Каляндар. 14 снежня 1987 г. заснаваны Беларускі саюз дызайнераў

Гэта грамадская арганізацыя, якая ўваходзіць у міжнародную асацыяцыю «Саюз дызайнераў» і Асацыяцыю грамадскіх аб’яднанняў «Беларуская канфедэрацыя творчых саюзаў». Саюз аб’ядноўвае спецыялістаў прамысловага і графічнага дызайна, праектавання малых формаў, інтэр’ераў, абсталявання, арт-дызайна, мадэльераў, педагогаў, тэарэтыкаў дызайна. Старшынёй арганізацыі з’яўляецца беларускі мастак і дызайнер Дзмітрый Сурскі.


head0.jpg

3 красавіка 1987 года ў маскоўскім Доме Саюзаў адбыўся ўстаноўчы з’езд Саюза Дызайнераў СССР, на якім прысутнічалі 25 беларускіх дэлегатаў, чацвёра з якіх былі абраныя ў праўленне СД СССР. 14 снежня 1987 года на ўстаноўчым з’ездзе ў Мінску быў створаны Саюз дызайнераў БССР, спадкаемцам якога з’яўляецца Беларускі саюз дызайнераў.

Першым старшынёй саюза быў абраны Аляксандр Длатоўскі, ён прабыў на пасадзе дзве кадэнцыі. У 1995 годзе старшынёй саюза быў абраны мастак Дзмітрый Сурскі. Цяпер колькасць сябраў арганізацыі налічвае каля 600 чалавек.

За дзесяцігоддзі сваёй дзейнасці арганізацыя стварыла некалькі выдавецкіх праектаў, як часопіс-альманах «PRO-дизайн», даведнік «Белорусский союз дизайнеров», «Знак. Логотип», «Кто есть кто. Дизайн внутри и снаружи» і кніга «Тутэйшы дызайн. Асобы. Рэчы», якая прадстаўлена ў выглядзе сайта.

Саюз арганізаваў каля 10 уласных выставачных праектаў. З 1999 года ладзіць выставы беларускага плаката. У 2017 годзе, у межах праграмы Choice Беларускі саюз дызайнераў зладзіў праект «Беларускі плакат», вынікі якога былі аформлены як сайт беларускага плаката plakat.unid.by.

АМ, budzma.org