«Мы ўжо даўно перасталі быць рабамі. Некалі мы казалі пра сябе «тутэйшыя», бо не адважваліся казаць, што мы беларусы. Мы — стары еўрапейскі народ, народ разумны, адукаваны, таленавіты. Мы даўно ўжо здабылі назоў цывілізаванага народа і маем права быць гаспадарамі на сваёй зямлі».
Крыніца: www.radabnr.org
Напярэдадні Дня Волі 25 сакавіка старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла паразважала ў размове з Budzma.org пра беларускае надзённае, свае перасцярогі і спадзевы.
«Хацела б перадусім павіншаваць усіх беларусаў у свеце з нашым велізарным пачынальным Святам — Днём Волі. Віншую ад Рады БНР і ад сябе асабіста і жадаю, каб мы хутка маглі святкаваць, адзначаць яго на нашай роднай зямлі.
Тое, што найбольш мяне турбуе ў гэтым моманце — гэта небяспека, каб не дай Бог нехта не прыдумаў аддаць Беларусь крываваму крамлёўскаму тырану ўзамен за мір ва Украіне. Я гэтага страшэнна баюся, бо заходнія краіны не заўсёды разумеюць усе акалічнасці нашага рэгіёна. Ёсць небяспека падарунка, суцяшальнага прыза Пуціну, каб той перастаў змагацца ва Украіне. Хацела б падкрэсліць, што гэта ёсць праўдзівая і велізарная небяспека Беларусі. Хацелася б, каб усе беларусы разумелі, што нам трэба змагацца супраць гэтага. А Пуцін, думаю, быў бы цалкам задаволены з гэтага, улічваючы ягоныя няўдачы ва Украіне. Так што нам трэба даводзіць свету да ведама, што беларусы на гэта не пойдуць. Вельмі важна, каб пра гэта ведалі і свае, і чужыя. Дзеля таго, каб нікому не прыйшло ў галаву аддаваць Беларусь, каб здабыць крыху міру ва Украіне. Незалежная Беларусь — і гэта ўсе мы гаворым — патрэбная не толькі нам, але ўсяму вольнаму свету. Так, як патрэбная і Украіна — дакладна тое самае.
Мова
Але ж як змагацца супраць гэтага? Трэба даказваць свету ўсімі даступнымі спосабамі, што мы — вольны і незалежны народ, што мы не супакоімся ніякімі пагадненнямі, калі ад нас будуць старацца адабраць незалежнасць. Гэта наш вялікі запавет цяперашні, запавет усяго народа, усіх — і адных, і другіх, і тых, хто між сабою не могуць пагадзіцца, і тых, хто не разумеюць добра, што значыць незалежнасць, што значыць воля.
Як я ўяўляю сабе, як мы можам змагацца супраць волі нашых ворагаў сцерці нас з паверхні зямлі. Наша найважнейшая зброя — не я тое, безумоўна, адкрыла, але паўтару — гэта нашая мова. Менавіта яна даказвае свету, што мы — народ. Трэба, каб абавязкова людзі зразумелі, што мы мусім на кожным кроку, паўсюль карыстацца беларускай моваю. Як бачым, мова стала адной з прычын, якімі Пуцін тлумачыў свой напад на Украіну, маўляў, абарона рускай мовы.
Мова — велізарны фактар у жыцці народа. І дзеля абароны нашага жыцця мы мусім даказаць, што гэты фактар у нас існуе, што мы паважаем нашую мову і што ніколі не пагодзімся ні на якую русіфікацыю. Я думаю, што гэта найважнейшае.
Але, безумоўна, гэта велізарная праца, таму што многім нашым людзям цяжка выйсці з-пад расійскай прапаганды, бо так ім прамывалі мазгі столькі часу: расійскае лепшае, больш паважанае, нашая мова нічога не вартая. Трэба пра гэта найважнейшае на кожным кроку падкрэсліваць. Тут, мяркую, у журналістаў шмат магчымасцей, яны зараз маюць велізарную сілу ў свеце. Медыя могуць усё зрабіць, проста на некаторых пытаннях затрымоўвайцеся даўжэй, расстаўляйце кропкі над «і». Нам таксама трэба свая прапаганда, прапаганда беларуская — у адказ на тое, што спрабуе апанаваць Беларусь, а беларусы пакуль не ўмеюць рабіць сваёй прапаганды. Таму прашу — паўтарайце дзесяць, сто разоў на дзень, каб людзі пачулі.
Заўважу, што тыя, хто хоча перайсці на беларускую мову, мусяць адрынуць такія аргументы кшталту кепскага ведання, няправільнага вымаўлення і гэтак далей. Хай чалавек гаворыць беларускай трасянкаю, потым прыйдзе добрае валоданне сваім. Ты толькі старайся.
Але калі табе больш зручна па-расійску — то мы не адродзім мовы. А мова — гэта душа народа, і калі мы ігнаруем яе — гэта страшна.
Вера
На другое месца ў нашым змаганні пастаўлю веру. Беларусы маюць вельмі дзіўную звычку гаварыць: «гэта віламі па вадзе пісана», бо неяк яны баяцца верыць у свае і ідэалы, і магчымасці, і здольнасці. На кожным кроку маюць гэты комплекс, што «ай, гэта не зробім, гэта віламі па вадзе пісана», «такое не пацягнем» і гэтак далей. Думаю, тут таксама ёсць уплыў суседскі, «угаварылі» беларусаў не верыць у свае здольнасці. Пра гэта — пра веру — таксама трэба нам гаварыць.
Нам у гэтым цяжкім часе вера шмат у чым можа дапамагчы. Гэта не пра веру ў Бога — не ўсе беларусы вераць у Бога, але пра веру ў саміх сябе, у свае сілы. Разам мы ўсё можам.
Не змагла б жыць, калі б я не верыла ў тое, што Беларусь зноў будзе вольнай. Скажу так, як Алесь Бяляцкі сказаў у сваёй Нобелеўскай прамове: я веру, бо ведаю. Гэта вельмі важна, каб кожны з нас быў перакананы, што мы дажывем да таго часу, калі будзем гаспадарамі на сваёй зямлі.
Прыналежнасць
Любоў да свайго народа, пачуццё прыналежнасці, разуменне таго, што мы ёсць. Неяк слухала на адной канферэнцыі выступоўца з іншай краіны, і вось ён кажа: гляньце вакол вас, хто вам найбліжэйшы тут — ніхто такім блізкім да вас не будзе, як ваш суайчыннік. Я згодная з гэтым. Калі чалавек вызнае сябе беларусам — гэта ваш найлепшы прыяцель. Сваркі, звадкі, якія часта здараюцца ў беларускім асяродку, вельмі моцна шкодзяць. Шмат хто з нас любіць даказваць тое, што лепш ведае нешта наконт Беларусі, заміж каб падумаць пра тое, што сварка і спрэчка ідзе з найбліжэйшымі людзьмі, беларусамі. Праз усе мае 25 гадоў старшынства я стараюся пра гэта гаварыць.
Годнасць
Мы ўжо даўно перасталі быць рабамі. Некалі мы казалі пра сябе «тутэйшыя», бо не адважваліся казаць, што мы беларусы. Гэта недапушчальна ў наш час. Мы — стары еўрапейскі народ, народ разумны, адукаваны, таленавіты. На маю думку, мы даўно ўжо здабылі назоў цывілізаванага народа і маем права быць гаспадарамі на сваёй зямлі. Беларусы заўжды вельмі моцна любілі хоць і маленькі, але свой куточак зямлі, свой хутар. Мы павінны зразумець, што вось гэты куточак могуць адабраць, адбіраюць — магчыма, такое параўнанне, калі беларус уявіць яго, зможа прымусіць зварушыцца народ?
Пра 2020 год свет мусіць помніць
Ці не дарма ўсё было ў 2020 годзе? Не дарма. Мы ведаем, як цяжка было заўсёды быць беларусам і даказваць усім, што мы існуем і Беларусь існуе. Падзеі 2020 года адкрылі вочы свету. Цяпер толькі трэба рабіць, каб пра гэта людзі не забываліся. Першы раз увесь свет пабачыў, што беларусы хочуць быць вольнымі, што яны не ёсць рабамі, што яны не задавальняюцца пазіцыяй сваёй краіны як расійскай калоніі. Гэтая рэвалюцыя — нібыта спакойная — зрабіла велізарную працу. І цяпер нашая задача, каб ніхто пра гэта не забыўся.
Рыгор Сапежынскі, budzma.org