Вы лёгка і натхнёна пачынаеце новую справу, але ў нейкі момант сілы і натхненне заканчваюцца, з’яўляюцца іншыя «неадкладныя» справы, і скончыць пачатае не атрымліваецца? Шмат грандыёзных задум і вялікіх праектаў у галаве, але рэальна нічога не зроблена? Як адзначаюць псіхолагі, справы-«вісякі» перашкаджаюць вам: ціснуць, выклікаюць незадаволенасць сабой, замінаюць засяроджвацца на новых задачах, часта псуюць настрой і да т. п.
У гэтым матэрыяле мы даём практычныя парады — разам з яскравымі ілюстрацыямі ад мастака Андруся Такінданга — наконт таго, як даводзіць свае справы да завяршэння і не спыняцца на сярэдзіне.
Але спачатку варта ўпэўніцца, што гэта сапраўды патрэбная вам справа. Бо жыццё ідзе, абставіны мяняюцца. Магчыма, тое, што «завісла», варта проста адпусціць і ўзяцца за новае.
1. Змагаемся з нудотай
Калі справа застопарылася і вы страцілі да яе ўсялякую цікавасць, паспрабуйце змяніць свой звыклы лад жыцця. Магчыма, вас напаткала нуда ці так званы «дзень сурка».
Змены могуць быць самымі разнастайнымі. Ад радыкальных (памяняць колер валасоў, фрызуру і ўвесь гардэроб; пераехаць альбо зрабіць грандыёзную перастаноўку ў кватэры) да самых маленькіх: памяняць кубак, з якога п’яце ранішнюю гарбату, пайсці на працу па новым маршруце, пакаштаваць новую страву.
Чытайце таксама: Як з’есці «слана»?
Маштаб пераменаў залежыць толькі ад вас і таго, наколькі вы гатовыя да іх. Але нават самыя маленькія і незаўважныя змены скалануць «балота» паўсядзённасці, нададуць свежай энергіі на заканчэнне пачатых спраў.
2. Ствараем прастору
Стварыце своеасаблівую «прастору» для сваёй справы — камфортнае і матывавальнае працоўнае месца. Дарэчы, гэта неабавязкова мусіць быць стол з камп’ютарам. У залежнасці ад характару працы гэта можа быць і любімая лаўка ў парку, і фатэль перад камінам, і столік у ціхай кавярні — галоўнае, каб вам там было ўтульна і нішто не адцягвала ўвагу. Што ў вас выклікае прыемныя эмоцыі, што матывуе? Напоўніце сваю працоўную прастору прыгожымі карцінкамі, жывымі кветкамі. Расклейце па сценах выказванні аўтарытэтных для вас людзей альбо прыгожыя фотаздымкі. Можна і стыкеры з дакладнымі дзеяннямі на кожны дзень развесіць. І вы адчуеце вялікае задавальненне кожны раз, калі будзеце здымаць «выкананы» стыкер.
Калі ваша справа «выязная», рашэннем можа стаць водар альбо пэўная музыка ці вопратка. Вырашыце для сябе, што да завяршэння вашага праекта водар, напрыклад, мяты і песні гурта «Крамбамбулі» — гэта ваша працоўная прастора. І да заканчэння справы выкарыстоўвайце іх выключна падчас працы. Такім чынам вы сфармуеце ў сябе своеасаблівы «якар»-асацыяцыю, які дазволіць вам хутчэй настройвацца і працаваць эфектыўней.
3. Прыдумваем узнагароду
Кожная праца мусіць быць узнагароджаная — гэта закон. Думаю, у яго эфектыўнасці вы ўпэўніваліся не раз: працаваць за адэкватную ўзнагароду (неабавязкова грашовую) прыемней, чым за «дзякуй».
Прыдумайце для сябе вялікую «смачнюшку» за давядзенне вашага праекта да канца. Гэта мусіць быць нешта вельмі важнае/карыснае/смачнае менавіта для вас. Можа, гэта будзе проста шакаладка ці новая кніга. А можа, кругасветная вандроўка ці паход на канцэрт любімага гурта — межаў для вашай фантазіі няма.
Таймінг штодня: як паспяваць больш?
І кожны раз, калі сесці за працу будзе складана, уяўляйце сабе момант атрымання гэтай узнагароды — так справа пойдзе лягчэй, вам не давядзецца «гвалціць» сябе, каб заняцца ёй. І, натуральна, па завяршэнні свайго «вісяку» не забудзьцеся ўзнагародзіць сябе!
4. Ствараем рытуал
Яшчэ адзін спосаб зменшыць напружанне і «прымусовасць» — стварыць пэўны рытуал. Гэта будзе таксама «якар», які дапаможа хутка настроіцца на працу.
Рытуальныя дзеянні могуць быць самымі разнастайнымі. Напрыклад, спакойна выпіць кубачак кавы альбо старанна прычасацца перад тым, як узяцца за застопараны праект. Гэта можа быць і нешта больш складанае: пракаціцца на ровары, прачытаць раздзел кнігі, выканаць комплекс фізічных практыкаванняў.
Галоўнае — не дазваляць сабе прапускаць гэты рытуал, а адразу пасля яго сядаць за справу.
Варыяцыяй гэтай парады можа быць наступнае: калі ў вас больш-менш уладкаваны графік дня і вы можаце ўпэўнена размяркоўваць свой час, то вылучыце, напрыклад, дзве гадзіны на дзень, якія вы будзеце прысвячаць толькі свайму праекту. І ў гэты час не займайцеся больш нічым, пакуль застопараная справа не будзе скончаная.
5. Усміхаемся!
Успрымаеце свой «недаробак» як цяжар, які цісне і не дае спакою? І кожны раз, каб узяцца за яго, сябе трэба літаральна прымушаць і гвалціць? Паспрабуйце паставіцца да гэтага інакш. Уявіце, што гэта ваш гадаванец: ён патрабуе ўвагі і высілкаў, але ж прыносіць і задавальненне. Да таго ж вы самі выбралі гэтага гадаванца.
Уладкоўваем сваё жыццё: 4 крокі
Пачынаючы працу, усміхніцеся. Проста ўсміхніцеся сваёй справе, свайму «гадаванцу». І ўсміхайцеся кожны раз, калі сядаеце за справу. Фізічная ўсмешка міжволі запусціць механізм выпрацоўкі эндарфіну — гармону шчасця. А са шчасцем у кішэні працаваць атрымліваецца лепей і эфектыўней.
Вікторыя Лебедзева, budzma.org
Ілюстрацыі мастака Андруся Такінданга