Для чаго патрэбны асобны збор смецця? Колькі на ім зарабляюць і могуць зарабіць «гарадскія эколагі» без вызначанага месца жыцця? Ці рэальна распачаць і зрабіць паспяховы бізнес на адходах, як гэта працуе і ці час цяпер для «смеццевых стартапаў»? Гэта ўсё ж бізнес ці, хутчэй, экалагічна-сацыяльны праект?
Пра ўсё гэта мы паразмаўлялі з, напэўна, «самым вядомым збіральнікам смецця» ў краіне. Дзмітрый Кучук, генеральны дырэктар мінскага прадпрыемства па перапрацоўцы адходаў «Смеццесартавальная станцыя “Заходняя”», ужо даўно не крыўдуе, калі яго называюць «мусаршчыкам». Але і пра смецце ён ведае, бадай, усё.
Дзмітрый Кучук
— Ці рэальна зарабіць на смецці?
— Калі вы кантралюеце патокі смецця — гэта азначае заключаныя кантракты, дамовы з арганізацыямі, аўтапарк смеццявозаў, — можна зарабіць добра. Калі ёсць доступ да тэхналогій па сартаванні, сартавальных ліній, калі вы сартуеце адходы ў раёне 50 тысяч тон у год — вы можаце нармальна сябе адчуваць фінансава. Калі ў вас ёсць некалькі пунктаў збору смецця — таксама можаце адчуваць сябе добра. А калі вы пабудавалі смеццеперапрацоўчы завод — гаворка можа ісці пра мільёны прыбытку.
— Я пра іншае: пра людзей, «гарадскіх эколагаў», і ўвогуле пра тых, хто збірае адходы па сметніках. Былі ў прэсе матэрыялы, што людзі з гэтага ледзь не кватэры будавалі...
— Наконт кватэраў не ведаю, аднак калі казаць пра так званых «бамжоў», напрыклад, то яны насамрэч маюць магчымасць зарабіць. Калі яны не лянуюцца, то прыбытак па здачы другаснай сыравіны можа быць на ўзроўні сярэдняга заробку ў краіне. Вядома, рэальнага сярэдняга заробку, а не «па статыстыцы».
Напрыклад, за кілаграм шклабою і шкла цяпер плацяць 1 рубель 20 капеек. Не асабліва напружваючыся, за дзень можна сабраць 20-30 кілаграмаў шклабою на палігоне бытавых адходаў. ПЭТ-бутэльку збіраць складаней, але яна і каштуе ў два разы даражэй. Макулатура — цяжкая, я ўжо не кажу пра каляровы метал, калі цана кілаграма медзі — 7 рублёў.
Вось і палічыце па мінімуме — па шкле і без напругі: 20 кілаграмаў у дзень, 24 рублі, 25 рабочых дзён на месяц. Атрымліваецца 625 рублёў, пры заробку, напрыклад, прыбіральшчыцы ў 400-500 рублёў. Іншая рэч, на што «гарадскія эколагі» аддаюць гэтыя грошы…
Цяпер у Мінску наогул цікавая карціна: шкло, якое людзі скідаюць у адведзеныя для яго кантэйнеры, разбіраецца. Калі прыязджае смеццявоз, адпаведныя кантэйнеры амаль пустыя. У асноўным яго выграбаюць «гарадскія эколагі»...
— А ўвогуле, наколькі змянілася сітуацыя з тых часоў, калі ў нас з’явіліся асобныя кантэйнеры для смецця?
— За дзесяцігоддзе ўмацаваліся прадпрыемствы, якія толькі пачыналі сваю дзейнасць. Мы таксама былі аднымі з першых, хто пачынаў займацца смеццем, але мы не пайшлі ў збор цвёрдых побытавых адкідаў у кантэйнеры і больш канцэнтраваліся на іншым. Тыя, хто ўкладаўся ў кантэйнеры, цяпер дзеляць каля 60% усіх адходаў, што вывозяцца з Мінска. Адчуваюць яны сябе ўстойліва.
Гэта і ёсць той бізнес і аб’ёмы, на якіх яны зарабляюць. Ёсць маленькія прадпрыемствы, якім складана канкураваць з іншымі, буйнымі. Яны, можа, не зарабляюць шмат, калі не займаюць пэўнай нішы або кірунку.
Але дзесьці праз год сітуацыя зменіцца, будзе перафарматаванне рынку. Некалькі тыдняў таму выйшлі змены ва ўказ аб пашыранай адказнасці вытворцы, у так званы «закон аб упакоўцы». Згодна з ім грошы на ўтылізацыю тары, якія збіраюцца з арганізацый, што імпартуюць ці вырабляюць упакоўку, размяркоўваюцца паміж аператарамі другасных рэсурсаў. Але з’явіцца магчымасць заключаць непасрэдныя дамовы з арганізацыямі, што займаюцца ўтылізацыяй. І тады можна будзе фармаваць уласную сістэму збору другасных матэрыялаў, у дробнага і сярэдняга бізнесу з’явяцца ўмовы для канкурэнцыі з дзяржманаполіямі па зборы адходаў, напрыклад, з ЖКГ...
— З іншага боку, мы часта бачым сітуацыю, калі ў смеццявоз скідаецца ўсё запар: падзеленае смецце і непадзеленае...
— Тут важна аддзяліць другасныя рэсурсы ад бытавога смецця і харчовых адходаў. Калі ў смеццявоз скідаюцца другасныя рэсурсы, ён паедзе не на палігон, а на сартаванне. Такое смецце лягчэй сартаваць, чым тое, што змешваецца з харчовымі адкідамі. Былі нават прапановы наладжваць збор менавіта па такім прынцыпе: «сухія» адходы і «вільготныя», харчовае смецце. З пункту гледжання лёгкасці збору так і адбываецца. Але гэта не зусім, напэўна, правільна: у той жа Германіі няма такога падзелу. Трэба ўсё ж такі вучыцца сартаваць адходы правільна і запускаць асобна смеццявозы пад шкло, асобна — пад пластык, асобна — пад паперу.
— Смецце, якое збіраецца асобна, — куды яно ідзе?
— Пластык перапрацоўваецца ў Магілёве, там ёсць два прадпрыемствы. Шкло — у Гродне, завод «Ялізава» купляе шклабой, ёсць пад Мінскам вытворчасць, якая нават адпраўляе шклабой на экспарт! Па макулатуры — усе буйныя папяровыя прадпрыемствы займаюцца яе перапрацоўкай.
Ёсць праблема з пакетамі, з аднаразовым посудам — яны не перапрацоўваюцца, і вельмі мала магутнасцяў па перапрацоўцы аўтамабільных шын. Яны ёсць, але тую колькасць шын, якая ў Беларусі выкідваецца, яны перапрацаваць не могуць.
— Вы казалі, што не пайшлі ў асобны збор смецця. Дык які ў вас напрамак дзейнасці?
— Мы больш спецыялізуемся на адходах вытворчасці — гэта адходы не ад насельніцтва, а ад арганізацый. Адзін з кірункаў — перапрацоўка бытавой тэхнікі. Напрыклад, мы працуем з дзвюма буйнымі гандлёвымі сеткамі, якія займаюцца продажам такой тэхнікі. Не сакрэт, што яна часам ломіецца: скажам, у чайніка не зачыняецца крышка ці яшчэ нейкі дробны, але непрыемны дэфект. Чалавек вяртае тавар у краму, сэнсу рамантаваць такую тэхніку няма, яе трэба ўтылізаваць. Пасля сэрвісу і вызначэння дэфектаў мы і займаемся ўтылізацыяй — разборкай і перапрацоўкай. Людзі здаюць старыя халадзільнікі, пральныя машыны...
Ёсць спробы зрабіць нешта новае, напрыклад, мы запускаем «смеццевае таксі», якое пакуль працуе ў тэставым рэжыме.
— Смеццевае таксі?
— Многія людзі сартуюць адходы, потым нясуць усё гэта ў кантэйнеры. Мы вырашылі паспрабаваць перафарматаваць паток смецця, каб людзі маглі яго нават не выносіць: мы б хацелі забіраць пасартаванае смецце проста з кватэры.
«Смеццевае таксі» працуе па прынцыпе Uber або «Е-дастаўкі». Гэта праграма ў тэлефоне: вы можаце яе спампаваць, падаць зручны для вас час і дату вывазу смецця, да вас прыязджае машына, забірае вашае смецце і ў дадатак плаціць вам невялікія грошы.
Але пакуль не было ўказа, пра які я казаў вышэй, мы не атрымлівалі кампенсацыі за такі збор і працавалі фактычна ў страту. Яшчэ праблема: для ўстойлівай працы такога таксі трэба, каб вельмі шмат людзей ведала пра яго і карысталася яго паслугамі. Так што пакуль у нас гэта не зусім атрымліваецца.
Магчыма, «смеццевае таксі» будзе больш рэнтабельнае ў працы з арганізацыямі, у якіх назапасіцца буйны аб’ём макулатуры. Пакуль жа мы проста паспрабавалі гэта зрабіць. Кліенты ў асноўным задаволеныя, але мы не атрымалі кампенсацыі за вываз смецця і спрацавалі сабе ў страту. Цяпер закон змяніўся, і з 1 ліпеня мы зноў паспрабуем стартаваць.
Экалогія ці ўсё ж бізнес?
— Паасобны збор смецця, перапрацоўка і сартаванне смецця — праект усё ж сацыяльна-экалагічны ці гэта бізнес?
— Калі гэта буйны бізнес, гаворка пра сацыяльнае можа і не ісці. Але як у нас, калі бізнес дробны і сярэдні, ён працуе на мяжы бізнесу і сацыяльнай адказнасці. Ёсць стартапы, якія збіраюць выключна коркі ад пластыкавых бутэлек і накіраваныя на вырашэнне пэўнай праблемы, на адукацыйныя рэчы для дзяцей. Але бізнес такога плану сам па сабе зніжае нагрузку на навакольнае асяроддзе. Чым больш мы сартуем смецце, тым больш мы перапрацоўваем, тым больш зніжаем нагрузку на прыроду. У гэтым яго сацыяльная асаблівасць. Калі ж усё проста вязецца на сметнік і закопваецца без выканання элементарных экалагічных нормаў, гэта ўжо злоўжыванне.
— Якога віду экабізнесу, на тваю думку, цяпер не хапае? І на чым можна зарабіць?
— Што да мяне, то я ўжо імкнуся да рэалізацыі праектаў, якія лічацца буйнымі. Мне хапае ведаў і ўменняў для гэтага, але ёсць іншы складнік: у мяне ёсць грамадска-палітычная пазіцыя, я знаходжуся не ў дзяржаўнай сістэме, у апазіцыі, можна казаць (Дзмітрый Кучук нядаўна быў абраны старшынёй Беларускай партыі «Зялёныя» — аўт.). І гэта не дае мне рэалізаваць задумкі, якія ёсць, і інвестыцыйныя праекты, якія могуць быць рэалізаваныя, калі дзяржава і чыноўнікі будуць больш падзяляць бізнес і палітыку.
Але цяпер на гэтым рынку (будзем называць яго так) з’яўляецца вельмі шмат нішаў. Мяняюцца, напрыклад, цэлафанавыя пакеты на экалагічныя. Цяпер выводзіцца з абарачэння аднаразовы пластыкавы посуд — адпаведна, узнікне попыт на посуд папяровы. Калі трапіць у струмень, можна на гэтым зарабіць.
Дакладна ёсць ніша па перапрацоўцы аўташын: я ўжо казаў, што іх у нас шмат, а магутнасцяў па перапрацоўцы не хапае. Вядома, заўсёды цікавы вываз смецця, стварэнне кантэйнерных пляцовак, будаўніцтва смеццесартавальных прадпрыемстваў з вялікімі аб’ёмамі сартавання. На Мінск — усяго чатыры такія заводы. Можна пайсці ў рэгіёны і на адзін завод звазіць смецце з двух-трох раёнаў — у асноўным гэтым цяпер займаецца дзяржава, але і для прыватніка ёсць месца і магчымасці.
Прычым на гэтых заводах можна заняцца не толькі смеццесартаваннем, але і выпрацоўкай біягазу, электрычнасці з тых «хвастоў», якія ўтвараюцца пасля сартавання. У гэтым напрамку можна думаць бясконца. Ну і, вядома, ствараць сістэму збору адходаў, пераразмяркоўваць патокі смецця, ствараць новыя смеццевыя пляцоўкі — напрыклад, падземныя кантэйнеры.
Перапрацоўка смецця, яго паасобны збор — гэта яшчэ і адукацыйны элемент. Каб людзі разумелі, для чаго яны сартуюць смецце, каб удзельнічалі ў гэтым сартаванні свядома, ім трэба расказваць пра гэта. І гэтым таксама павінныя займацца смеццевыя кампаніі, бо яны ў гэтым зацікаўленыя.
Аліна Бялова, budzma.org
Фота аўтара
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!