Сяргей Календа і Міхал Бараноўскі: новыя выпускі праграмы «Кантэкст»!

Нягледзячы на перашкоды, ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» працягвае свой відэапраект — цыкл літаратурных гутарак «Кантэкст». У кожным «Кантэксце» вас чакаюць інтэрв’ю з вядомымі беларускімі літаратарамі, а таксама іх аўтарскія чытанні.



Рады прадставіць вам выпуск з выдаўцом, празаікам, дзіцячым пісьменнікам Сяргеем Календам. Вядоўцы «Кантэксту» Усевалад Сцебурака і Ціхан Чарнякевіч гутараць са спадаром Сяргеем пра асаблівасці літаратурнай біяграфіі, заснаванне і рэдагаванне часопісаў «Макулатура» і «Мінкульт», пра сучасны літаратурны свет і якім чынам у ім можна заявіць пра сябе.

Сяргей Календа нарадзіўся 15 сакавіка 1985 года ў Капылі. Скончыў БДУ (факультэт міжнародных адносінаў; спецыяльнасць «культуролаг-гебраіст»), вывучаў філасофію і літаратуру ў Беларускім Калегіуме. Стыліст міжнароднага класу. Аўтар кніг «Помнік атручаным людзям», «Казкі. Гісторыі (не) пра нас», «Іржавы пакой зь белымі шпалерамі», «Трохлітровая проза», «Кантынэнтальны сьняданак», "Балтыйскія шкарпэткі і інш.


У новым выпуску «Кантэксту» вядоўцы Анатоль Івашчанка і Усевалад Сцебурака гутараць з паэтам, музыкам, кіраўніком філіялу «Літаратурны музей Максіма Багдановіча» Міхалам Бараноўскім.

Міхал Бараноўскі нарадзіўся 1 снежня 1984 года. Скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Служыў у войску. Стварыў гурт «Нельга забыць», з якім у 2012 годзе атрымаў Гран пры фестывалю «Бардаўская восень». Галоўны ініцыятар і каардынатар суполкі «Вежа міру», якая перыядычна ладзіць розныя культурніцкія імпрэзы. Зараз працуе загадычыкам Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. Лаўрэат прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча.