А што адбудзецца, калі знікнуць традыцыі? У новым спектакле «Ryk» Паліна Дабравольская падымае тэму ідэнтычнасці і абрадаў

Рэжысёрка і музыка Паліна Дабравольская 10 і 11 ліпеня пакажа на сцэне Надажынскага цэнтра культуры ў Польшчы новы спектакль «Ryk», піша reform.news.

Palina Dabravoĺskaja
Паліна Дабравольская. Фота: chornabrova.com

Створаны паводле тэксту Каэ Словік-Дабравольскай, пастаноўка з удзелам беларускіх і польскіх творцаў, звяртаецца да дыстапічнага бачання будучыні. 15 сакавіка 2063 год. Што калі ўсё, што застанецца чалавецтву — гэта турма і тэхналогіі? Што, калі культура, абрады і рытуалы знікнуць у выніку розных працэсаў?

У спектаклі дзеянне адбываецца ў разбураным будынку з замкнёным водаправодам і разгалінаванай сістэмай фільтрацыі паветра. Тры гераіні сутыкаюцца там з таямнічым Рыкам.

«Старэйшая з іх, Тэкля, даглядае жыхароў, вымушаных жыць у ізаляцыі. Яе дачка спрабуе справіцца з няўстойлівымі тэхналогіямі, якія дапамагаюць ім заставацца жывымі, а малодшая, Візія, шукае паратунку ў архіўных калекцыях запісаў і файлаў, — адзначаецца ў анатацыі да пастаноўцы. — Гераіні Рыку існуюць у турме без выхаду, дзень за днём шукаючы сэнс сваёй працы і існавання. Гэта гісторыя пра самаабарону ад адзіноты і бездапаможнасці, пра экалагічны крызіс і, перш за ўсё, пра тое, што мы можам страціць, калі не будзем дзейнічаць зараз».

Адпраўным пунктам Паліны Дабравольскай падчас стварэння спектакля стала тэма паступоваага знікненне традыцый. У выпадку Польшчы — на карысць капіталізму, а ў Беларусі — з-за актыўнага выкаранення фальклору праз русіфікацыю і рэжым Лукашэнкі.

Afiša

У новай пастаноўцы рэжысёрка закранае тэму ідэнтычнасці, ролі абрадаў і рытуалаў у сённяшнім кантэксце. А таксама іх патэнцыялу ў будаўніцтве і ўмацаванні супольнасці, надзвычай важных у барацьбе за лепшую будучыню.

У «Ryk» задзейнічаны беларускія і польскія артысты: Дарота Глац, Алена Вайцяхоўская, Аляксандра Срока.

Музыка: Каэ Словік-Дабравольская. Касцюмы: Аляксандра Саўчанка. Харэаграфія: Станіслава Шаблінская.

Музыка і рэжысёрка Паліна Дабравольская вядома сваімі пастаноўкамі: «Сарматыя», «Я выйду з лесу, выцягну хрыбет, і ён будзе служыць мне замест мяча», COMA, "Гераіні«ды іншыя. У даробку артысткі музычныя альбомы COMA, «Слова», Chornabrova. Як адзначае Паліна, вядучымі ідэямі ва ўсіх яе працах з’яўляюцца тэмы маленькага чалавека ў гіганцкай прасторы Сусвету і пошук узаемаразумення.

Час і месца прэм’еры: 10 і 11 ліпеня, 19:00, Надажынскі цэнтр культуры.

Набыць квіткі на імпрэзу можна тут.