Напярэдадні калядных святаў мы пачынаем публікацыю матэрыялаў пра асаблівасці іх святкавання. Артыкулы будуць выходзіць па пятніцах. Другі тэкст прысвечаны асаблівасцям святкавання Калядаў у нашай краіне.
На мінулым тыдні мы пачалі разбірацца ў «калядным календары» беларусаў: якія значныя кропкі Калядаў і калі ў нас адзначаюцца. Беручы пад увагу асаблівасці беларускага лічэння часу, мы вызначылі ажно 5 святочных дзён (больш дакладна — начэй)! А зараз прапаную разабрацца з тым, як жа адзначаюцца Каляды на Беларусі — пагаворым пра абрады і рытуалы.
Каляды: Што? Дзе? Калі?
Першым мне прыходзіць на думку абрад калядавання. Старажытны, ён цярпеў шмат інтэрпрэтацый, уплываў розных культурных традыцый: хрысціянскай, савецкага перыяду, але дайшоў да нашых дзён, захаваўшы сваю сутнасць. Калядаванне — гэта абыход двароў гуртам людзей, часта пераапранутых у жывёл, са спецыяльнымі песнямі-пажаданнямі добрай долі гаспадарам. За што і атрымліваюць ад апошніх падзяку-падарункі: ежу, пітво, грошы. Ад старажытнасці гэты абрад спрыяе дабрабыту. Таму і маскі былі адпаведныя: каза (сімвал плоднасці, дабрабыту, багацця), мядзведзь (лясны гаспадар), певень (сімвал жыццёвай сілы, захавальнік хатняга агменю). Калядаваць хадзілі напярэдадні Новага года. На сёння гэты абрад замацаваўся за новым годам па старым стылі — 13-14 студзеня. Таму часта можна пачуць і назву «шчадраванне». У гурце шчадравальнікаў з’яўлялася маска Дзеда (продак), у некаторых рэгіёнах прыгожа апраналі самую прывабную дзяўчыну і вадзілі па хатах. Яе роля — блаславіць гаспадарку на добры ўраджай, плоднасць свойскай жывёлы і, калі ў хаце ёсць незамужнія — паспрыяць шчасліваму шлюбу.
Царква ставілася да калядавання негатыўна, забараняла вясёлыя абыходы двароў, але цалкам выцесніць іх з народнай культуры так і не змагла. Паступова на першасны сэнс калядавання накладаецца хрысціянская міфалогія. Калядоўшчыкі ператвараюцца ў спадкаемцаў каралёў, якія першымі прыйшлі пакланіцца божаму сыну. Мяняецца змест песень, але сутнасць абраду застаецца нязменнай — абыход двароў з пажаданнем дабрабыту і плёну ў наступным годзе. Заходняя культура прынесла традыцыю батлейкі, якая з-пад дахаў касцёлаў трапіла і ў народнае асяроддзе.
У пазнейшыя часы калядаванне сталі ўспрымаць як забаўку моладзі і дзяцей. У гарадах гэты абрад амаль цалкам знік. Але ў некаторых беларускіх вёсках захаваліся ўнікальныя калядныя абрады. Напрыклад Семежаўскія «Цары»; «Шчодрык» з вёскі Рог і інш.
Значнай часткай каляднай абраднасці з’яўляюцца варожбы. Прычым пачыналіся яны ўжо ў пачатку снежня: 6-га — «варажбіт» (адмысловы вечар, калі можна даведацца будучы лёс); 13 — «дзявочыя варожбы» (магчымасць даведацца, хто прышле сватоў).
У калядны перыяд варажылі ў асноўным на будучы год — ці добры будзе ўраджай, ці не надарыцца якой бяды. Каб даведацца, чаго чакаць ад новага года, глядзелі ў ваду і полымя, лілі воск, варажылі нават па вантробах ахвярных жывёл, задавалі пытанні продкам.
Дзяўчаты варажылі на будучае замужжа. Абдымалі плыты, падслухвалі пад вокнамі, кідалі чаравікі, хадзілі ў цемры ў лазню, варажылі на пярсцёнках, а самыя адважныя — з дапамогай люстэркаў.
Абрадавымі былі і святочныя застоллі — тры куцці. Як адзначаюць этнографы, тры вячэры з абавязковай кашай-куццёй — гэта адгалосак культу продкаў. Кожная вячэра (24, 31 снежня і 6 студзеня — па новым стылі; 6, 13, 18 студзеня — па старым) мусіць пачынацца з рытуальнай стравы, і першая лыжка — заўсёды продкам. Куццю пачынаў гаспадар дома, запрашаючы продкаў (у ідэале іх трэба пералічваць пайменна да якога калена ўспомніш) за святочны стол. Таму гэтыя вячэры былі сямейнымі, а да сяброў на госці ішлі ўжо назаўтра.
Шмат дзе пад святочны абрус клалі сена — пасля ім лекавалі свойскую жывёлу (альбо кармілі для прыплоду); падсцілалі ў кубло для квактух (каб больш было куранятак па вясне); абвязвалі маладыя пладовыя дрэўцы (каб тыя давалі багацейшы ўраджай).
Важным складнікам Калядаў з’яўляецца вада. Культ вады спраўляўся на вадохрышча (7 студзеня па новым стылі; 19-га — па старым). Галоўны абрад у гэты дзень і да сёння — акунуцца ў палонку. Ну, ці хаця б набраць з яе вады. Лічыцца, што ў гэты дзень вада ў рэках, азёрах, калодзежах набывае цудадзейныя якасці. З прыходам хрысціянства палонкі пачалі рабіць у выглядзе крыжа з абавязковым асвячэннем вады царкоўнікамі. Да гэтага палонку рабілі круглай, па ходзе Сонца, абсаджваючы яловымі галінкамі навокал, каб да вады не дабраўся ні адзін нячысцік.
А ўвогуле вада адыгрывала важную ролю не толькі на вадохрышча. Рытуальнае мыццё і прыборка хаты, рытуальнае мыццё ў лазні напярэдадні святаў захаваліся да сёння.
Яшчэ адзін бок калядных абрадаў — ігрышчы. Калядныя свавольствы і штукарствы моладзі і не толькі насілі таксама рытуальны характар. Гоман, тлум, смех, гучная музыка і спевы падчас калядавання пакліканыя напалохаць, прагнаць усё нядобрае як мага далей ад паселішча. А падчас традыцыйных гульняў («Падушачка», «Яшчар», «Цяцерка», «Пячы ката», «Цярэшка») у моладзі з’яўлялася магчымасць бліжэй пазнаёміцца, «пафліртаваць», абраць сабе пару. Але нават калі ў вас ужо ёсць муж ці жонка, паўдзельнічаць у калядных гульнях вельмі раю — гэта штосьці неверагоднае! Унікальным беларускім абрадам каляднага цыклу з’яўляецца абрад «Цягнуць Каляду на дуба». Адроджаны ў 90-я гады мясцовымі жыхарамі, ён штогод спраўляецца 21 студзеня ў в. Новіны Бярэзінскага раёна і ў суседніх Чыжасе і Любушанах.
Неабходныя дзеянні, без якіх не будзе шчасця ў новым годзе, альбо проста забаўкі — кожны сам абірае, як ставіцца да старажытных абрадаў і рытуалаў. Але нейкая магія ў гэтым ёсць: калі чуеш калядкі ці бачыш, як падае знясіленая каза, і верыш, што падарунак яе ажывіць. Калі ідзеш карагодам пад напеўную мелодыю «Падушачкі» альбо падскокваеш, намагаючыся адкусіць кілбасны хвосцік ката. Калі ідзеш у натоўпе вакол старога дуба і згадваеш самае дарагое, прагнеш чагосьці ўсёй душой. І верыш. Верыш, што Каляда дапаможа, і тваё жаданне здзейсніцца. Абавязкова здзейсніцца.
Ева Вятрыскіна, budzma.by