19 лістапада 1918 г. Янка Купала напісаў свой знакаміты верш «Спадчына». Гэты твор належыць да шэрагу патрыятычных твораў Купалы такіх, як «Для Бацькаўшчыны», «Свайму народу», «Паязджане» і інш. Верш даў назву першаму савецкаму зборніку твораў аўтара, які выйшаў у свет у 1922 годзе.
Ілюстрацыя Міхася Басалыгі да верша(1981)
Твор быў напісаны ў цяжкія часы для тагачаснага беларускага грамадства. Беларуская інтэлігенцыя тады змагалася за стварэння незалежнай дзяржавы, калі сама краіна стала полем для баявых дзеянняў суседніх краінаў. Згодна меркаванням адмыслоўцаў, Купала пісаў гэты верш, адчуваючы боль за Бацькаўшчыну, якая была падзелена паміж палякамі і Савецкай дзяржавай. Ён прыгадвае ваенныя ліхалецці часоў І Сусветнай вайны, эвакуацыю з роднай зямлі вялікай колькасці беларусаў, у творы аўтар задумваецца пра ролю нацыянальнай культуры і гісторыі ў жыцці свайго народа.
Гэты твор лічыцца адным з найлепшых вершаў Янкі Купалы. «Спадчыну» пераклалі на 20 моваў свету. Верш на музыку паклаў вядомы кампазітар Ігар Лучанок, выконваў песню ансамбль «Песняры». Выкананне музычнага твора «Песнярамі» зрабіла песню культавай. Пазней яе пераспявалі шматлікія беларускія гурты. Аўтограф да верша захоўваецца ў Літаратурным музеі Янкі Купалы і цяпер.
АМ, budzma.org