Прапануем Вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата – кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і “пасланне ў бутэльцы” для нас сённешніх.
Чытайце, думайце, рабіце высновы.
4 студзеня
У 1952-м годзе нарадзіўся Юры Захаранка – беларускі міністр унутраных спраў і палітык, які быў выкрадзены і, праўдападобна, забіты ў 1999 годзе.
Захаранка прайшоў шлях ад следчага ў Светлагорску за часамі СССР да кіраўніка МУС незалежнай Беларусі. У 1994-м працаваў у штабе Лукашэнкі. Але іх дарогі разыйшліся: спачатку Захаранку знялі з паста міністра, пасля – панізілі ў званні ды звольнілі.
Захаранка сыйшоў у апазіцыю – ствараў Саюз Афіцэраў, далычыўся да Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі, удзельнічаў у мітынгах. У вядомым інтэрв’ю ўжо пасля сыходу ў апазіцыю Захаранка казаў, што прэзідэнт патрабаваў ад яго поўнай лаяльнасці і выканання любога загаду, на што ён адказаў: “Людзей растрэльваць я не буду, Канстытуцыю парушаць – не буду.”
Увечары 7 траўня 1999 году Захаранка быў выкрадзены невядомымі. Яго знікненне і смерць звязваюць з дзейнасцю так званага “эскадрону смерці”.
Вобраз Юрыя Захаранкі ў вачах грамадскасці стаў сімвалам беларускай міліцый з чалавечым тварам: прынцыповай, непадкупнай, вернай прысязе.
5 студзеня
У 1104 годзе нарадзілася княжна Прадслава, больш вядомая як Еўфрасіння Полацкая.
Унучка Усяслава Чарадзея прыняла манаскі пострыг таемна ад блізкіх, а таксама новае імя - Еўфрасіння. Заснавала жаночы і мужчынскі манастыры, напаўняла бібліятэку Сафійскага сабора ў Полацку, кантралявала працэс летапісання, а ў 1150-я яе намаганнямі была збудаваная царква Спаса — вяршыня полацкай архітэктуры.
На замову Еўфрасінні быў створаны яшчэ адзін шэдэўр – залаты Крыж Еўфрасінні Полацкай. У далейшым ювелірны скарб стаў нацыянальнай святыняй і сімвалам: яго не цяжка знайсці на гербе “Пагоня”.
У ХХ стагоддзі крыж быў выкрадзены: згодна папулярнай версіі ён дагэтуль знаходзіцца ў Расеі… Паводле легенды, беды Беларусі скончацца, калі крыж вернецца на Радзіму.
Цяжка сказаць, ці была Еўфрасіння фанатычна-рэлігійнай жанчынай або – у манастве наўпрост бачыла адзіную магчымасць займацца навукай, будаўніцтвам ды мастацтвам. У рэаліях сярэднявечча апошні варыянт не быў просты нават для княскіх дачок. Сыход у манастыр быў ці не адзіным легальным лайфхакам.
6 студзеня
У 1892 годзе нарадзіўся Адам Станкевіч – нацыянальны дзеяч, палітык, выдавец, публіцыст, каталіцкі святар.
Станкевіч быў з пакалення маладых ксяндзоў з Заходняй Беларусі, якія перасталі лічыць сябе палякамі, змагаліся за беларусізацыю касцёла ды – пайшлі ў палітыку ды грамадскую дзейнасць. Цяжка пералічыць усе кірункі яго дзейнасці: Станкевіч пісаў артыкулы і кнігі, дапамагаў пацярпелым ад вайны, выкладаў у Віленскай беларускай гімназіі, узначальваў Таварыства Беларускай Школы.
У міжваеннай Польшчы быў адным з кіраўнікоў Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі. Стаяў на незалежніцкіх пазіцыях, таму асуджаў як радыкальных камуністаў з КПЗБ, так і паланіфлаў. Станкевіч быў “сваім сярод чужых, чужым сярод сваіх”: беларускія камуністы малявалі яго на карыкатурах, палякі – саслалі на пяць гадоў у Слонім.
У 1944-м Станкевіч быў арыштаваны савецкімі органамі і засуджаны на 25 гадоў. Здароўе не вытрымала здзекаў ды суворых умоваў “Азерлагу” у Іркуцкай вобласці: памёр у 1949-м.
Пасля смерці Станкевічу багром ускрылі грудзіну, а пасля – кувалдай прабалі галаву. Так вертухаі правяралі трупы, каб ніхто не збег з лагеру…
7 студзеня
У 2017-м на 102-м годзе жыцця памёр Антон Шукелойць – патрыярх беларускай эміграцыі ў ЗША.
Жыццё сп. Антона – хрэстаматыйны прыклад шляху беларускага патрыёта першай паловы ХХ ст., які перажыў і палякаў, і немцаў, і бальшавікоў ды ўсё ж выратаваўся, эміграваўшы ў “вольны свет” – на Захад.
Перад вайною Шукелойць быў сябрам розных нацыянальных арганізацыяў, спяваў у хоры Шырмы. Пры “першых саветах” займаўся школьніцтвам у Ашмянах, але быў арыштаваны. Ад смерці яго ўратаваў 1941 год, калі немцы гуртам вычышчалі турмы ад вязняў.
У часы акупацыі працаваў у Аддзеле асветы Менскай гарадской управы, дапамагаў у працы Беларускага гістарычнага музея. Разумеючы, што пры немцах беларусам дабра таксама не будзе, Шукелойць далучыўся да Беларускай Незалежніцкай Партыі.
У 1944-м Шукелойць пераехаў на Захад: у Германію, пасля – у Штаты. Там актыўна ўдзельнічаў у жыцці дыяспары, друкаваўся ў газетах “Бацькаўшчына” ды “Беларус”.
У кнізе Зянона Пазняка “Гутаркі з Антонам Шукелойцем” можна знайсці шыкоўныя ўспаміны сп. Антона пра Вільню і Менск 1930-40-х, часы вайны, рэаліі акупацыі, злодзеяў ды герояў таго часу.
8 студзеня
У 1919 годзе Менск быў абвешчаны сталіцай Савецкай Беларусі. Нагадаем, што папярэдняй сталіцай ССРБ быў Смаленск: і мова тут не пра палітыку з геаграфіяй, а пра перасоўванні лініі фронту.
Грамадзянскай вайна яшчэ не была скончанай, межы “новага свету” яшчэ не былі акрэсленыя, адзінай улады ў Беларусі яшчэ ніхто не меў. Пройдзе зусім няшмат часу і Менск будзе заняты палякамі, а толькі пасля – зноўку бальшавікамі. Тым не менш, ад гэтага часу і да сёння Менск застаецца нязменнай сталіцай Беларусі.
Важна, што ўпершыню за Менскам “застаўбілі” сталічны статус зусім не бальшавікі, але – айцы БНР, абвясціўшы тут нацыянальную рэспубліку ў 1918-м. Паводле гісторыкаў, акурат кейс БНР падштурхнуў бальшавікоў насуперак “буржуазным нацыяналістам” ствараць БССР са сталіцай у Менску. Такі сабе “транзіт легітымнасці”.
А яшчэ важна, што дагэтуль Менск ніколі не меў сталічнага статусу. Старажытнай сталіцай нашага краю быў Полацак, пасля – Наваградак, пасля – Вільня. Пасля ўжо цэнтр сілы “гуляў” паміж Варшавай і Пецярбургам. Менск жа ў ХХ ст. стаў цэнтрам менавіта мадэрнай беларускай нацыі, статус якога ўжо ніхто не будзе аспрэчваць.
9 студзеня
У 1993 годзе менскі Архікафедральны сабор Найсвяцейшай Дзевы Марыі вярнулі каталікам.
Касцёл будаваўся паміж 1710 і 1730-м гадамі ў стылі віленскага барока. З Данцыгу адмыслова былі замоўленыя гадзіннік ды званы. За часамі Расейскай імперыі храм не толькі не чапалі, але і развівалі. Пры Паўле І ён стаў кафедральным саборам, а ў ХІХ стагоддзі была праведзеная рэканструкцыя ўнутранага выгляду: падноўлены алтар, зробленыя новыя роспісы.
Пры бальшавіках у 1934-м касцёл быў зачынены ды пераўтвораны… у гараж. На кароткі час службы аднавіліся пры немцах, але з вяртаннем савецкай улады зноў прыпыніліся. У 1951-м касцельныя вежы былі разбраныя, каб “не псаваць выгляду” адноўленага ў стылі сталінскага ампіру Менску.
Цікава, што менавіта ў такім знявечаным выглядзе будынак храму быў залічны да спісу помнікаў архітэктуры. У самім жа саборы працаваў спартыўны комплекс – праходзілі трэніроўкі. Паводле гарадской легенды, на сконе СССР у саборы трэніраваліся карацісты, з якімі ў сутычкі ўступалі каталіцкія бабулькі, якія маліліся побач за вяртанне храму.
Храм вярнулі каталіцкай грамадзе ў 1993-м, згодам былі адноўленыя вежы і фасад. Сабор быў нанова асвечаны ў 1997 годзе.
10 студзеня
У 1972 годзе быў адчынены мемарыяльны запаведнік у вёсцы Вязынка, дзе нарадзіўся Янка Купала.
Вязынка – вёска ў 35 км ад Менску. Сеў на электрычку і менш як за гадзіну ты на месцы. Купалаўскі запаведнік – гэта не толькі хаты ў этнаграфічным стылі, асабістыя рэчы паэта ды бронзавы бюст работы Азгура. Гэта сапраўдны парк з ручаямі, крыніцамі, сажалкамі, старымі алеямі і нават гарадзішчам.
Цікава, што купалаўскі музей тут паўстаў яшчэ ў 1945-м, у сэрцы разбуранай галоднай краіны. Ініцыятарам выступіла Уладзіслава Луцэвіч, энэргічная ды ўладнай жонка паэта. Яна ж сталася і першым дырэктарам. З часам Вязынка стала месцам прыцягнення творчай эліты, маладых філолагаў ды ўсіх цікаўных беларусаў.
Сам Купала тут адно нарадзіўся ў 1882-м, сям’я пражыла ў фальварку ўсяго паў гады і пераехала на наступнае месца арэнды. Разам з тым, шпацыруючы сярод векавых ліпаў, дыхаючы гэтым паветрам, штораз пытаешся ў сябе: дзе, як не тут, мог нарадзіцца наш нацыянальны прарок?
Падрыхтаваў Алесь Кіркевіч