У Кіеве сёння адкрываецца лічбавая выстава «Made of Belarus — Made of Pain», арганізаваная пры ўдзеле «Free Belarus Center» — аб’яднання, якое актыўнае дапамагае беларусам ва Украіне. Пра імпрэзу, якую рыхтавалі паўгады і ў якой паўдзельнічалі і медыя асобы, пра падтрымку беларусаў, а таксама пра іншую дзейнасць арганізацыі распавёў «Радыё Рацыя» яе прадстаўнік Іван Марозька.
— Адзін з накірункаў «Free Belarus Center» — фармальная і нефармальная адукацыя для беларускіх рэлакантаў. Мы робім fellowship для беларусаў, падтрымліваем праекты, звязаныя з мастацтвам, культурай, праваабарончай дзейнасцю, журналісцкай дзейнасцю. Адзін з праектаў — мастацкі, які прысвечаны Беларусі ў поствыбарчы перыяд з 2020 года. У гэтым праекце прынялі ўдзел вядомыя беларусы — Дзяніс Дудзінскі, Паша Гарадніцкі з гурта Разбітае Сэрца Пацана, Наста Шпакоўская з гурта Naka. Праект, на маю думку, дапамагае адрэфлексаваць тыя падзеі, зразумець, дзе мы знаходзімся зараз, каб нешта рабіць у гэтай рэчаіснасці, якая зараз адбываецца.
— Якія важныя праекты зараз рэалізоўваюцца ў вашым цэнтры?
— Зараз мы скончылі прыём заявак у вялікай онлайн-школе «Перамен Now» — такая школа грамадзянскага актывізму. Яна праходзіць онлайн у некалькі этапаў, дзе з рознымі трэнерамі мы навучаем грамадзянскіх актывістаў ад ідэі да рэалізацыі даводзіць свае праекты. Наогул дзейнасць «Free Belarus Center» дзеліцца на тры галіны. Гуманітарная дзейнасць, я якой і пачынаўся «Free Belarus Center», гэта перш за ўсё падтрымка жытлом у Кіеве для беларусаў, якія там апынуліся. У некаторых сітуацыях гэта падтрымка ежай, рэчамі, медычнай дапамогай. Другая вялікая галіна — адвакацыйная дзейнасць, калі мы намагаемся кантактаваць з украінскімі ўладамі, каб мяняць сітуацыю ў лепшы бок датычна легалізацыі беларусаў ва Украіне. І намагаемся, каб на высокім узроўні падымаліся пытанні бяспекі беларусаў. А таксама легалізацыі працаўладкавання беларусаў. У снежні скончыцца дзеянне пастановы, якая давал беларусам магчымасць легальна зназодзіцца на тэрыторыі Украіны 180 дзён. Мы спадзяемся, што дзякуючы міжкамітэцкім слуханням, на якіх прысутнічалі і сябры «Free Belarus Center», і прадстаўнікі генпракурора, і прадстаўнікі міграцыйнай службы Украіны, гэтае пытанне будзе вырашана ў лепшы бок і дзейнасць пастанаўлення працягнецца.
Выстава «Рік спротиву: як по(в)стає Білорусь» у Кіеве на майдане Незалежнасці, арганізаваная Free Belarus Center
— Якім чынам чалавек, які прыходзіць да вас можа атрымаць дапамогу?
— Ёсць сайт FBC, ёсць сацсеткі, ёсць бот, дзе чалавек запаўняе адпаведную форму, дзе чалавек можа напісаць, якая яму патрэбна патрымка. Мы аказваем і псіхалагічную падтрымку, і юрыдычныя кансультацыі і ўсё гэта бясплатна.
На завяршэнне размовы Іван прызнаўся, што актыўнасць у «Free Belarus Center» не згасае. А гэта азначае, што наперадзе ў арганізацыі яшчэ шмат добрых спраў.
Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя