Як захаваць псіхалагічнае здароўе? Распавядае псіхолаг

13.12.2019 Маё права

У сучасным свеце вельмі шмат стрэсаў і трывог, выкліканых рознымі прычынамі: працагалізмам, нерэалізаванасцю, праблемамі ў асабістым жыцці ды іншымі.

Медыцынскі псіхолаг і арт-тэрапеўт Кася Кавалёнак-Глухоўская распавядзе пра псіхалагічнае здароўе беларусаў і дасць парады, як яго захаваць і палепшыць.

kasia.jpg

Кася Кавалёнак-Глухоўская. Фота з сацыяльнай сеткі "Вконтакте"

Кася Кавалёнак-Глухоўская – медыцынскі псіхолаг, арт-тэрапеўт, прадстаўніца Усходнееўрапейскай асацыяцыі арт-тэрапіі (EEATA) у Беларусі, выкладчыца ёгі, супрацоўніца адукацыйнага цэнтра "Фабрыка Зорак". Навучалася медычнай псіхалогіі ў БДУ, арт-тэрапіі – ва ўніверсітэце Флорыды, а таксама ў Балгарыі і Украіне, ёзе – у Індыі. Чытае лекцыі па псіхалогіі і праводзіць заняткі па ёзе і арт-тэрапіі ў Беларусі і Польшчы.

– Якія псіхалагічныя праблемы сустракаюцца ў сучасных беларусаў часцей за ўсё?

Мяжа паміж псіхалагічнымі і псіхічнымі праблемамі вельмі ўмоўная, таму найперш распавяду пра псіхічныя, з якімі да псіхіятраў у нашай краіне, на жаль, не звяртаюцца. Бо зварот да лекара такога профіля стыгматызаваны, а самі разлады проста паўсядзённыя. Са статыстыкі (з 2011 па 2018 год) і з даследаванняў вядучых псіхіятраў Беларусі: Алега Айзберга, Аляксандра Старцава, Рамана Еўсцігнеева – можна даведацца, што на вядучых пазіцыях у нас некалькі тыпаў праблем.

У лідарах у Беларусі – стрэсавыя трывожныя разлады (трывога, якая носіць агульны і трывалы характар, не абмяжоўваецца абставінамі і мае ў якасці сімптомаў боязь, неспакой, напружанасць, патлівасць, тахікардыю ды інш.). Раней яны называліся неўратычнымі. Прыкладна кожны восьмы-дзясяты беларус пакутуе на іх.

На другім месцы – дэпрэсія і субдэпрэсіўны стан (стан, якія папярэднічае дэпрэсіі і з'яўляецца яе аблегчанай формай), а таксама паталагічная дысфарыя (форма хваравіта-заніжанага настрою з песімістычнымі чаканнямі і доўгатэрміновай раздражнёнасцю).

Прыкладна 5% насельніцтва пакутуе на клінічную дэпрэсію, якая непадуладная тэрапіі без медыкаментознага суправаджэння. Субдэпрэсія ахоплівае больш за 60% насельніцтва Беларусі, прынамсі, такія лічбы называе Генадзь Старшэнбаўм, даследчык псіхасаматычных хвароб у сваёй кнізе «Психосоматика. Руководство по диагностике и самопомощи».

На трэцім месцы ў краіне – наркалагічная паталогія, найперш нікацінавая і алкагольная залежнасці.

Алкагольная залежнасць шчыльна звязаная з суіцыдамі ў Беларусі (дарэчы, на дзіва сусветнай статыстыцы, часцей самагубцы ў нас жывуць у вёсках , калі ў іншых краінах гэта зазвычай жыхары гарадоў).

Чытайце таксама: Ці гатовая Беларусь да новых “наркатычных” выклікаў?

Наогул, нашая тройка лідараў такая самая, як і ў іншых краінах свету, але месцы размеркаваныя іначай. У большасці краін наркалагічная паталогія – гэта бясспрэчны нумар адзін. Праўда, праз сацыяльнае прыняцце палення ў нас не лічаць нікацінавую залежнасць псіхічнай хваробай, таму ніхто наконт яе не звяртаецца да псіхіятраў, максімум да псіхолагаў. У беларусаў вельмі нізкае ўсведамленне таго, што залежнасць ад псіхаактыўных рэчываў трэба лекаваць і што гэта напраўду моцна шкодзіць здароўю.

статыстыка.jpg

– Як вы думаеце, праз якія фактары ствараецца нездаровая псіхалагічная сітуацыя ў краіне?

Гэта звязана з пераходным станам грамадства: такі "падлеткавы" пераходны перыяд у нас цягнецца з канца васьмідзясятых гадоў мінулага стагоддзя, што празмерна доўга. Таксама гэта звязана з хранічным недахопам вітаміна D і ёду ў арганізмах жыхароў краіны.

Пасля выбуху на Чарнобыльскай АЭС прайшло 33 гады, але Беларусь усё яшчэ знаходзіцца ў зоне рызыкі: рахіт, зоб шчытападобнай залозы з'яўляюцца вельмі распаўсюджанымі хваробамі.

У арганізмах беларусаў у патрэбнай колькасці не выпрацоўваецца вітамін D праз недастатковую колькасць не проста сонечных дзён, а дзён з неабходным для гэтага вуглом падзення сонечных промняў (больш за ўсё вітаміна D выпрацоўваецца, калі сонца знаходзіцца ў зеніце, такое найчасцей сустракаецца ў краінах накшталт Егіпта, Індыі, Эфіопіі, дзе якраз найменшы адсотак субдэпрэсіўнай паталогіі ў насельніцтва).

Мала хто звяртаецца да эндакрынолага і здае аналізы, каб выявіць гіпавітаміноз (альбо гіпер-, але такое беларусам рэдка пагражае).

Дабаўкі і лекі, у складзе якіх ёсць вітамін D, неабходныя для прафілактыкі субдэпрэсіўных станаў і дапамагаюць вярнуць спакой ды пазітыўны настрой. Яны лепшыя за валяр'янку ці заспакаяльныя пігулкі. Запушчанасць субдэпрэсіі шкодная не менш за няўвагу да клінічнай дэпрэсіі. Менавіта праз абыякавы стан і адсутнасць прафілактычных мер у Беларусі адзін з найвышэйшых паказчыкаў па суіцыдах. 

вітаміны.jpg

– Ці павялічваеццца колькасць людзей з псіхалагічнымі і псіхіятрычынымі захворваннямі?

Па дадзеных САЗ (Сусветная арганізацыя аховы здароўя), да 2020 года псіхічныя разлады ўвойдуць у першую пяцёрку хвароб, якія вядуць да страты працаздольнасці. У Беларусі назіраецца рост такіх хвароб у 1,5 разу, але не за кошт цяжкіх псіхічных хвароб, як шызафрэнія (тут як было менш за 2% насельніцтва, так і засталося), а за кошт памежных разладаў, неўратычных трывожных разладаў, дэпрэсіі і субдэпрэсіўных станаў, старэчых дэменцый, як і ў свеце ўвогуле, што звязана таксама з ростам працягласці жыцця. 

Статыстычны штогоднік 2019 Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь дае наступныя лічбы: у 2011 годзе колькасць пацыентаў, якія знаходзяцца пад дыспансэрным назіранннем у арганізацыях аховы здароўя было 103 000 чалавек, у 2018 – гэтая колькасць павялічылася да 108 000.

Таксама важна адзначыць, што расце не колькасць хвароб сама па сабе, а колькасць дыягнаставаных хвароб, бо пакрысе расце давер да лекараў, людзі звяртаюцца наконт праблем, якія ў іх узнікаюць са сном, са стасункамі, з працаздольнасцю, з памяццю. Найчасцей звяртаюцца адносна праблем з памяццю і сном, бо гэта выклікае менш сораму і не падаецца такім асабістым. Скажу па праўдзе, я ніколі ў жыцці не сустракала псіхічна здаровых людзей. Толькі недаабследаваных. Калі ведаць, што спытаць, дыягназам можна "ганараваць" кожнага.

– Якія экалагічныя метады вы параіце, каб захоўваць сваё псіхічнае здароўе ў добрым стане? Такія, якія не нашкодзяць і будуць карысныя кожнаму незалежна ад душэўнага стану.

Сярод метадаў самадапамогі найбольш экалагічнымі я лічу сустаўныя размінкі, шпацыры, плаванне, гульні з хатнімі жывёламі.

На другім месцы па экалагічнасці – малюнкі, напісанне вершаў і прозы, танец, то бок, любыя экспрэсіўныя творчыя тэхнікі: дыхальныя практыкі (бодыфлекс, пранаямы ёгаў), расцяжка, кардыя- і сілавыя практыкаванні.

ёга.jpg

Важна адзначыць, што ў гарадах Беларусі расце сетка сацыяльнай падтрымкі, розныя ініцыятывы прафілактычнага характару: заняткі па кантактнай імправізацыі, па танцавальнай тэрапіі, да якой таксама можна аднесці кірунак contemporary dance, які вучыць адсочваць і выказваць свае эмоцыі праз рух і цела.

Гэта дапамагае экалагічна пазбавіцца ад схільнасці да псіхасаматычных хвароб і ў цэлым прапампаваць сваё ментальнае здароўе разам з фізічным, мозг разам з цягліцамі. Расце колькасць арт-івэнтаў, імпрэз, вольных да наведвання, арт-актывізму, арт-тэрапіі. Людзі могуць не звяртацца да псіхолага, але навучыцца выказваць свой боль, сваё напружанне пад наглядам спецыяліста.

З простых прафілактычных парад для самааналіза: калі вас ахоплівае тужлівы настрой і ў галаву лезуць сумныя моманты мінулага ці хвіліны сораму, трэба згадаць хаця б адзін момант радасці. Калі нехта хваліў, абдымаў вас, казаў, што любіць, верыць, калі вы дасягалі поспеху. Хаця б адзін момант, хаця б маленькую радасць. І трымаць яго ў галаве адмыслова, максімальна дэталізавана ўяўляць: на дотык, на пах, на колеры.

музыка.jpg

Знаходзьце кожны вечар некалькі хвілін, каб адасобіцца ад іншых і проста пабыць у цішыні або з прыемнай музыкай, згадаць мінулы дзень (што і калі вы адчувалі). Зафіксаваць, што выклікала пазітыў, а што негатыў. Адзначыць 3-5 нагод для радасці за дзень. А зранку складзіце план, задаючы сабе два пытанні: "Што я магу сёння зрабіць, каб увечары быць задаволеным самім сабой? Што я магу сёння зрабіць, каб мне стала проста прыемна?" – такая пастаноўка задач дапаможа рэалізаваць уласныя жаданні і мэты за кошт асабістых намаганняў. Пры гэтым трэба памятаць, што ў вас ёсць нагоды паважаць і цаніць сябе.

Гэта добры прыём пры наяўнасці нерэалістычных чаканняў ад самога сябе і заніжанай самаацэнкі, які таксама навучае браць на сябе адказнасць за ўласны стан і пачуцці, выхоўвае самакантроль, трэніруе ўвагу і памяць.

Лайфхак пры трывожных разладах – гэта дыхальныя практыкі, бо дыханне збіваецца першым, тэхнікі зазямлення, каб адчуваць апору пад нагамі, тэхнікі ўвагі (напрыклад, назваць дзесяць і болей прадметаў вакол сябе), якія вяртаюць ад дрэнных думак у «тут-і-цяпер».

А вось усё, што адрывае вас ад рэальнасці і не асэнсоўваецца як бяскрыўдная гульня, шкодна і можа весці да шызафрэнападобных небяспечных станаў. Менавіта такое ўспрыняцце гульні гульнёй і метафары метафарай адрознівае арт-тэрапію ад рознай "шызатэрыкі": эзатэрычных практык і апантанасці рэлігіяй, усім тым, што не можа быць навукова праверана і даказана, але сур'ёзна ўспрымаецца чалавекам для арганізацыі ўласнага ладу жыцця і часам жыцця іншых.

псіхалаг практыкаванні.jpg

Калі адчуваеце, што пасля тэхнік, заняткаў робіцца горш, гэта не катастрофа, гэта працэс, і важна ведаць, што ў любы момант вы можаце звярнуцца за падтрымкай псіхолага ці псіхатэрапеўта. Пакуль вы ды іншыя вакол вас жывыя, усё можна выправіць.

Будзьце здаровымі, паважайце сябе ды іншых і памятайце, што рэчаіснасць адрозніваецца ад казак (часам, яна нават лепей). Галоўны сакрэт – гэта здольнасць заўважаць добрае ў сваім жыцці і разумець, як самому ствараць сваю радасць.

Гутарыла Даша Бялькевіч, budzma.org



Сачыце за нашымі публікацыямі ў TelegramFacebookВконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!