Старонняя ацэнка нашай дзейнасці часцяком можа сыграць ролю шлагбаума на шляху да развіцця. Не кожнаму хапае сіл і ўпэўненасці пераадолець гэтую перашкоду і рушыць далей. Нашая гераіня заўсёды хацела навучыцца маляваць, але са школьнай лавы «ведала», што ёй не хапае навыкаў. Разам мы наведалі мастацкую студыю «Востраў», у якой працэс навучання суправаджаецца павольнай размовай пра ўнутраны свет чалавека, давер да ўласных адчуванняў і сілу жадання. У новай серыі праекта «Захапленнi» — тэатральны прадзюсар, дырэктар фестывалю «Тэатральны куфар» Кацярына Саладуха і яе суразмоўца, мастацтвазнаўца і выкладчык Юрый Іваноў.
Кацярына Саладуха: Мне складана адказаць на пытанне, ці ўмею я маляваць. Рэалістычныя выявы прадметаў даюцца мне няпроста, але экспрэсіўнае выказванне ўласных пачуццяў на паперы цалкам падуладнае. Магчыма, я хачу адчуваць сябе больш разняволенай і смелай у працэсе малявання. Мне здаецца, практычны навык і ўнутраная ўпэўненасць, свабода дапаўняюць адно адно.
Юрый Іваноў: Уменне давяраць сабе, чуць уласнае «Я» важнае як у мастацкай дзейнасці, так і ў штодзённым жыцці. Сваю індывідуальнасць вы можаце прыдбаць, толькі ўсведамляючы і ўмацоўваючы сваё права на «вашы» колер вачэй, малюнак на руцэ, характар, думкі. Незалежнасць ад вонкавай ацэнкі спрыяе больш гарманічнаму развіццю чалавека. Падпарадкаванасць думкам навакольных можа, наадварот, абмежаваць патэнцыял асобы, асабліва маленькага дзіцяці.
Кацярына Саладуха: Ацэнка ў дзіцячым узросце можа стаць галоўным арыенцірам. Напрыклад, у школе мне не падабалася маляваць, хутчэй за ўсё таму, што нас прымушалі выконваць вызначаныя заданні ў адведзены час. Але, вядома, мы стараліся, бо нас чакала адзнака, а настаўнік аддаваў перавагу таму, хто маляваў добра. Аднойчы дзеля лепшай адзнакі я папрасіла тату дапамагчы мне намаляваць малюнак птушкі. Вось так дзеці інтуітыўна шукаюць абыходныя шляхі, каб не страціць веру ў свае здольнасці.
Юрый Іваноў: Падрастаючы, людзі пераносяць такую залежнасць ад ацэнкі ва ўсе сферы жыцця. Нават на занятках у нашай студыі, асабліва ў дарослых вучняў, можна назіраць, які адбітак школьная стандартызаваная адукацыя пакінула на паводзінах і матывацыі чалавека. Многія, калі навучаюцца, імкнуцца спадабацца настаўніку. Для іх дасягненне ўласнай творчасці складаецца ў тым, каб правільна адлюстраваць прадметы, прадстаўленыя ў экспазіцыі, і пачуць хвалу, пацверджанне правільнасці іх дзеянняў. Часта даводзіцца назіраць выкарыстанне катэгорый «добра» і «дрэнна» ў дачыненні да ўласнай дзейнасці. Гэта можна назваць «сіндромам маляванкі»: імкненнем выразна выконваць умоўныя правілы, «не выходзіць за край».
Юрый Іваноў: Навучэнне можа адбывацца нясумна, здавацца незаўважным. Яно падобнае да размовы. У гутарцы пра ўласнае жыццё, пра свае звычкі, асаблівасці ўспрымання, узаемадзеяння з навакольным светам чалавек раскрываецца, з’яўляецца жаданне расказаць пра сябе больш. Гэтае «больш» я прапаную перанесці з дапамогай фарбаў на паперу. Пры гэтым вучань ніколі не пачуе ад мяне: “Рабі так”, — таму што, імкнучыся падзяліцца сваімі адкрыццямі, прыслухоўваючыся да зносін паміж паперай, пэндзлікам і матэрыялам, ён сам адкрые тэхніку, прыёмы, якія адчуе сэрцам. Галоўны рухавік працэсу — атрыманне зараду задавальнення ад таго, што адбываецца.
Кацярына Саладуха: Я атрымліваю каласальную асалоду ад малявання. Нават перастаю сачыць за нашым дыялогам, настолькі мяне паглынае гэты працэс. Мабыць, гэта называецца «растварыцца ў творчасці».
Кацярына Саладуха: Я адчуваю недахоп ведаў для больш свабоднага выказвання задуманага на паперы. Напрыклад, як змяшаць фарбу, якой гушчыні накласці мазок… Цяпер я раблю гэта інтуітыўна. Мне неабходны настаўнік, які дапаможа разабрацца ў гэтых пытаннях.
Юрый Іваноў: Раней вучань доўга шукаў свайго настаўніка. Калі ён знаходзіў патрэбнага чалавека, то слухаў кожнае яго слова, сачыў за кожным дзеяннем. Існаваў асаблівы перыяд, калі чаляднік тоўк фарбы, нацягваў палотны, падмятаў падлогу і назіраў за працай майстра. Крок за крокам тонкасці мастацкага працэсу рабіліся даступнымі. У нашым выпадку вы можаце прыходзіць у студыю, маляваць, эксперыментаваць. Мая задача — дапамагчы ўбачыць, не прапусціць вашыя найбольш удалыя знаходкі: «Вось гэта выдатна! Паверце мне, і давайце будзем рухацца далей!»
Юрый Іваноў: Чалавеку неабходна ўспомніць, што значыць давяраць сабе. Маленькае дзіця да часу не задумваецца пра ўмоўнасці, і мы з захапленнем сочым за яго несуцішным імкненнем да пазнання свету ўсімі магчымымі спосабамі. Знаходзячыся перад мальбертам, вы можаце паспрабаваць «забыцца» на ўвесь свой напрацаваны вопыт і пачаць даследаванне з нуля. Да прыкладу, для перадачы свайго эмацыйнага стану акуніце пальцы ў фарбу і без пасярэднікаў-пэндзлікаў дакранайцеся паперы, пралівайце колер кончыкамі пальцаў. Вашы сляды-адбіткі будуць свайго роду кардыяграмай, якая фіксуе суб’ектыўныя адчуванні. Спосабаў выказаць гэта можа быць шмат, важна, каб вам было што сказаць.
Юрый Іваноў: Кожнаму чалавеку неабходна клапаціцца пра гадаванне ўласнага «Я». Мы маем здольнасць развівацца, і трэба памятаць пра гэтае “я”, шанаваць яго. Гэта і ёсць культура, якая дапамагае чалавеку ўсведамляць сябе ў гэтым вялікім свеце. Чытанне літаратуры, прагляд кінастужак, прагулкі з гутаркамі пра ўсё на свеце, назіранне за іншымі людзьмі — чым бы чалавек ні займаўся, яго напоўненасць, яркасць, індывідуальнасць дасць яму магчымасць адчуць жыццё ў поўнай меры.
Кацярына Саладуха: Мастацкія творы і сам працэс малявання захаплялі мяне заўсёды. Я магу гадзінамі глядзець на карціны ў музеях і выставачных залах. Колер, лінія, фактура мазкоў, гульня сэнсаў зачароўваюць і вельмі натхняюць. Я адчуваю, што ў мяне неадкладна ўзнікае патрэба выказаць свае ўражанні, эмоцыі на палатне з дапамогай фарбаў. Мастацтва іншых робіцца каталізатарам маіх уласных спробаў творчасці.
Кацярына Саладуха: Творы іншых мастакоў дапамагаюць у вызначэнні ўласных пераваг. Напрыклад, карціны ў тэхніцы рэалізму, выклікаюць ува мне меншы эмацыйны рэзананс, чым працы імпрэсіяністаў і постімпрэсіяністаў. Клод Манэ, Марк Шагал шукалі новыя сродкі выказвання, і дзякуючы іх знаходкам я разумею, што ўмоўнасць, непасрэднасць малюнка, сімвалізм для мяне нашмат больш каштоўныя, чым выразнае фіксаванне рэальнасці.
Юрый Іваноў: Уменне дакладна пераносіць убачанае на палатно яшчэ не значыць, што чалавек — мастак. Можа быць, у яго талент да рамеснай дзейнасці, але да мастацтва гэта мае мала дачынення. А вось калі да працэсу падключаецца энергія вашай любові да фарбы, калі з часам вы выпрацоўваеце індывідуальныя прыёмы і вашыя працы пазнаюцца з тысячы іншых, тады варта казаць пра пошук свайго месца ў мастацтве. Што да навыкаў акадэмічнага малюнка, варта адзначыць, што існуюць сусветна вядомыя мастакі, якія не атрымалі класічнай адукацыі. Ніко Пірасмані, Анры Русо — прадстаўнікі наіўнага мастацтва, мастацкага прымітыву. Яны былі настолькі таленавітыя, наколькі ім хацелася займацца любімай справай. Жаданне — гэта паліва, з дапамогай якога дасягаюцца цудоўныя вынікі.
Юрый Іваноў: Калі вы прыйдзеце да мяне і скажаце: «Я хачу маляваць. Не ведаю, як гэта рабіць, але вельмі хачу навучыцца», — то я паспрабую крок за крокам падвесці вас да закаханасці ў фарбы. Калі падчас малявання вы будзеце атрымліваць асалоду гэтак жа, як калі танчыце, спрабуеце смачную ежу, слухаеце музыку, для мяне гэта будзе вялікай падмогай у рабоце. Перш за ўсё вам неабходна напоўніцца энергіяй, а затым даць гэтую энергію фарбам. Паміж вамі і выяўленчымі сродкамі павіннае нарадзіцца ўзаемадзеянне. Адна справа, калі вы гледзіце на пастановачны нацюрморт, вывучаеце прыёмы малюнка, і зусім іншае — калі пачынаеце з раскрыцця таго, што ў вас унутры. Ёсць дакладны выраз Карла Ясперса: «Чалавек значна большы за тое, што ён пра сябе ведае». Паверце, вы здзівіцеся сваім адкрыццям!
Кацярына Саладуха: Думаю, мастакі бяруцца за пэндзаль з рознымі мэтамі. Для мяне маляванне — гэта спосаб самавыяўлення, пасярэднік, які перадае думкі з дапамогай фарбаў. Я не імкнуся да прэзентацыі сваіх работ у галерэях і музеях. Можа быць, мае працы будуць цікавыя толькі мне. Але ўжо гэта — прычына маляваць.
Юрый Іваноў: У нашай студыі праца з дзецьмі і дарослымі не разглядаецца як фармаванне будучых мастакоў. Мы кажам пра тое, што выяўленчае мастацтва можна выкарыстоўваць як сродак для развіцця асобы. Гэтай задачы служаць і іншыя сферы мастацтва: музыка, тэатр, літаратура. Пасля цеснага ўзаемадзеяння з імі чалавек пашырае межы свайго ўспрымання свету, развівае эстэтычны густ, вучыцца кіравацца ўласнымі прынцыпам, захапляцца ўчынкамі іншых людзей. Можна сказаць, што мы займаемся выхаваннем пачуццяў, неабходных для паўнавартаснага і гарманічнага жыцця.
Ганна Трубачова, Ганна Шапашнікава
Фота: Аляксандр Tarantino Ждановіч