бахарэвіча. Абмяркуюць яго новы раман «Падземныя пераходы», які паступіць у продаж 28 жніўня.
Удзельнікі клуба атрымаюць раман за два тыдні да старту продажаў, каб паспець прачытаць твор і мець магчымасць абмеркаваць яго з аўтарам.

Выдаўцы разлічваюць, што кніжныя клубы стануць індыкатарам чытацкіх інтарэсаў і важным сігналам пры вызначэнні накладу і маштабу прамоцыі той ці іншай кнігі.
«Мы хочам, каб кніжныя клубы на нашых прасторах сталі стымулам для росту цікавасці да кніг, дапамагалі ацэньваць чытацкі попыт і былі эфектыўным інструментам іх прасоўвання.
У нашым разуменні кніжны клуб — гэта не проста супольнасць бібліяфілаў або сустрэча людзей з агульнымі чытацкімі інтарэсамі. Гэта перадусім жывая дыскусія на роўных з удзелам аўтараў або экспертаў», — адзначаюць арганізатары Кніжнага клуба.
Першыя сустрэчы кніжнага клуба адбудуцца 27 і 28 жніўня ў варшаўскай кнігарні «Букіністка». Пачатак а 18:30.
Колькасць удзельнікаў кожнай імпрэзы абмежаваная — 14 чалавек.
Абавязковыя ўмовы для ўдзелу:
Папярэдні заказ кнігі «Падземныя пераходы» на knihauka. com;
Забарона на спойлеры і любыя публікацыі, што раскрываюць змест кнігі, да 27 жніўня;
Згода на камунікацыю праз e-mail.
Квіткі на мерапрыемствы коштам 75 злотых бярыце па спасылцы. Сабраныя грошы пойдуць на пакрыццё выдаткаў і арганізацыю візіту пісьменніка.