У гэты дзень пачала працу Любчанская друкарня, была створаная Літоўска-Беларуская ССР, нарадзіліся Яфім Бялевіч, Міхась Явар, Рыта Млодак…
1612: пачала працу Любчанская друкарня — у Любчы пад Наваградкам.
Усяго яна выпусьціла больш за 80 кніжак па-лацінску і па-польску. Галоўным чынам гэты былі выданьні сьвецкага зьместу: антычныя і гістарычныя творы, практычныя дапаможнікі ў мэдыцыне, вэтэрынарыі і школьнай справе, літаратурныя творы. Напрыклад, былі спаміж іх “Генэалёгія або кароткае апісаньне вялікіх літоўскіх князёў“ Стрыйкоўскага ў перапрацоўцы Доўгірда, “Гісторыя юдэйскай вайны“ Флавія, “Апафэгматы“ Буднага, “Статут Слуцкай школы“ ды іншыя. Любчанская друкарня стала адной зь дзясяткаў, якія ў тыя часы былі адкрытыя ў нашым краі і сьведчылі пра вучонасьць і эўрапейскі ўзровень разьвіцьця Беларусі напачатку 17 стагодзьдзя. Парадокс, але ў сёньняшняй Беларусі сур`ёзных навуковых кніг з гісторыі свайго краю выпускаецца ня больш, чым у тыя прадаўнія гады.
1888: Нарадзіўся Яфім Бялевіч, дзеяч беларускага нацыянальнага руху.
Яфім Яфімавіч БЯЛЕВІЧ (27 лютага 1888, Мінск — 13 снежня 1942, Магадан), дзеяч беларускага нацыянальнага руху.
Вучыўся ў Мінскай гімназіі, з якой за ўдзел у вучнёўскіх беспарадках у 1907 выключаны і арыштаваны. Хутка вызвалены. Скончыў гімназію экстэрнам. Паступіў на юрыдычны факультэт Пецярбургскага універсітэта (скончыў у 1912). Быў прызваны ў армію. Падчас Першай сусветнай вайны на фронце — прапаршчык, штабс-капітан. Ад вайскоўцаў-беларусаў абраны дэлегатам на Першы Усебеларускі з’езд, член яго прэзідыума. Да ліпеня 1918 займаў пасаду міністра юстыцыі і фінансаў у Народным сакратарыяце — першым урадзе БНР. Як нязгодны з яго палітыкай, выйшаў у адстаўку. Пасля дыпламатычны прадстаўнік урада БНР у Кіеве, Адэсе, Берліне. У 1919 арыштаваны польскімі акупацыйнымі ўладамі, але здолеў уцячы з-пад варты. У 1918—1919 член Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў, у 1920 член Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, з якой у жніўні 1920 выйшаў з-за адмовы лідэраў падпісаць Дэкларацыю пра абвяшчэнне незалежнасці БССР ад 31 ліпеня 1920. У 1920—1922 служыў у Гомелі ў чыгуначных часцях Чырвонай арміі. 1 кастрычніка 1920 арыштаваны асобым аддзелам Заходняга фронту па падазрэнні ў контррэвалюцыйнай дзейнасці; вызвалены праз 6 месяцаў. У чэрвені 1924 удзельнічаў у ліквідацыйным з’ездзе БПС-Р. Перайшоў на фінансавую работу — у 1925—1930 упаўнаважаны Наркамфіна БССР, з 1931 у Белшвейаддзяленні Вышэйшага савета народнай гаспадаркі. Арыштаваны 19 сакавіка 1932. Паводле пастановы калегіі АДПУ СССР асуджаны да 5 гадоў папраўча-працоўных работ. Этапаваны ў Свірскі канцлагер НКВД Ленінградскай вобласці. У зняволенні 27 снежня 1936 узяты пад варту. 8 лютага 1937 Ленінградскім абласным судом асуджаны да 5 гадоў зняволення і 5 гадоў пазбаўлення правоў. Загінуў у Магаданскім канцлагеры. Па першым прыгаворы рэабілітаваны прэзідыумам Мінскага абласнога суда 16 лістапада 1963, па другім — пракуратурай Расійскай Федэрацыі 16 снежня 1992.
1903: Нарадзіўся Міхась Явар, беларускі паэт.
27 лютага 1903 году нарадзіўся беларускі паэт Міхась Явар. Сапраўднае ягонае прозьвішча было Карась, а прыйшоў ён на сьвет у Мінявічах на Мастоўшчыне. Явар — з тых творцаў, якіх называюць заходнебеларускімі паэтамі, гэта значыць, што жыў і працаваў ён у міжваенны час на тэрыторыі Беларусі пад польскай акупацыяй. Друкаваўся ў віленскіх выданьнях — “Беларускай газэце“ і часопісе “Шлях моладзі“. У даведніках ягоная біяграфія сканчаецца словамі: даведзены да адчаю, Явар скончыў жыцьцё самагубствам. І адбылося гэта ў 1933 годзе. Як і большасьць творцаў ягонага пакаленьня, Явар пісаў вершы на сацыяльныя матывы і збавеньня душы шукаў па-за царквою, адмаўляючы як буржуазныя, так і клерыкальныя каштоўнасьці.
1906: Рыта Млодак, беларуская оперная сьпявачка, народная артыстка Беларусі.
1919: Стварэнне Літоўска-Беларускай ССР.
ЛІТБЕЛ, Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Літвы і Беларусі — дзяржаўнае ўтварэнне, якое з’явілася ў адпаведнасці з рэкамендацыямі ЦК РКП(б) у лютым 1919 шляхам аб’яднання ССРБ і Літоўскай ССР.
У склад Літбела былі ўключаны тэрыторыі Віленскай, Мінскай, часткі Ковенскай і Гродзенскай губерній. Адміністрацыйным цэнтрам абвешчана Вільня.
Урад Літбела ўзначаліў В. Міцкявічус-Капсукас. Вядучая роля належала Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Літвы і Беларусі (створана ў сакавіку 1919), дазвалялася дзейнасць камуністычных і рабочых партый і груп, якія прадстаўлялі яўрэйскае і польскае насельніцтва. Была абвешчана нацыяналізацыя прадпрыемстваў, прымусовая харчовая развёрстка, усеагульная працоўная павіннасць.
У красавіку-верасні 1919 значная частка Літбела занята польскімі войскамі. Пасля гэтага органы ўлады Літбела часткова ліквідаваны паводле рашэння ЦК РКП(б).
Пасля падпісання мірнага дагавора паміж РСФСР і Літвой 12 ліпеня 1920 і абвяшчэння БССР 31 ліпеня 1920 Літбел юрыдычна спыніла існаванне.