Каляндар на 20–26 верасня. Што святкуем? Па чым сумуем?

19.09.2021 Каляндар

20-26 верасня. Што святкуем? Па чым сумуем? Прапануем Вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата — кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і «пасланне ў бутэльцы» для нас сённяшніх.

Чытайце, думайце, рабіце высновы.


20 верасня

1944. Канчатковы падзел БССР на вобласці

Пасля прыходу Чырвонай арміі ў 44-м межы БССР чарговы раз былі перакроеныя. Наўздагон былі пераўсталяваныя і абласныя межы. Былі створаныя Гарадзенская, Маладзечанская і Бабруйская вобласці.

БССР 1944 мапа.jpg

Гродзенскі раён Беластоцкай вобласці пераўтварыўся ў самастойную адзінку, а сам Беласток быў перададзены Польшчы. Маладзечанская вобласць узнікла з колішняй Вілейскай ды ўключыла ў сябе беларускія кавалкі «старой Віленшчыны». Бабруйскую стварылі з кавалкаў Магілёўскай, Мінскай і Палескай абласцей.

Але і гэты перападзел апынуўся не канчатковым. Бабруйская вобласць праіснавала да 1954 года, Маладзечанская — да 1960-га. У СССР статус «абласнога цэнтра» сур’ёзна ўплываў на развіццё гарадоў: на будаўніцтва прадпрыемстваў, жытла і колькасць насельнікаў. Адным адміністратыўным рашэннем можна было перадвызначыць жыццё горада на гады наперад.

21 верасня

1939. Чырвоная армія заняла Гродна

Горад быў заняты ў выніку двухдзённых баёў. Рэгулярныя польскія часткі яго фактычна не баранілі: у войску пачаўся хаос і анархія з-за вайны і з немцамі, і з саветамі адначасова. Замест жаўнераў абаронцамі сталі ветэраны польска-савецкай вайны 1920-га ды — маладыя скаўты («харцэры»).

Гродна 1939.jpg

На вузкія вулачкі старога горада ўвайшлі савецкія танкі, але гэта апынулася памылкай: абаронцы спалілі некалькі машынаў «кактэйлямі молатава». Разам з тым, абарона не мела ніякіх шансаў супраць рэгулярнай арміі. Савецкая ўлада была ўсталяваная хутка, а ўчорашнія байцы «польскага супраціву» сталі ахвярамі рэпрэсіяў ці былі вымушаныя хавацца.

Падзеі верасня 1939-га спарадзілі немала міфаў: пра хлопчыка, прывязанага да танка, пра савецкіх партызанаў, якія стралялі ў спіну адступаючым палякам і г.д. На жаль, большасці гісторыкаў дагэтуль цяжка аб’ектыўна зірнуць на тыя падзеі, без ідэалагічных «ружовых акуляраў».

22 верасня

1919. Пачалі працу Настаўніцкія курсы ў Вільні

Гэта была ўжо «другая рэдакцыя» Віленскіх беларускіх настаўніцкіх курсаў. Першая мела месца пры немцах у 1915-16 гадах. Тады сярод выкладчыкаў былі Цётка, Луцкевіч, Ластоўскі, Менке ды іншыя. Але самі курсы скончыла ўсяго ...10 чалавек.

Віленскія беларускія настаўніцкія курсы.jpg

Са студзеня 1919-га ўжо працавала Віленская беларуская гімназія, быў попыт на нацыянальную адукацыю, а вось выкладчыкаў не ставала. Горад быў заняты палякамі, адукацыя праводзілася з іх дазволу, пры іх фінансавай падтрымцы. Беларуская асвета дазвалялася насуперак «літоўскім уплывам».

Выкладалі не толькі беларускую ды польскую мовы, але таксама псіхалогію, асновы кааперацыі, тэатральнае мастацтва ды інш. Да ліку выкладчыкаў дадаліся Янка Станкевіч, Максім Гарэцкі, Клаўдзій Дуж-Душэўскі. Курсы лічаць важнай цаглінай беларускага школьніцтва ды «кузняй кадраў» нацыянальнай інтэлігенцыі Заходняй Беларусі.

23 верасня

1924. Нарадзіўся Артур Вольскі

Вядомага ўсім «Дзеда-Барадзеда» прыдумаў бацька спевака Лявона Вольскага — Артур. Ён жа склаў для яго песню ды першую казку. Вольскі пісаў дзіцячую літаратуру, п’есы, казкі, тэксты для песень. У БССР яго выдавалі шалёнымі тыражамі: лічба сягала амаль пяці мільёнаў асобнікаў (больш было толькі ў Якімовіча і Коласа)!

Артур Вольскі.jpg

Вольскі нарадзіўся ў сям’і пісьменніка Віталя Зэйдэль-Вольскага. Пісаць пачаў рана: у 1937-м часопіс «Іскры Ільіча» надрукаваў ягонае апавяданне «Воўчае гняздо». Магчыма, не апошнюю ролю ў выбары прафесіі сыграў і настаўнік Вольскага з 25-й школы Іван Фёдараў, больш вядомы як Янка Маўр.

Доўгі час Вольскі працаваў у ТЮГу (Тэатры юнага гледача), быў дырэктарам Дома літаратара, літкансультантам Саюза пісьменнікаў БССР. Вольскі быў упэўнены, што дзіцячаму пісьменніку ў наш час няпроста канкураваць з кіно і ТБ. Выхад адзін — шчырасць і любоў да дзяцей, бо слова «мае ісці з самай глыбіні».

24 верасня

1815. Нарадзілася Габрыэля Пузына (Гюнтэр)

Дзяўчына паходзіла з нямецкага рода, які асіміляваўся ў нас на Ігуменшчыне. Дэбютавала з вершамі ў 12-гадовым узросце ў варшаўскім часопісе «Motyl» пад псеўданімам «G.G.». Пісала паэзію, апавяданні, пазней — успаміны. Збірала мастацкія калекцыі, бібліятэку.

Габрыэла Пузына.jpg

У бацькоўскім маёнтку Дабраўляны пад Вільняй існаваў літаратурны салон, дзе бывалі Ігнат Ходзька, Тамаш Зан, Антоні Адынец ды іншыя. У 1851-м выйшла замуж, і ўжо ў маёнтку мужа збіраліся Уладзіслаў Сыракомля, Станіслаў Манюшка, Эдвард Жалігоўскі...

У 1867-м скончыла працу свайго жыцця — рукапіс «Мая памяць». Гэта вялікі зборнік на падставе дзённікаў, перапіскі, дакументаў, аздоблены малюнкамі і фотаздымкамі. Фактычна — партрэт тагачаснай Віленшчыны з апісаннямі жыцця ўсіх слаёў грамадства Паўночна-Заходняй Беларусі.

25 верасня

1765. Нарадзіўся Міхаіл Клеафас Агінскі

Паланэз «Развітанне з Радзімай» ведае кожны паляк і ці не кожны беларус, які хоць трошку цікавіцца гісторыяй. Яго аўтар, Агінскі, развітваўся з Радзімай шмат разоў. Яшчэ ў Рэчы Паспалітай, будучы высокім чыноўнікам і дыпламатам, падарожнічаў па Еўропе, дзе і далучыўся да музычнай культуры, пазнаёміўся з Моцартам і Гайднам.

Міхаіл Клеафас Агінскі.jpg

Удзельнічаў у Паўстанні Касцюшкі, але пасля паразы быў змушаны праз Галіцыю ўцякаць у Аўстрыю. Тады на Радзіму ён усё ж вярнуўся. Больш за тое, увайшоў у давер да Аляксандра Першага. Той вярнуў яму маёнткі і нават зрабіў расейскім сенатарам. Агінскі прапаноўваў імператару праект аднаўлення ВКЛ, але — безвынікова.

У 1822-м Агінскі зноў развітаўся з Радзімай: разам з сям’ёй з’ехаў у Італію. Гэтым разам — назаўсёды. Там займаўся літаратурай і музыкай, памёр у Фларэнцыі. У маёнтку Агінскага ў Залессі, дзе і быў напісаны паланэз «Развітанне з Радзімай», сёння сёння месціцца музей.

26 верасня

1788. Нарадзіўся Іван Насовіч

Легендарны лінгвіст і этнограф з тварам Гендальфа паходзіў са святарскай сям’і. Настаўнічаў на Магілёўшчыне, а ў 1843-м падаў у адстаўку. Асеў у Мсціслаўлі ды ўзяўся за навуку. Наладзіў сувязі з Рускім геаграфічным таварыствам, вядомымі навукоўцамі Пецярбурга, пачаў збіраць фальклор.

Іван Насовіч.jpg

Насовіч першым склаў «Слоўнік беларускай гаворкі» (1865) — дасюль безаналагавы твор з 30 тысяч слоў. Пасля — «Зборнік беларускіх прыказак» (1867) з тлумачэннямі ды аналагамі з іншых моваў. Далей — песні, легенды, казкі... Урэшце, напісаў працу па плямёнах, якія засялялі Беларусь з часоў Рурыка.

За што б ні браўся Насовіч — ва ўсім быў першым. Навуковых працаў па лінгвістыцы і фалькоры нашага краю да яго наўпрост не існавала: да Карскага і Сержпутоўскага было далёка. Іван Іванавіч пражыў доўгі век — 89 год. Пакінуў па сабе мемуарную працу «Успаміны майго жыцця».

budzma.org