Культурныя адметнасці кожнага народа праяўляюцца ў розных сферах жыцця. Бадай, найбольш яскравыя іх праявы можна назіраць праз народны каляндар: тут і рытуальныя дзеянні, якія паказваюць асноўныя заняткі, і традыцыйная вопратка, і адметнасці кухні, і праявы грамадскіх і роднасных стасункаў... І ўсё гэта грунтуецца на каштоўнасцях і глыбіннай карціне свету таго ці іншага народа.
Народны каляндар беларусаў, багаты і цікавы — прымеркаваны да руху нябесных свяцілаў і цыклаў земляробчых работ, з імі звязаных. Да таго ж, наш каляндар мае свае асаблівасці: амаль усё мы святкуем двойчы — па старым (юльянскім календары) і новым (грыгарыянскім календары) стылі — з прыкладнай розніцай у 2 тыдні.
Снежань — першы месяц зімы і апошні — года. Самы таямнічы і незвычайны час: пачатак новага цыклу жыцця. Для земляробаў гэта яшчэ і час адпачынку ад цяжкай палявой працы. Ладзіліся вячоркі і гульні, дзяўчаты шмат варажылі.
1 (па новым стылі) і 14 (па старым стылі) снежня — дзень ушанавання св. Навума. Па сугучнасці з імём сяляне лічылі Навума (ум, вум, розум, навука) апекуном навучэнцаў. Да сярэдзіны снежня скончваліся маштабныя работы на вуліцы, і дзеці мелі час на адукацыю. Бацькі верылі, што працэс навучання грамаце будзе прасцей, калі распачаць яго менавіта ў гэты дзень, бо «святы Навум устане за плячом і дапамагаць будзе».
4 снежня — Увядзенне (Уводзіны, Ведзяннё, Багародзіца). У хрысціянскай традыцыі гэта дзень, калі маленькая Марыя, будучая маці Ісуса Хрыста, была ўведзена ў Ерусалімскі храм.
У народзе назву тлумачаць па-свойму: «Бог прыводзіць зіму на зямлю». Лічылася, што па гэтым дні можна вызначаць, якой будзе зіма. Дзяўчаты на Палессі варажылі: перад сном прыгаворвалі: «Святое Увядзенне, вядзі мяне туды, дзе мне жыць». Верылі, што прысніцца хата будучага мужа.
У Маладзечанскім раёне варажылі ўвогуле на лёс: ламалі вішнёвыя галінкі і, загадаўшы на кожную пэўнага чалавека, ставілі за абраз. Напярэдадні Багатай куцці глядзелі: калі галінка зелянела, у наступным годзе чалавеку прадракалі шчасце, калі поўнасцю засыхала — чакалі бяду.
6 снежня — Матрыхваны (Матрыпан). Дзень, вольны ад прадзення і прыдатны для варажбы. Варажба — свайго роду камунікатыўнае ўзаемадзеянне чалавека з навакольнай рэчаіснасцю дзеля атрымання пэўнай інфармацыі. Варажба пабудавана на ўстанаўленні адпаведнасці знакаў і значэнняў. Прычым адпаведнасць гэтая не выпадковая, паміж кожным знакам і яго інтэрпрэтацыяй ляжаць глыбокія светапоглядныя сувязі, якія і абумоўліваюць сімвалізацыю адпаведнай рэаліі.
Дзяўчаты ў гэты дзень прычэсваліся на ноч, клалі грэбень пад падушку, чакалі, што ў сне прыйдзе жаніх расчэсваць косы. У гэты дзень варажба была асобай — нельга было ні з кім размаўляць, напярэдадні пасціліся.
6 (па новым стылі) і 19 (па старым стылі) снежня — Зімовы Мікола. На Беларусі гэты фальклорны персанаж — сплаў язычніцкага Вялеса і хрысціянскага святога. Згодна з беларускім праваслаўем, Мікола ставіцца ў адзін шэраг з паннай Марыяй і вышэй над усімі святымі і анёламі, выступае пасярэднікам паміж богам і людзьмі.
У фальклоры Мікола выступае таксама заступнікам земляроба, апекуном ураджаю. Як і Юр’е, святкуецца двойчы на год: вясновы (летні, цёплы 9 (22) траўня) і зімовы (халодны, 6 (19) снежня). Асаблівых абрадаў і рытуалаў на зімовага Міколу не праводзілася, у асноўным па гэтым дні вызначалі надвор’е на ўсю зіму і на будучы ўраджай. Калі маразы не прыйшлі на Міколу, уся зіма будзе бяспутная. Іней, які пакрывае дрэвы на Міколу, прадказвае добры ўраджай ільну.
7 снежня — Кацярыны. Праваслаўныя ўшаноўваюць памяць святой. У народнай жа традыцыі Кацярына прадстае ў вобразе валатоўны, якая пакідае адбіткі ног на камянях (камяні-следавікі на беразе Свіслачы, у Паазер’і) і можа «расцякацца зямнымі водамі».
Асаблівай павагай карысталася Кацярына ў дзяўчат і жанчын, бо лічылася апякункай шлюбу і парадзіх.
9 снежня — зімовая частка двайнога свята ў гонар Ярылы (у хр. традыцыі — св. Юры). Адно з самых шанаваных святаў народнага календара. Ярыла-Юры лічыўся апекуном дзікай і свойскай жывёлы, павадыром ваўкоў. Калі веснавы («галодны») Юры «замыкаў» пашчы ваўкам і можна было смела гнаць жывёлу на выпас у поле, то зімовы («халодны») — наадварот, «адмыкаў галодным рты».
У гэты дзень выганялі жывёлу на двор, рабілі над ёю ахоўныя рытуалы (абкурвалі купальскімі зёлкамі, пастрыгалі кончыкі хвастоў і грывы коням і інш) і ставілі ў хлеў ужо да вясны.
13 снежня — Андросы (Андрэйкі). У хрысціянскай традыцыі — дзень ушанавання Андрэя Першазванага. У народнай — дзявочыя варожбы. Каб жаданні збываліся, дзяўчаты цэлы дзень пасцілі і пазбягалі размоў.
Таксама варажылі: на бліны, крычалі ў калодзеж і абсявалі яго каноплямі, бегалі пад суседскія вокны паслухаць, пра што гавораць у хаце, і інш. «Высявалі» насенне канапель ці льну на калодзежы, ля палонкі, у пасцелі са словамі: «Я каноплі сею, дайце мне знаць, з кім буду рваць».
На трох прыкрытых талерках клалі пярсцёнак, ружанец і кветку; хто з дзяўчат выцягне пярсцёнак — тая пойдзе замуж, кветку (сімвал цнатлівасці) — застанецца ў дзеўках, ружанец — пойдзе ў манастыр. Слухалі ваду (на рацэ, у калодзежы): ціхая вада — да лагоднай, «добрай» зімы, шумная — да сцюж і завей.
25 (па новым стылі) снежня — Каляды / Раство Хрыстова. Складаны шматварыянтны абрадавы комплекс, які спалучае абедзве сістэмы светабудовы: язычніцкую (пачатак новага цыклу — паварот Сонца да лета, пераломны момант зімы) і хрысціянскую (нараджэнне Божага сына Ісуса Хрыста). Адзначаецца ў дзвюх сістэмах: з 25 снежня па 6 студзеня — у каталікоў (па новым стылі) і з 7 па 19 студзеня — у праваслаўных (па старым стылі).
Крыніца: www.nlb.by
Гэты перыяд багаты на абрады і рытуалы: для забеспячэння дабрабыту на наступны год, ушанаванне продкаў, ахоўныя, разнастайныя варожбы ды інш.
Чытайце яшчэ: Каляды: як адзначаюцца на Беларусі
26 снежня — Бабіны кашы. Свята спавівальных бабак і парадзіх. У некаторых раёнах Беларусі гэты дзень называлі Зімнім пакроўчыкам, Маладзёнамі або Бабінамі. Варылі кашу і пяклі аладкі, жанчыны наведвалі бабку, якая «прымала», ці «бабіла» дзіця, унукі вазілі яе на санках ад хаты да хаты, дзе бабу частавалі, частавала і яна дзяцей, гуляла з імі. Яшчэ абходзілі з калядкамі хаты, у якіх праслаўлялі гаспадароў і іх дзяцей, жадалі дабрабыту. Жанчыны хадзілі да парадзіх і спавівальных бабак з пірагамі і іншым пачастункам.
Адорванне і грамадскія трапезы ў гэты дзень з’яўляліся актам падзякі павітухам ад грамады за ўсіх прынятых імі дзяцей. Паважлівае стаўленне да спавівальных бабак, засноўвалася на народных паданнях аб тым, што паміж павітухамі і дзецьмі, якіх яны прынялі, на ўсё жыццё ўсталёўваліся духоўна-роднасныя адносіны.
А яшчэ маці збірала ўвечары сваіх дзяцей і абсыпала збожжам — на доўгі век, на шчасце, на дабрабыт. У гэты святочны дзень дзяцей частавалі пірагом і журавінамі на мёдзе. Але дзеткі павінны былі заслужыць пачастунак, спявалі прыпеўкі: «Падайце кароўку, маслену галоўку, на паду печону, кароўку залачону!», абыходзілі хаты, дзе ёсць парадзіхі, жадаючы здароўя ім і малым. Гэта радасны час гульняў і дзіцячых забаў.
31 снежня — пачатак Новага года па «грамадскім» календары. Гэта кульмінацыйная кропка калядных святаў: багатая куцця (у гэты вечар накрывалі самы багаты стол з мясам, кіўбасамі, салам), самыя вясёлыя гульні, шчадраванне (абрад абыхода двароў), маскарад і г. д.
Крыніца: delimano.com.ua
Прыхільнікі грыгарыянскага календара (новы стыль) адзначаюць Багатую куццю (Шчадрэц) — кульмінацыйную кропку Калядаў.
Чытайце падрабязней тут: Каляды: Што? Дзе? Калі?
Падрыхтавала Ева Вятрыскіна, budzma.org