Напярэдадні калядных святаў мы пачынаем публікацыю матэрыялаў пра асаблівасці іх святкавання. Артыкулы выходзяць па пятніцах. Трэці тэкст прысвечаны асаблівасцям каляднай кухні.
Каляды ўсё бліжэйшыя. Мы ўжо абмеркавалі, што і калі адзначаць і якія абрады і рытуалы існуюць на гэты перыяд. Самы час паклапаціцца пра ежу. Святочнае застолле — таксама неад’емная частка Калядаў.
Асноўнымі ў калядны перыяд з’яўляюцца тры куцці — тры вячэры напярэдадні галоўных святочных «пунктаў»:
— вялікая / бедная / посная (24 снежня па новым стылі, 6 студзеня — па старым)
— багатая / шчодрая / сытая / тоўстая (31 снежня па новым стылі, 13 студзеня — па старым)
— галодная / вадзяная (6 студзеня па новым стылі, 18 — па старым)
Слова «куцця» мае два значэнні: так называецца святочная вячэра, а таксама сакральная страва на гэтай вячэры. То і пачнём з яе, з куцці. Гэтая страва — сімвал неўміручасці і гатуецца з цэльных зярнят (у некаторых рэгіёнах — з тоўчаных ячных круп, але не з сечаных). На кожны святочны вечар гатуецца свежая куцця. Прычым усе тры гатуюцца ў адным і тым жа гаршчку і з аднолькавай колькасці круп. Каштаваць падчас гатоўкі куццю забаранялася. З куццёй падаецца штосьці накшталт поліўкі — разведзены вадой мёд ці алей. Цікава, што цяпер прынята пачынаць святочную вячэру з куцці. А ў этнаграфічных запісах зафіксавана, што ёю вячэра заканчвалася.
Куццю не толькі елі. На кожнай вячэры першую лыжку куцці пакідалі продкам, на апошнюю, вадзяную, куццю сакральнай стравай частавалі Мароза, каб не вельмі лютаваў. Па куцці варажылі. Быў і такі звычай: напрыканцы вячэры падкідаць рэшткі куцці дагары — каб такі ж высокі вырас лён і хутчэй падрастала свойская жывёла. Рэшткі ж куцці і крышкі з каляднага стала ні ў якім разе не выкідаліся — усё старанна збіралася і скормлівалася курам, каб больш давалі яек.
З галоўнай стравай разабраліся. Што ж яшчэ ўваходзіла ў святочнае меню? У розных крыніцах можна пабачыць, што «абавязковая» колькасць страваў складае 3, 5, 7, 9, 12. Адзначаецца, што колькасць страваў на святочным стале залежала ад заможнасці гаспадароў. Пры гэтым мясное гатуецца толькі на другую, шчодрую, куццю. На вялікую і вадзяную перавага аддаецца поснай ежы: грыбы, буракі, суп-крупнік, селядзец, вараны гарох, бліны альбо аладкі на посным алеі. І нават на запраўкі і поліўкі не выкарыстоўвалі жывёльнага тлушчу — толькі льняны ці канапляны алей.
Асобнымі стравамі лічыцца пітво: узвар з сушанай садавіны альбо кісель з журавінаў. Яшчэ этнографы адзначаюць, што важным элементам каляднага застолля было піва — яго дазвалялася ўжываць нават падлеткам (але не забываем, што тады піва было «нявыбраджаным», а значыць, і градус мела значна ніжэйшы).
Асобнай, абавязковай на ўсе тры куцці, стравай былі бліны ці ладкі. Першы блін (аладку) з кожнай вячэры захоўвалі да канца Калядаў. А пасля частавалі імі свойскую жывёлу, каб не хварэла і была недасяжная для ўсялякага чараўніцтва.
Застольны этыкет
Не толькі пэўнымі стравамі вылучаюцца святочныя застоллі. Вялікую ролю адыгрывае і абрадавы бок. Звычайна ўвесь дзень напярэдадні куцці пасцілі і есці сядалі са з’яўленнем першых зорак на небасхіле. Усё было вельмі ўрачыста, і ўсе ўдзельнікі застолля намагаліся весці сябе патрэбным чынам. Вячэралі пры жывым агні — запаленай свечцы.
Часта на стол клалі сена (яго мусіў прынесці гаспадар дома ці хтосьці з яго сыноў), потым засцілалі белым абрусам. На ранак гэтае сена выкарыстоўвалася ў «магічных» мэтах: яго падкладалі ў кубло квактухам, каб больш было куранят; ім кармілі худобу, каб не хварэла; ім абвязвалі пладовыя дрэвы, каб далі багацейшы ўраджай.
За калядным сталом збіралася па магчымасці ўся сям’я. Нават калі дзяўчына нядаўна пабралася шлюбам, на куццю яна прыходзіла ў бацькоўскую сям’ю. Гэта быў час, калі дзеці вучыліся, запаміналі на жывым прыкладзе старэйшых пакаленняў, што і як трэба рабіць, як сябе паводзіць «па-людску». Таксама за святочным сталом успаміналі продкаў, іх адметныя рысы.
Пасля вячэры пачыналася сапраўднае «калдунства»: гаспадар хаваўся за стравамі і запытваў у сямейных, ці бачна яго. Адказваць трэба было адмоўна. І тады гаспадар прыгаворваў: «Ну, каб на наступны год вы мяне не бачылі з-за хлеба». Абрадавае пытанне можна задаваць не адзін раз. І рытуальная фраза будзе мяняцца на апошнім слове — «з-за хлеба», «з-за агуркоў», «з-за капусты» і г.д. Лічылася, што такім чынам гаспадар паспрыяе ўраджаю наступнага года.
Не абыходзіліся тры куцці і без варажбы. Пасля заканчэння вячэры можна было выцягнуць з-пад абруса саломінку: калі яна доўгая і тоўстая, не паламаная, то цябе чакае доўгае багатае жыццё. Даведацца, ці ўсе чальцы сям’і застануцца ў наступным годзе ў гэтай хаце, можна было наступным чынам. Усе пасля вячэры кладуць свае лыжкі на падаконне так, каб чаранок лыжкі крыху звісаў з краю. Пасля кожны б’е па сваёй лыжцы. Сямейнік, чыя лыжка паляціць далей за астатнія, хутчэй за ўсё пакіне родную хату ў наступным годзе.
Ева Вятрыскіна, budzma.by