Каляндар. 22 лістапада 2019 г. перапахаванне Кастуся Каліноўскага і іншых паўстанцаў

22 лістапада 2019 г. у Вільні адбылося ўрачыстае перапахаванне кіраўніка вызвольнага паўстання 1863-1864 гг. Кастуся Каліноўскага і яго паплечнікаў.


15-3.jpg

Паўстанцаў каралі смерцю на Лукішскім пляцы на рынкавай плошчы, іх целы рускія жаўнеры забіралі на Замкавую гару, там стаяў гарнізон імператарскіх войскаў. Забітых паўстанцаў хавалі наўпрост там, абліваючы целы вапнаю, Каліноўскі быў апошнім, каго пакаралі смерцю ў тыя часы за ўдзел у паўстанні. Ягонае цела таксама залілі вапнаю і пахавалі там жа, дзе і ягоных хаўруснікаў. Хутка на тым месцы паўстала пляцоўка для крыкета.

Хавалі паўстанцаў на тэрыторыі гарнізона адмыслова, каб мясцовыя людзі не мелі доступу да магілаў і не змаглі стварыць стыхійныя мемарыялы паўстанцам на месцах пахаванняў. У 2017 годзе на Замкавай гары ў Вільні распачынаюцца раскопкі масавага пахавання пакараных смерцю ўдзельнікаў Студзеньскага паўстання. У лютым 2016 года на гары здарыўся апоўзень, які пасля паўтарыўся ў кастрычніку таго ж года, і гэта стварала небяспеку для вежы Гедыміна — архітэктурнага помніка XIV стагоддзя, размешчанага на вяршыні гары. Яе паўночны схіл, на якім адбылося спаўзанне грунту, было вырашана трывала ўмацаваць, але папярэдне правесці тут археалагічныя раскопкі. Яны пачаліся ў студзені 2017 года, і ўжо праз некалькі дзён археолагі знайшлі першыя чалавечыя парэшткі, усяго знайшлі парэшткі 21 паўстанца. Дзевяць былі пахаваныя ў індывідуальных магілах, у чатырох ямах закапалі па два чалавекі, а ў адной было трое.

Парэшткі Каліноўскага літоўскія археолагі знайшлі першымі. Яго шкілет ляжаў на баку, рукі былі звязаныя за спінаю, аблітыя вапнаю, пры ім былі фрагменты абутку, гузікі і медальён з Маці Божай Вастрабрамскай. Парэшткі Зыгмунта Серакоўскага пазналі па заручальнаму пярсцёнку, дзе былі ініцыялы яго і жонкі.

На пачатку 2019 года стала вядома, што ў Вільні адбудзецца перапахаванне парэшткаў удзельнікаў паўстання 1863-1864 гг. Парэшткі паўстанцаў вырашылі перапахаваць у капліцы на старых могілках Росы ў Вільні. Паколькі афіцыйны беларускі бок ігнараваў запрашэнне на ўдзел у мерапрыемстве, спачатку планавалі зрабіць надпісы на мануменце толькі па-польску і па-літоўску. Беларускую мову на мануменце адстаяла беларускае грамадства, адаслаўшы тысячы подпісаў у Міністэрства замежных спраў Літвы.

Ва ўрачыстасцях прынялі ўдзел прэзідэнты Літвы і Польшчы, ад афіцыйнага Мінска прыбыў віцэ-прэм’ер Ігар Петрашэнка, беларускае грамадства прадстаўлялі старшыня Рады БНР у эміграцыі Івонка Сурвілла і каталіцкі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У той дзень у Вільню па розных ацэнках прыехала ганарова адправіць у апошні шлях нацыянальных герояў трох краін каля 5 тысяч беларусаў.