Легенда, што ў культавага рамана «Каласы пад сярпом тваім» існаваў працяг, з’явілася яшчэ ў 1990-м і дагэтуль натхняе рамантыкаў. Крытык Дзяніс Марціновіч, даследчык біяграфіі Уладзіміра Караткевіча, прачытаў больш за 1400 старонак ліставання творцы, якія ўвайшлі ў яго новы збор твораў у 25 тамах, і дзеліцца новымі знаходкамі. Яны дазваляюць адказаць на пытанне, існаваў той працяг ці не.
Раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім», выданне 1968 года. Фота: ay.by
«Канец першай кнігі». Менавіта такую фразу маглі ўбачыць чытачы чэрвеньскага нумара часопіса «Полымя» за 1965 год. Менавіта ў ім скончылася публікацыя культавага рамана Уладзіміра Караткевіча. Але працяг так і не з’явіўся.
У 1968-м раман выйшаў ужо ў выглядзе кнігі — прычым у двух тамах. З таго часу тое дзяленне замацавалася і пры наступных выданнях «Каласоў». За год да гэтага, у 1967-м Караткевіч даў інтэрв’ю газеце «Літаратура і мастацтва». У ім прагучала пытанне: «У пачатку года «Полымя» абвясціла, што сёлета ў часопісе будзе друкавацца другая кніжка рамана. Значыць, яна ўжо таксама напісана?». Пісьменнік адказаў: «У асноўным так. Уласна кажучы, гэта будзе не другая, а трэцяя і чацвёртая кніжкі, таму што першую я вымушаны быў падзяліць на дзве. Праўда, работа над імі крыху зацягваецца. <...>, паступаюць усё новыя і новыя матэрыялы».
Менавіта гэта выказванне і дазволіла даследчыку Адаму Мальдзісу выказаць меркаванне, што ў «Каласоў» мог існаваць працяг. Даследчык меркаваў, што «чарнавік трэцяй і чацвёртай кніг (калі ён існаваў) хутчэй за ўсё знік летам 1982 года» — тады пісьменнік з жонкай быў у Сімферопалі, а ў гэты час іх мінскую кватэру абрабавалі.
Уладзімір Караткевіч
З версіяй, што працяг рамана (хай сабе і ў выглядзе чарнавіка) існаваў, пагадзіліся не ўсе. Даследчык Анатоль Верабей пісаў у сваёй кнізе «Абуджаная памяць» (выйшла ў 1997-м), што «архіўныя матэрыялы не дазваляюць сцвярджаць, што раман быў закончаны». Пры гэтым ён спасылаўся на аўтабіяграфію пісьменніка, датаваную 1 снежня 1964 года: «Пасля двух год перапынку здаў у «Полымя» новы свой раман «Каласы пад сярпом тваім». Здаў першы том. Другі не выпускаю з рук, дапрацоўваю».
«Каласы пад сярпом тваім», кніга першая, выданне 1968 года. Фота: ay.by
Першы том — той, які пабачыў свет (спачатку ў часопісе, потым у кнізе). Другі — менавіта той працяг, які мы шукаем. Гучыць, як нібыта яшчэ адзін аргумент на карысць яго існавання.
Але ў той жа кнізе Верабей прыводзіць яшчэ адну цытату з гэтай жа аўтабіяграфіі: «Цяпер працую над гістарычным кінасцэнарыем «Хрыстос прызямліўся ў Гародні»». Караткевіч скончыў яго 31 сакавіка 1965 года. А ўжо 7 красавіка пачаў пісаць аднайменны раман. Атрымліваецца, што нібыта і часу, і магчымасці працягваць твор у пісьменніка не было.
У пачатку нулявых, калі пералічаныя вышэй факты ўжо былі вядомыя, я таксама зацікавіўся пытаннем, ці існаваў працяг. Менавіта тады і быў напісаны артыкул, які пазней увайшоў у мае кнігі «Донжуанскі спіс Караткевіча» і «Жанчыны ў жыцці Уладзіміра Караткевіча».
У тым тэксце я прааналізаваў, якія фрагменты працягу нам вядомыя. Гэта:
1. непасрэдны пачатак новай часткі «Каласоў», знойдзены ў хатнім архіве пісьменніка. У ім апавядаецца пра адзін з дзён жыцця Алеся Загорскага пасля таго, як яго па загаду віцэ-губернатара Ісленьева пасадзілі пад хатні арышт. Такімі падзеямі заканчвалася вядомая нам частка «Каласоў», імі жа пачыналася новая. На адвароце першай старонкі гэтага рукапісу Караткевіч алоўкам напісаў: «Пачаў 18 верасня 1964 г. У 11 г. дня. Дагэтуль напісаны былі раздзелы аб Маскве і некаторыя другія»;
2. аповесць «Зброя», упершыню апублікаваная толькі ў пачатку 1980-х. Дзеянне ў ёй адбываецца зімой і вясной 1862 года ў Маскве, куды Алесь, Мсціслаў, Кандрат Кагут і «дзядзька» Кірдун прызджаюць, каб здабыць зброю для будучага паўстання і вызваліць ад катаргі Андрэя Кагута. А калі ўзгадаць, што дзеянне двух першых раздзелаў адбываецца ў другой палове 1861 года (пасля адмены прыгоннага права), дык атрымоўваецца цэласны фрагмент. Мяркуючы па ўсім, гэта і ёсць раздзелы «аб Маскве»;
3. раздзел «Студзеньскім цёмным світаннем», які быў апублікаваны ў газеце «Літаратура і мастацтва» 1 лютага 1963 года. Заўважым, яшчэ да таго, як Караткевіч закончыў апублікаваную частку «Каласоў...» — да мая 1964 года. Дзеянне раздзела адбываецца 27 студзеня 1864 года. У той дзень Кастусь прысутнічае на пакаранні смерцю Франса Раўбіча — швагера Алеся Загорскага.
Таксама я прыйшоў да высновы, што часткай «Каласоў» — дакладней, яе фіналам — з’яўлялася апавяданне «Сіняя-сіняя». У ім герой «Каласоў» Пятрок Ясюкевіч, які вучыўся з Алесем Загорскім у Віленскай гімназіі, у 1880 годзе трапляе ў пустыню Сахара, дзе разам з маленькай дачкой мясцовага шэйха памірае ад смагі. Апавяданне было завершана 14 лютага 1964 года (стваралася падчас напісання вядомай нам часткі рамана), падыходзіла для фінала як тэматычна, так і агульным настроем: пасля краху ўсяго нечакана з’яўлялася надзея на адраджэнне. Менавіта «Сіняя-сіняя» і падыходзіла пад характарыстыку «некаторых другіх» раздзелаў, якія напісаў Караткевіч (гаворка пра пункт 1).
Раман «Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча. Выданне 2017 года. Фота: lohvinau.by
Такім чынам, ва ўяўленні пісьменніка існаваў план таго, як у рамане будуць разгортвацца далейшыя падзеі. Ад працягу «Каласоў» застаўся самы пачатак (першыя два раздзелы і аповесць «Зброя»), адзін раздзел ужо пра канец паўстання («Студзеньскім цёмным світаннем») і непасрэдны фінал («Сіняя-сіняя»). Астатняе не было апублікавана. Нібыта ўсё сыходзілася. Знікненне рукапісу летам 1982 года (калі яно было) канчаткова пахавала надзею ўбачыць працяг надрукаваным.
Тады, у нулявыя і дзясятыя, я шчыра спадзяваўся, што Мальдзіс меў рацыю. Аднак праз гады ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» стаў выходзіць збор твораў Караткевіча ў 25 тамах (кіраўнік праекта Анатоль Верабей). У 2020-м, 2022-м і 2023-м выйшлі, адпаведна, 19, 20 і 21 тамы, якія ўключалі ліставанне пісьменніка. Каб разабрацца, ці паспеў Караткевіч напісаць працяг, я выбраў у іх усе цытаты, якія тычыцца гэтай праблемы, і расставіў іх у храналагічным парадку.
«Я сейчас шлифую свой новый роман «Каласы пад сярпом тваім». <...>. Через какой-либо месяц будет отшлифована первая книга. Месяца через три — вторая. <...>. Новый роман начинается 1850 годом и кончается осенью того года, когда Каракозов стрелял в царя», — піша Караткевіч 5 кастрычніка 1962 года пісьменніку Паўлу Кабзарэўскаму, якому прапаноўваў перакласці раман на рускую мову.
Адзначым, што вядомая нам частка рамана завяршаецца падзеямі 1861-га. Стрэл Каракозава ў расійскага імператара Аляксандра ІІ адбыўся ў 1867-м. Караткевіч да гэтага часу свой раман не давёў, але бачыў такім фінал і праз пяць гадоў пасля напісання ліста.
На абмеркаванні рамана ў Саюзе пісьменнікаў у 1967-м Караткевіч апісваў заканчэнне «Каласоў» так: «Перад канцом, калі Алесь Загорскі і Корчак ідуць праз пікет пасля замаху на Аляксандра ІІ, іх збіваюць на граніцы, калі яны хочуць перайсці яе. Мне гэты канец падабаецца». Ледзь не тую ж самую канцоўку можна ўбачыць і ў чарнавіках пісьменніка: «Сял. варта. Б’юць. Апошн. позіркам і як вішн. сонца... Серабрыстыя аблокі. Канец».
Ідзем па цытатах далей. «Думаю, в конце апреля сдам первую книгу романа, а к концу года — отшлифовав, вторую и третью. Спать будет некогда. Гулять и прочими такими делами заниматься — тоже», — піша Караткевіч 7 красавіка 1964 года свайму латышскаму сябру Ераніму Стулпану. Справа ў тым, што Караткевіч задумаў напісаць раман у трох частках. Як пісаў Анатоль Верабей, «у першай частцы (кнізе) якога хацеў паказаць пярэдадзень паўстання, у другой — само паўстанне, у трэцяй — яго разгром і, відаць, вынікі. У далейшым была напісана першая кніга пад назвай «Выйсце крыніц»».
28 мая 1964 года Караткевіч зноў піша Стулпану: «Пока стал только первый том, чтобы не сократили очень». У той жа дзень Адаму Мальдзісу: «Здаў пакуль што толькі (!!!) 1500 старонак, першы том, апошнія гады панства, вызваленне, сялянскі рух пасля яго, першыя крокі арганізацыі. Вырашыў, што калі здам адразу два — удвая больш скароцяць. Паспею яшчэ з другой кнігай».
19 ліпеня 1964 года Караткевіч піша свайму выкладчыку па Кіеўскім ўніверсітэце Аляксандру Назарэўскаму: «В марте много сидел в виленских архивах. Потом в громадной спешке шлифовал первый том «Колосьев под серпом твоим...» (решил пока отдать в журнал только первый том, чтобы меньше сократили)». Яму ж 12 лютага 1965 года: «Надо будет снять с машинки еще один экземпляр «Колосьев» (1400 страниц с лишним), вычитать и отдать экземпляр художнику, авторизировать перевод латышских сказок, рукописи разослать в разные места, да и за второй том романа, наконец, приниматься».
Якраз у лютаўскім нумары часопіса «Полымя» за 1965 год пачынаецца публікацыя «Каласоў». Яна ідзе пяць нумароў і завяршаецца ў чэрвеньскім нумары.
««Каласы» не чытай, пакуль не дашлю асобную кнігу ці рукапіс. <...>. Выразалі яны, чэрці, усё небяспечнае ў выказваннях Кастуся і ягоных сяброў, выкінулі многія аб ім сцэны. Я не кажу ўжо, што сапсуты сцэны з Шаўчэнкам, што нават лініія галоўная героя ў сім-тым знявечана (і ў важлівым). Незразумела, як скончыцца яго гісторыя з Майкай (уцёкі, штурм царквы, іх першая ноч перад дуэляй з Франсам Раўбічам), незразумела будзе ў другой кнізе, куды падзеліся некаторыя героі (забойства людзьмі «ку-гі» Стафана Кагута, помста Кандрата, калі ён канчае забойцу, Тодара Таркайлу, смерць старога дзеда Кагута). Словам — не тэкст, а суцэльны адчай», — піша Караткевіч 6 ліпеня 1965 года даследчыку Генадзю Кісялёву.
Помнік Уладзіміру Караткевічу ў Оршы. Фота: wikipedia.org
Усе сюжэтныя лініі, названыя ў апошнім лісце, вядомыя чытачам «Каласоў» — яны маюцца ў апублікаванай кнізе. Прычым працытаваныя вышэй фрагменты лістоў сведчаць, што ў нейкай форме працяг існаваў. Фраза «вырашыў, што калі здам адразу два — удвая больш скароцяць», — сведчыць, што ў тэорыі можна здаваць і другую частку. Выказванне «а к концу года — отшлифовав, вторую и третью», — паказвае, што яны, як мінімум, існуюць у фармаце чарнавікоў. Але фраза «за второй том романа, наконец, приниматься» паказвае, што чыставога выгляду не існуе.
Аднак далей праца запавольваецца. «І я, калі вярнуся, другую «кніжніцу» канчаць буду. Усю зіму», — піша Караткевіч 5 верасня 1965 года пісьменніку Янку Брылю з Уладзівостока, дзе праходзіў вайсковыя зборы. Заўважце, што справа ідзе пра заканчэнне рамана, а не пра яго напісанне.
Тым часам вядомая нам частка «Каласоў» з цяжкасцю ідзе да кніжнага выдання. Шмат часу адбірае яе рэдагаванне. 29 студзеня 1966 года Караткевіч піша даследчыцы Алене Ніякоўскай: «Я здаў днямі раман, пераапрацаваўшы пасля рэцэнзіі». А ўжо 16 лютага 1966 года ў лісце Генадзю Кісялёву: «Улетку, скончыўшы з усім іншым, упрытык сяду за заканчэнне «Каласоў»».
Нарэшце, 21 ліпеня 1967 года Караткевіч заявіў у газеце «Літаратура і мастацтва», што праца над працягам «крыху зацягваецца. <...>, паступаюць усё новыя і новыя матэрыялы» (на гэтую цытату і абапіраўся Мальдзіс).
Гэтае выказванне зноў сведчыць, што праца працягваецца — хай сабе і ў форме пошукаў матэрыялаў.
У наступныя гады Караткевіч неаднаразова звяртаўся да ідэі скончыць раман. «Все выжидаю момента, когда наступит праздник: <...> и новой ручкой начну писать окончание «Каласоў пад сярпом тваім»», — адзначаў пісьменнік у лісце польскаму даследчыку Здзіславу Нядзелю 2 снежня 1972 года. «Осенью сяду кончать «Каласы»», — пісаў ён таму ж карэспандэнту 8 сакавіка 1973 года. Вось яшчэ адна цытата з ліста гэтаму чалавеку ад 14 мая 1979 года: «И надо в конце концов, засесть за продолжение «Колосьев», и без того может случиться так, что помрёшь и не кончишь». Нарэшце, 3 студзеня 1980 года ён піша Нядзелю: «Я не теряю надежды продолжить «Каласы»».
Вясной 1982 года Караткевіч напісаў наступную распіску тагачаснаму дырэктару выдавецтва «Мастацкая літаратура»: «Абавязуюся здаць канец «Каласоў» М. Ф. Дубянецкаму ў канцы снежня 1982 года. Ул. Караткевіч. 5 сакавіка 82 года. План выхаду — 84 год (83 — рэдпадрыхтоўка). 44 аркушы. На машынцы 1000 старонак. 4 ст. на дзень».
«І яшчэ — «Каласы» трэба ўрэшце канчаць», — гэта цытата ад 2 ліпеня 1982 года ў лісце гісторыку Міколу Улашчыку.
І тут летам 1982 года здараецца рабаванне кватэры. У сваёй кнізе Адам Мальдзіс пісаў наступнае: «У адсутнасць гаспадароў кватэру абакралі. Забралі ўсе залатыя і сярэбраныя рэчы, крышталь. Заадно прыхапілі ўзнагароды, дакументы. Усяго страт набралася на некалькі тысяч (у апошнія гады жыцця Караткевіч ужо меў добрыя ганарары, у тым ліку і замежныя). Але не яны бянтэжылі гаспадара. Доўгі час ён хадзіў прыгнечаны, злаваў, калі ў яго пыталі, што ўзята: «Ведалі, што браць, гады! Білі прама пад дых!» Але ад канкрэтызацыі ўхіляўся. <...>. У росшук грабежнікаў былі ўключаны лепшыя мінскія шэрлакі холмсы <...>. Але і яны не змаглі нічога зрабіць. Казалі, што папрацавалі тут «класныя спецыялісты», што не абышлося без наводчыка. Відаць, тады, побач з каштоўнымі рэчамі (не выключана, што іх бралі для адводу вачэй), знік і рукапіс другой палавіны «Каласоў...». Прынамсі, не прыпомню, каб пасля таго здарэння Караткевіч гаварыў пра заканчэнне і выданне «Каласоў...» як пра нешта рэальнае».
Адам Мальдзіс
Версія выглядае лагічна. Аднак пры звароце да лістоў са збору твораў узнікаюць пытанні.
Перш за ўсё, бянтэжыць наступнае. У ліставанні Караткевіч неаднаразова звяртаецца да адной і той жа тэмы, калі піша пра пэўныя акалічнасці (напрыклад, спробы паступіць у аспірантуру, выхад пэўнага рамана і г. д.) розным людзям. Усяго ў ліставанні больш за 1400 старонак, але рабаванню прысвечаны адзін абзац.
29 ліпеня 1982 года Караткевіч пісаў расійскай даследчыцы-акіянолагу Марыі Канстанцінавай: «Обокрали нас какие-то мазуруки, пока мы ездили в Симферополь (надо же было ее (жонку Валянціну. — Д. М.) взять с собой развеяться): у нее немного было украшений (мы как-то предпочитали вместо лишнего кольца махнуть, скажем, в Таджикистан и посмотреть горы или побродить недельку по старому Таллину и пр.), так и те унесли, осталось то, что было на ней».
Тон іранічна-жартаўлівы, не сур’ёзны. Ды і гаворка пра тое, што рэчаў было няшмат (у адрозненне ад успамінаў Мальдзіса). Нікому іншаму Караткевіч пісаць пра рабаванне не палічыў неабходным. Можа, ён наўмысна вырашыў не паведамляць пра сур’ёзную страту? Але не, гэта таксама абвяргаецца дакументамі.
У запісах пісьменніка захаваліся наступныя радкі, датаваныя 25 кастрычніка 1982 года: «Так, цяпер складаць зборнік вершаў, а там, можа, калі дасць бог, да вясны рабіць «Каласы». Праўда, час ужо». Яшчэ праз месяц, 18 лістапада 1982 года, Караткевіч піша Марыі Канстанцінавай: «До Нового года я не успею окончить «Колосья», <...>. А в будущем году до лета окончить, наконец, «Колосья». Я согласен с ними, и так непростительно затянул. Может быть, до лета сдам». Калі б чарнавік быў бы скрадзены, напісаць гэтыя радкі ён бы не змог. Аднак у лютым 1983 года ў пісьменніка памерла жонка. Дэпрэсія і ўласныя хваробы не дазволілі скончыць твор.
Такім чынам, гіпотэза Мальдзіса — гэта міф, хай і вельмі прыгожы.
Прыведзеныя ў тэксце факты сведчаць, што ў 1960-я працяг існаваў (іншая справа, у якой форме). Тады як разумець лісты Караткевіча ў 1970-я і пачатку 1980-х?
Для адказу на гэтае пытанне вярнуся да распіскі пісьменніка, у якой ён вясной 1982 года абяцаў здаць раман у канцы снежня. У гэтым дакуменце ён планаваў пісаць чатыры старонкі на дзень.
Анатоль Верабей сцвярджаў, што гэты матэрыял, «асабліва прыпіска ў канцы (гаворка пра колькасць старонак. — Д. М.), сведчыць, што пісьменнік думаў хутчэй за ўсё не пра напісаны твор, а пра яго напісанне».
Мне здаецца, што ісціна пасярэдзіне. Гаворка не пра напісаны твор і не пра яго напісанне, а пра рэдагаванне, стварэнне чыставіка з чарнавіка, які існаваў часткова фізічна, а часткова ва ўяўленні пісьменніка. Будзем шчырымі: працаздольнасць Караткевіча ў гэты час была не такая высокая, як у часы маладосці. Першую, вядомую нам кнігу «Каласоў» ён пісаў два гады: з красавіка 1962 года да мая 1964-га. Уявіць, што менш за год, з сакавіка да снежня 1982-га будзе напісана другая частка, проста нерэальна. А вось калі рукапіс існаваў у выглядзе накідаў, гіпатэтычную магчымасць, што праца будзе завершана, дапусціць можна.
Уладзімір Караткевіч
Таму мая версія наступная. Працяг «Каласоў» існаваў, але пераважна ў чарнавым выглядзе (накіды, магчыма, нейкія невялікія фрагменты, лёс якіх пакуль невядомы). Магчыма, поўнай версіі і не было. Тыя ж фрагменты, якія пісьменнік давёў да канчатковай версіі, урэшце засталіся ў архіве або былі апублікаваныя як самастойныя творы.
Але — скажу тут крамольную думку — у тым, што атрымалася так, як атрымалася, былі свае плюсы. Свае лепшыя творы Караткевіч напісаў у шасцідзясятыя, у часы свайго творчага росквіту. Калі б ён узяўся за працяг адразу і давёў справу да фіналу, было б цудоўна. Але ці атрымалася б захаваць той узровень у другім томе, калі б Караткевіч пісаў яго ў пачатку 1980-х? Ці не былі б чытачы расчараваныя? Цалкам магчыма. Магія магла б знікнуць. А так яна, прынамсі, для некалькіх пакаленняў, засталася, што і робіць «Каласы» культавай для беларусаў кнігай.
Дзяніс Марціновіч, Budzma.org