16 снежня 1672 г. памёр Ян Казімір Ваза, кароль польскі і вялікі князь літоўскі, апошні з дынастыі Вазаў. Сын Жыгімонта III Вазы. Намінальна і спадчынна да 1660 года насіў тытул караля Швецыі.
Удзельнічаў у вайне Расіі з Рэччу Паспалітай, у Трыццацігадовай вайне з 1618 па 1648 гады. Уваходзіў у ордэн іезуітаў і меў пасаду кардынала. Пасля смерці старэйшага брата, караля Уладзіслава IV, вызвалены рымскім папам з духоўнага звання. 20 лістапада 1648 года на сойме абраны каралём польскім і вялікім князем ВКЛ пры дапамозе групоўкі магнатаў і шляхты, прыхільнікаў пагаднення з казакамі, што паўсталі на землях Украіны, каб потым пачаць вайну хрысціянскіх дзяржаў супраць Турцыі і Крымскага ханства. Ян Казімір напачатку вёў памяркоўную палітыку ў дачыненні да казакоў у разліку на пагадненне з Багданам Хмяльніцкім, аднак гэта палітыка не дала вынікаў, і вайна з казацтвам працягвалася.
У 1649 і 1651 гадах узначальваў вайсковыя паходы на Украіну, заключыў Збораўскі і Белацаркоўскі мірныя дамовы. У час яго кіравання адбыліся разбуральныя войны: Казацка-сялянская вайна з 1648 па 1651 гады, «Крывавы патоп» з 1654 па 1667 гады і вайна са Швецыяй, падчас якіх маскоўскія войскі акупіравалі большую частку ВКЛ, а шведскія значную частку Польшчы, уключаючы Варшаву. Кароль быў змушаны ўцячы ў Сілезію. У 1657 годзе Рэч Паспалітая адмовілася ад суверэнных правоў на Прусію, а ў выніку Андрусаўскага перамір’я ў 1667 годзе страціла Смаленскае ваяводства, Кіеў і ўсе тэрыторыі Украіны на ўсход ад Дняпра.
У гэты час Ян II Казімір змяніў палітыку, адмовіўся ад саюза з германскім імператарам, які не дапамагаў Рэчы Паспалітай, і пачаў арыентавацца на Францыю. Каб умацаваць цэнтральную ўладу, Ян II Казімір распрацаваў план рэформы дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай. Ён прапанаваў выбіраць новага караля не пасля смерці папярэдніка, а пры жыцці, каб не было безуладдзя ў час міжкаралеўя. Але магнаты і шляхта ў большасці былі супраць рэформы.
Супраць караля склалася апазіцыйная групоўка на чале з гетманам Ежы Любамірскім, у 1665 годзе апазіцыйная групоўка ўзняла рокаш (мяцеж супраць караля). Напачатку ракашане перамаглі каралеўскае войска, аднак пасля вымушаны былі капітуляваць. Суд прыгаварыў Любамірскага да выгнання з краіны, але спроба рэформ была сарвана. Пасля рокаша зрыванне соймаў і соймікаў стала частай з’явай.
Агульны гаспадарчы заняпад Рэчы Паспалітай, няўдачы ў войнах, аслабленне міжнароднага становішча дзяржавы, напружаныя адносіны з магнатамі і шляхтай, смерць энергічнай і актыўнай у палітыцы каралевы Марыі Людвікі ў 1667 годзе прывялі да таго, што 16 верасня1668 года Ян II Казімір адрокся ад трона і назаўсёды выехаў у Францыю.