Рамонт — гэта занятак не толькі нервовы, але і звычайна дастаткова дарагі. Кожны, хто рабіў рамонт хоць раз, абавязкова задумваўся, як мінімізаваць свае выдаткі: ці закупляючыся на аптовых складах, ці беручы будаўнічыя інструменты «ў пазыку», ці купляючы будматэрыялы з растэрміноўкай.
Аднак ёсць і прасцейшае рашэнне. Хочаце міжпакаёвыя дзверы за 17-20 рублёў? Альбо еўрапейскую фарбу менш чым 5 рублёў за слоік? Цэглу па 20 капеек замест 50-ці? Ці ламінат ад 9 да 20 рублёў?
«Вы смеяцеся! Не бывае ў Беларусі такіх цэн!» — скажа той, хто робіць рамонт цяпер. І памыліцца. Такія цэны ёсць. Больш за тое, гэтыя цэны спрыяюць ахове навакольнага асяроддзя і супрацьстаяць забруджванню краіны. То бок можна не толькі танна набыць якасную прадукцыю, але і зрабіць унёсак у ахову прыроды. Менавіта на гэта скіраваны праект 1991.by. Ён не столькі прадае будматэрыялы, колькі спрыяе навакольнаму асяроддзю.
Добры-дрэнны тавар
Са стваральнікам і ініцыятарам гэтага праекта Сяргеем Навасёлавым мы сустрэліся на пляцоўцы-складзе, што знаходзіцца ў раёне мінскай кальцавой. Сяргей раней працаваў у нямецкай кампаніі па вытворчасці будаўнічых матэрыялаў и тады пабачыў, колькі прыдатнай і, больш за тое, якаснай прадукцыі пазначаецца як «неліквід» і выкідаецца ў смецце.
— Скуль бярэцца так званы «неліквід»? Ён утвараецца па вельмі розных прычынах. Напрыклад, памылка каляроўкі. Гэта значыць вытворца каляраваў, фарбаваў прадукцыю — і не трапіў у колер, патрэбны заказчыку. Або ўжо ў час дастаўкі кліент, напрыклад, адмовіўся ад замовы. Альбо замовілі не тое, што трэба. Альбо ёсць прадукцыя, у якой да заканчэння падыходзяць пэўныя тэрміны прыдатнасці. Што робіць вытворца ў гэтай сітуацыі? Як правіла, ён нясе дадатковыя выдаткі па складаванні і захоўванні такой прадукцыі. Рашэнне праблемы — альбо хоць неяк гэта прадаць, альбо ўтылізаваць. Зразумела, што пры ўтылізацыі будматэрыялаў, асабліва лакаў, эмалі, фарбаў, натуральна, наносіцца шкода навакольнаму асяроддзю.
Сяргей Навасёлаў
А ўтылізуецца гэты «неліквід», як правіла, даволі проста, але вельмі шкодна. Проста на палігоне капаецца катлаван, туды ўсё скідаецца і засыпаецца зямлёю. Такім чынам, прыдатны для спажывання тавар проста закопваецца ў зямлю! А між тым адзін з прынцыпаў экалагічнага ладу жыцця — цалкам спажываць тое, што ствараеш.
Праект 1991.by і скіраваны на тое, каб не заставалася «лішкаў».
— Мы вырашылі паспрабаваць «перапампоўваць» гэтыя так званыя «неліквідныя рэчы» праз наш праект. Мы купляем «неліквід» у вытворцы па значна зніжаных цэнах і, адпаведна, па такіх жа нізкіх цэнах прадаем гэты прадукт нашым пакупнікам. У выніку пакупнік атрымлівае зніжку на будаўнічыя матэрыялы ад 30 да 85 працэнтаў. Сапраўды, у нас ёсць і такія зніжкі! Такім чынам выйграе вытворца альбо імпарцёр — ён пазбаўляецца ад праблемнай прадукцыі, яму не трэба займаць месца на складах. Выйграе наш кліент — ён значна эканоміць на будматэрыялах. Зніжаецца шкода для навакольнага асяроддзя — таму што тавар ідзе туды, куды ён прызначаўся, а не ў смецце, — кажа Сяргей.
Тавар без «выгляду»
Склад праекта 1991.by умоўна падзяляецца на адкрытую пляцоўку і ўласна склад. Калі заходзіш на тэрыторыю, адразу бачныя штабелі цэглы.
— Гэта ўсё лічыцца неліквідам, — тлумачыць Сяргей. — Некаторая цэгла проста ляжала на складзе і страціла «таварны выгляд», але сваіх уласцівасцяў не страціла. Яе перадалі на рэалізацыю нам, і калі раней цагліна каштавала 55 капеек за штуку, то ў нас — 20 капеек.
Самую вялікую частку займае чырвоная цэгла.
— Гэта керамічны завод у Радашковічах. На заводзе быў тэставы замес гліны, і асобныя цагліны атрымаліся з расколінамі. Зноў жа, хто разумее ў будаўніцтве — калі гэтыя цагліны не нагружаць, не рабіць з іх апорныя канструкцыі, цэгла нармальная. Яна цалкам прыдатная для перагародак, іншых падобных рэчаў. А каштуе ў нас 19 капеек замест 53-х. Вы бачыце, аб’ём досыць вялікі, разгарнуцца можна.
Пячора скарбаў будаўніка
Калі трапляем на склад, то ўзнікае ўражанне: калі б Алі-Баба быў бы будаўніком, менавіта так выглядала б яго знакамітая пячора скарбаў. Вочы адразу ж разбягаюцца — падаецца, для будоўлі тут ёсць усё, хаця па аб’ёме памяшканне даволі невялікае — нават з гіпермаркетам не параўнаеш. На ўваходзе — штабелі са слоікамі рознай фарбы і эмаляў.
— Лакі, фарбы і эмалі, — тлумачыць Сяргей, — па ўтылізацыі самыя праблемныя. Калі сухія будаўнічыя сумесі або матэрыялы можна яшчэ неяк адправіць у перапрацоўку, то з эмаллю гэта складана. Вытворца цяпер пабудаваў прадпрыемства па вырабе сваёй прадукцыі ў Брэсце. З уводам у дзеянне гэтага завода кампанія мусіла вызваліць свае склады ад імпартнай прадукцыі. Уласна, у гэтым мы ім і дапамаглі — мы гэта ўсё забралі і рэалізуем тут. Вось слоік эмалі — у краме ён каштаваў 28 рублёў, у нас — 19. Ёсць і цікавейшыя прапановы, гледзячы што кліенту трэба. Уся прадукцыя пазначаная па тэрмінах прыдатнасці — то бок яна абсалютна ліквідная і нармальная. Напрыклад, вось эмаль: тэрмін прыдатнасці — да канца мая.
Самая гарачая прапанова цяпер — аўстрыйская або нямецкая фасадная фарба, слоік каштуе 4,95, менш за пяць рублёў.
Сяргей скіроўваецца далей да скрыні з інструментам — зусім новымі нажоўкамі, сякерамі, малаткамі. Падавалася б, як такая простая рэч, як малаток, можа быць «неліквідам»?
— Гэта была кампанія па продажы інструменту, але яна збанкрутавала, яны закрывалі свае склады і проста не ведалі, куды гэта падзець. Усё аддалі на рэалізацыю нам. У выніку ў нас ёсць малаткі, напрыклад, якія каштуюць паўтара рубля — як кубак кавы.
— А вось грунтоўка, — працягвае Сяргей экскурсію, — гэты брэнд сыходзіць з Беларусі наогул, неўзабаве тут не будзе ні яго, ні, адпаведна, яго прадукцыі. Слоік гэтай грунтоўкі каштуе 18 рублёў, звычайны кошт — у межах 35 рублёў. Яны таксама вызвалялі склады.
— Міжпакаёвыя дзверы, — паказвае Сяргей, — яны стаялі ў гіпермаркетах і не прадаліся. Звычайна гіпермаркет траціць час, грошы і паліва, каб завезці іх назад вытворцу, што знаходзіцца ў Віцебскай вобласці. Мы з вытворцам вырашылі: усё гэта едзе не жа яго, а да нас. У выніку дзверы каштуюць менш за 20 рублёў. А вось ламінат — гэта тое, што завод ужо не выпускае: папросту адбылася змена калекцыі. На складах засталіся непрададзеныя рэшткі мінулых калекцый. Аб’ём таксама бачыце — ад 30 да 50 квадратаў падлогу спакойна можна сабраць. Плюс да ўсяго — гэта ламінат 33 класа стойкасці, апрацаваны воскам, добрая прадукцыя.
Нароўні з «неліквідам» 1991.by гандлюе і «звычайнымі» матэрыяламі, але гэта хутчэй выключэнне, чым правіла. Бывае так, што, напрыклад, на ўцэнцы ёсць тры-чатыры патрэбныя пакупцу слоікі фарбы, а яму трэба дзесяць. Таму астатнія пакупнік вымушаны купляць па «звычайным» кошце. Зразумела, калі такая прадукцыя ўвогуле ёсць на рынку — часам бывае, што больш гэтых матэрыялаў у краіне проста няма фізічна.
Не без складанасці
Але не ўсё так вясёлкава, як падаецца. Напрыклад, на сайце праекта ёсць раздзел «Электраінструменты». Вось гэта Сяргей лічыць даволі праблемным таварам.
— Мы хацелі дапамагчы адной кампаніі — яны самі на нас выйшлі. Дарэчы, вытворцы ўжо самі нас знаходзяць і прапануюць забраць «неліквід», што мяне, безумоўна, цешыць. Але складана прадаваць уцэнены электраінструмент. Усё ж такі гэта тая прадукцыя, якая павінная адказваць вызначанай якасці і камплектацыі. Калі чалавек купляе балгарку, яна павінна працаваць спраўна, без праблемаў. Часам было так, што нібыта ўсё нармальна, сэрвіс пройдзены, ёсць дакументы на гэтую прадукцыю. Мы перадавалі тэхніку кліенту, а потым аказвалася, што там, напрыклад, некамплект. Мы ж са свайго боку не можам распакоўваць кожную рэч і правяраць, перабіраць, разбірацца, што павінна ўваходзіць у камплектацыю і што там насамрэч. Таму пакуль такі від дзейнасці мы адставілі ўбок.
Адзіная праблема, мабыць: тое, што не прадалося, усё роўна трэба ўтылізаваць.
— Дзякуй Богу, у нас такога пакуль не было, — кажа Сяргей. — У нас акрамя «раздробных пакупнікоў» ёсць досыць вялікая база падрадчыкаў, і многае яны забіраюць для ўласнай вытворчасці, для сваіх аб’ектаў, што будуюць. І гэта таксама цікава: працу мы пачалі дзесьці ў чэрвені мінулага года, і будаўнічы сезон практычна прапусцілі — пакуль падрыхтавалі пляцоўку, пакуль знайшлі першыя кантракты… Але з гэтага года мы зачэпім увесь будаўнічы сезон.
Без прыбытку. Пакуль?
Зразумела, праект не можа абысціся без пэўнага прыбытку — трэба аплачваць арэнду склада, працу людзей і ўвогуле несці выдаткі, якімі суправаджаецца любы бізнес. Але пакуль гэта бізнесам у класічным разуменні слова не назавеш.
— Асаблівага эканамічнага складніку тут няма — таму што, каб рэальна зарабіць грошы, я не ведаю, колькі праз сябе трэба перамалоць гэтай праблемнай прадукцыі. Ізноў жа, калі гэтая прадукцыя трапляе да нас, ужо мы нясём далейшыя рызыкі і выдаткі па ўтылізацыі непрададзенай прадукцыі. Гэта сацыяльны праект, ён больш накіраваны на тое, каб паменшыць шкоду ад утылізацыі прадукцыі, якая яшчэ цалкам прыдатная для справы, — гаворыць Сяргей.
Яшчэ адна ідэя «ўтылізацыі» неліквіднай цэглы ад 1991.by
Карацей, у праекта 1991.by ёсць практычна ўсё. Калі пахадзіць па складзе, можна спакойна набраць матэрыялу для рамонту — ці нават для пабудовы невялічкай дачы. Цэгла, трубы, OSB-пліты, керамічная плітка, брус, дошкі для падлогі і вагонка, уцяпляльнікі для сцен і нават столі — гэта ўсё можна набыць са значнай зніжкай. І пры гэтым дапамагчы навакольнаму асяроддзю. Хаця б тым, што ў прыродзе будзе значна менш смецця, чым было б без гэтага праекта.
Аліна Бялова, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!