Вы калі-небудзь чулі пра стравы, якія нашыя продкі гатавалі ў час жніва? Калі не, то гэты рэцэпт для вас! А калі вы яшчэ і любіце грыбы, дык дакладна ўпадабаеце калачыкі з грыбным начыненнем. Іх гатаваць вельмі лёгка, а калі няма часу рабіць цеста, то яго можна набыць у бліжэйшай краме.
Страва ў час жніва
Калачыкі — страва, якую гатавалі падчас жніва. Абалонка з цеста з начыненнем сімвалізавала зерне ў лушпіне. Начынялі калачыкі тым, што акурат маглі збіраць у час жніва: грыбами, цыбуляй, морквай, капустай. Страва была папулярнай сярод сялянства, але і заможныя слаі насельніцтва не грэбавалі паласавацца калачыкамі. Іх падавалі як самастойную страву, мачалі ў смятану, елі з малаком ці прастаквашай, або ўпрыкуску да супа. Зараз калачыкі могуць быць смачным дапаўненнем да чаявання, а гатаваць іх можна, як нашыя продкі, — усёй сям’ёй.
Ёсць розныя формы гэтай выпечкі: гэта можа быць булачка, у сярэдзіну якой паклалі начыненне, можа быць круглы пірог. У нас калачыкі закрытыя, яны могуць вам нагадаць літоўскія кібінаі ці рускія піражкі. Чаму з начыненнем унутры? Бо так смачней! Начыненне аддае свой смак і водар цесту, калачык атрымліваецца настолькі сакавіты, што нават хвосцік хочацца даесці.
Як прыгатаваць калачыкі з грыбным начыненнем
Пачаць варта з падрыхтоўкі дражджавога цеста: муку ўсыпаць у посуд, туды ўбіць два яйкі, дадаць дрожджы, кавалак масла, лыжку солі, уліць цёплага малака, а потым добра вымесіць да аднароднай масы, дадаючы муку пры патрэбе. Паверхню добра абсыпаць мукой, выкласці туды цеста, накрыць яго на гадзіну, каб падышло. Увага, цеста мусіць падыходзіць у цёплым месцы!
За гэты час зробім начыненне. Адвараныя лісічкі трэба дробна пасячы, крыху абсмажыць іх на алеі. Праз хвілінку дадаць мелка парэзаную цыбулю, соль і перац — па смаку, перамяшаць і смажыць каля 5 хвілін. Начыненню даць астынуць.
Перад працай з цестам рукі і каталку варта нацерці мукой, такім чынам цеста не будзе прыставаць. Яго трэба яшчэ раз добра вымешаць. Вы адчуеце, калі перастануць унутры шчоўкаць бурбалкі, тады цеста гатова. Парэжце на парцыённыя кавалкі, раскатайце ўздоўж і ўпоперак, вылепіце вострыя хвосцікі і борцікі, каб было лягчэй фармаваць калачык. У гатовую форму з цеста пакладзіце астылае начыненне, заляпіце пасярэдзіне і сфармуйце прыгожы грабеньчык.
Калачыкі выкласці на паперу для выпякання, змазаць алеем і паставіць у духавую шафу ці печ на 20 хвілін пры тэмпературы 180 градусаў.
Крыху астылыя калачыкі смачна есці з гарбатай як самастойную страву, або са смятанай ці ўпрыкуску да супа.
Смачна есці!
Нам спатрэбяцца на 5 калачыкаў:
Грыбы вараныя — 340 грамаў
Малако — 160 мілілітраў
Цыбуля — 160 грамаў
Алей — 40 мілілітраў
Дрожджы — 20 грамаў
Масла — 20 грамаў
Два яйкі
Чайная лыжка солі ў цеста
Перац і соль у начыненне — па смаку
Усе рэцэпты рубрыкі