Каляндар. 5 студзеня

04.01.2009 Каляндар

З гэтым днём беларускай гісторыі звязаныя імёны Еўфрасінні Полацкай, Валентыя Ваньковіча, Аляксандра Вайтовіча…

1104: нарадзілася Еўфрасіння Полацкая.

Еўфрасінню Полацкую здаўна шануюць як нябесную заступніцу Беларускае зямлі. Еўфрасіння прыйшла на свет на пачатку ХІІ стагоддзя ў Полацку ў сям’і князя Святаслава-Георгія і даводзілася ўнучкай найславуцейшаму з полацкіх валадароў — Усяславу Чарадзею. Дзяўчынку назвалі старажытным полацкім імем Прадслава. Слава пра розум і прыгажосць полацкай князёўны разнеслася далёка па славянскіх землях. Калі Прадславе споўнілася дванаццаць гадоў (у такім вяку дзяўчынка ўжо лічылася тады нявестаю), у Полацак зачасцілі сваты. Бацькі меркавалі выдаць князёўну замуж за сына нейкага слаўнага сваім багаццем і княжаннем уладара. Аднак Прадслава абрала сабе іншы шлях: пастанавіўшы стаць Хрыстоваю нявестаю, яна прыйшла ў манастыр і прыняла пострыг пад імем Еўфрасінні.

Спачатку маладая манашка пасялілася ў келлі Сафійскага сабора. Тут яна перапісвала і перакладала з іншых моваў кнігі і, як лічаць некаторыя гісторыкі, вяла Полацкі летапіс. Праз колькі гадоў духоўнага ўдасканалення яна заснавала ў Полацку жаночы, а затым і мужчынскі манастыры. Пры іх Еўфрасіння адчыніла скрыпторыумы – майстэрні па перапісванні кніг, а таксама школы, у якіх дзеці авалодвалі граматай, вучылі гісторыю, грэцкую і лацінскую мовы, спасцігалі навуку красамоўства.

Асветніца збірала вакол сябе таленавітых людзей, і таму яе можна назваць нашай першай мецэнаткаю. На яе заказ полацкі дойлід Іаан пабудаваў сусветна вядомую царкву Спаса, а ювелір Богша (хрысціянскае імя Лазар) стварыў крыж – бясцэнную святыню беларусаў.

Унучка Ўсяслава Чарадзея ўздымала свой голас супроць княскіх усобіц, папярэджвала, што братазабойчыя войны могуць прывесці Бацькаўшчыну да гібелі.

Мошчы святой Еўфрасінні спачываюць у Спасаўскай царкве полацкага Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра. Дзень памяці нябеснай заступніцы Беларусі святкуецца 5 чэрвеня (23 траўня паводле старога стылю).

1931: нарадзіўся Уладзімер Піліповіч, беларускі акадэмік, дырэктар Інстытуту электронікі АН БССР.

1938: нарадзіўся Аляксандар Вайтовіч, беларускі акадэмік, фізык і палітык.

1984: У Мінску заснаваны музей “Дом Ваньковічаў”.