У Музей Вольнай Беларусі перадалі выбарчыя бюлетэні 2020 года, якія выратавалі з агню

У студзені 2026 года калекцыя Музея Вольнай Беларусі папоўнілася ўнікальнымі артэфактамі. Былая палітзняволеная і актывістка Паліна Шарэнда-Панасюк перадала ў Музей арыгінальныя бюлетэні з прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

Biuleteń

Беларускія ўлады спрабавалі спаліць дакументы ў адной з берасцейскіх качагарак 10-11 жніўня, адразу пасля выбараў, парушаючы ўсе магчымыя законы і правілы. Берасцейскія актывісты здолелі выцягнуць бюлетэні з агню і перадалі іх Паліне Шарэндзе-Панасюк. Падчас турэмнага зняволення актывісткі паперы заставаліся схаванымі на тэрыторыі Беларусі. Толькі пасля яе выезду за мяжу стала магчымым забяспечыць іх вываз у Варшаву. 

20 бюлетэняў сталі новымі экспанатамі Музея Вольнай Беларусі. На іх выразна бачныя як подпісы членаў выбарчых камісій — што сведчаць пра аўтэнтычнасць дакументаў — так і сляды агню. Гэтыя бюлетэні з’яўляюцца прамымі сведчаннямі фальсіфікацый выбараў і маштабнага падману беларускага народа ў адзін з ключавых момантаў найноўшай гісторыі краіны, калі менавіта праўда мела вырашальнае значэнне і змяняла наша жыццё.

Biuleteń

Амаль знішчаныя, але выратаваныя бюлетэні — гэта не толькі важны гістарычны аб’ект калектыўнай памяці, але і патэнцыйны юрыдычны доказ злачынстваў беларускага рэжыму для незалежных прававых працэсаў у будучыні. 

Biuleteń

Фонд Музея Вольнай Беларусі працягвае актыўна папаўняцца. На сённяшні дзень калекцыя налічвае больш за 400 экспанатаў, сярод якіх артэфакты барацьбы беларусаў 2020 года, рэчы з фронту байцоў Палка Каліноўскага, а таксама асабістыя прадметы і адзенне вызваленых палітычных вязняў.