Каляндар з 20 па 26 сакавіка. Што святкуем? Па чым сумуем?

20.03.2023 Каляндар

Прапануем Вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата — кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і «пасланне ў бутэльцы» для нас сённяшніх. 

Чытайце, думайце, рабіце высновы.


20 сакавіка

1440. Памёр Жыгімонт Кейстутавіч

xwuw4r4eqgtlmjx84ctnsmtp4vt8qg88.jpg

Гэты вялікі князь літоўскі, малодшы брат Вітаўта Вялікага, не граў ніякай палітычнай ролі пакуль старэйшы брат быў жывы. Але, як толькі таго не стала, у яго з’явіліся свае палітычныя амбіцыі. 

Пасля смерці Вітаўта ў кастрычніку 1430 года Жыгімонт ачоліў партыю змоўшчыкаў, якая летам 1432 года ажыццявіла замах на Свідрыгайлу, легітымнага ўладара ВКЛ. Праз што распачалася крывавая феадальная вайна, якая цягнулася шэсць гадоў. З яе Жыгімонт Кейстутавіч выйшаў адназначным пераможцам, які стаў такім не толькі дзякуючы ўласнаму генію, але таксама і праз бясконцыя няўдачы свайго апанента. Таксама ён здолеў перацягнуць на свой бок тых, хто «вагаўся» і не мог канчаткова вызначыцца. 

Разам з тым ён меў даволі цяжкі характар, быў недаверлівым, не прымаў ніякіх кампрамісаў і ўвесь час шукаў змовы. Па іроніі лёсу пайшоў з жыцця акурат у выніку яе — быў забіты змоўшчыкамі ва ўласнай вітальні.

21 сакавіка

1608. Памёр Канстанцін-Васіль Астрожскі

Kanstantyn_Vasil_Astroski._Канстантын_Васіль_Астроскі_(XVI_XIX).jpg

Паходзіў з роду Астрожскіх, быў сынам Канстанціна Астрожскага, які атрымаў перамогу ў бітве пад Воршай у 1508 годзе. Нарадзіўся ў Тураве, дзе прайшлі ягонае дзяцінства і юнацтва.

Як і бацька, быў адданым вайсковай і рэлігійнай справе. У 27 гадоў ён заняў пасаду старосты Уладзімірскага, а ў 32 гады стаў кіеўскім ваяводам. У яго сотнікам служыў Севярын Налівайка, які падняў казацкае паўстанне ў 1594 годзе супраць улады Рэчы Паспалітай. Існуе нават думка, што на выступленне супраць польскай шляхты Налівайку падбіў менавіта Астрожскі.

Канстанцін Канстанцінавіч з маладых гадоў быў прыхільнікам праваслаўнай веры, бо і маці, і бацька належалі да радоў, якія традыцыйна былі апірышчам праваслаўя ў Вялікім Княстве Літоўскім.

Астрожскі адкрыта выступаў у абарону праваслаўя, супраць палітыкі ўціску сваіх адзінаверцаў і быў перакананым праціўнікам царкоўнай уніі. Ён фінансава падтрымліваў дзейнасць праваслаўных брацтваў, будаваў цэрквы і манастыры, спрыяў разбудове асветніцкай справы.

22 сакавіка

1921. Пачынае выходзіць «Беларускі звон» 

41506-1.jpg

«Беларускі звон» — гэта штотыднёвая грамадска-палітычная і літаратурная газета нацыянальна-дэмакратычнага кірунку, якая выдавалася Францішкам Аляхновічам у Вільні. 

Выданне супрацоўнічала з усімі дэмакратычнымі сіламі, якія падтрымлівалі культурна-нацыянальнае адраджэнне Беларусі і яе права на самавызначэнне. 

На яе старонках крытыкаваліся вынікі Рыжскай мірнай дамовы, якая была падпісана без удзелу паўнамоцных прадстаўнікоў беларускага народа і паводле якога праводзілася ўсходняя мяжа Польшчы. 

На думку рэдакцыі, «упадак Польшчы быў бы страшэнным няшчасцем для ўсіх малых народаў, што аслабаніліся з-пад расійскага ярма: два страшныя калосы, гэта Нямеччына і Расія, быццам млынавыя каменні на порах скрышылі б асновы незалежнасці і зерне нацыянальнага будаўніцтва гэтых народаў».

Выходзіў «Беларускі звон» з 22 сакавіка 1921 года да 24 лютага 1923 года на беларускай мове. Апошні нумар пабачыў свет у фармаце газеты-аднадзёнкі. 

23 сакавіка

1918. Віленчукі прыбываюць у Мінск

1918_Biełaruskaja_kanferencyja_Vilnia.png

У гэты дзень у Мінск прыбыла дэлегацыя Віленскай беларускай рады, якую ачольваў Антон Луцкевіч.
У гэты момант беларускія дзеячы, якія ўжо паспелі выдаць Першую і Другую Устаўныя граматы, дзе гаворка вялася аб абвяшчэнні Беларускай Народнай Рэспублікі, вагаліся: ці абвяшчаць новапаўсталую краіну цалкам незалежнай ад Расіі. 

Антон Луцкевіч выступіў на паседжанні Народнага Сакрытарыяту, які ў той момант ажыццяўляў функцыі выканаўчай улады і падпарадкоўваўся Радзе Усебеларускага з’езда. У час сваёй прамовы Луцкевіч даводзіў, што Беларусь усё яшчэ застаецца фармальна тэрыторыяй Расіі, бо выданыя граматы не абвяшчалі аб поўнай незалежнасці. Разам з тым у пачатку сакавіка быў заключаны Брэсцкі мір, у выніку якога краіна аказалася падзеленай. 

Пасля гэтай прамовы, літаральна праз два дні, будзе апублікавана Трэцяя Устаўная грамата, дзе Беларусь будзе абвешчана незалежнай краінай.

24 сакавіка

1832. Уцякае Павел Астроўскі

aleksandr-pushkin-dubrovskiy-14378.jpg

У гэты дзень у Пскове ўцёк з астрога і знік у невядомым кірунку арыштант Павел Астроўскі. Здавалася б, якая нам да гэтага справа? А вось якая! 

Павел Астроўскі нарадзіўся ў 1809 годзе ў Раванічах, і нягледзячы на сваё шляхецкае паходжанне, застаўся ўжо ў малым узросце ні з чым, літаральна на вуліцы. Бо ў часе вайны 1812 года ўсе дакументы на ягоны радавы маёнтак згарэлі, а да ўсяго яшчэ і знайшоўся сваяк, які без асаблівых турботаў прысабечыў сабе маёмасць. 

Каб хаця б неяк адпомсціць, малады чалавек пачаў займацца рабаўніцтвам — адбіраць у багатых і аддаваць бедным. А таксама падпрацоўваць у аднаго з памешчыкаў хатнім настаўнікам, які на яго і данёс. Прыняў Астроўскі ўдзел і ў паўстанні 1830–1831 гадоў. 

Акурат з іншымі палоннымі паўстанцамі ён і аказаўся ў пскоўскім астрогу, адкуль удала збег. Пасля пабегу ён перабярэцца ў Францыю, дзе памрэ ў 1837 годзе, не пражыўшы і 30 гадоў. Гісторыя з Паўлам Астроўскім нам цікавая найперш тым, што менавіта ён стаў прататыпам галоўнага героя для аповесці Аляксандра Пушкіна «Дуброўскі».

25 сакавіка

1918. Апублікавана ІІI Устаўная грамата

BNR_Third_charter.png

У гэты дзень 105 гадоў таму была апублікавана Трэцяя Устаўная грамата да народаў Беларусі, у якой БНР абвяшчалася незалежнай дзяржавай. 

Яшчэ 18 сакавіка Выканаўчы камітэт Рады Першага Усебеларускага з’езда, які адбываўся ў снежні 1917 года і быў разагнаны бальшавікамі, быў рэарганізаваны ў Раду БНР на чале з Іванам Серадой. Акурат яна і апублікуе Трэцюю Устаўную грамату. Яна прымалася ў даволі складаных умовах, бо на пасаджанне Рады БНР не было адзінства: грамата была прынята большасцю галасоў, але пасля доўгіх і зацятых спрэчак прысутных. 

На яе падставе Народнаму Сакратарыяту, які ажыццяўляў выканаўчыя функцыі, даручалася звярнуцца да зацікаўленых бакоў з прапановай аб пераглядзе ўмоў несправядлівага міру, які быў заключаны паміж Савецкай Расіяй з аднаго боку і Германіяй ды яе саюзнікамі з другога. 

Трэцяя Устаўная грамата толькі ў агульных рысах акрэслівала тэрыторыю будучай дзяржавы, якая мела «абняць усе землі, дзе жыве і мае лічэбную перавагу беларускі народ». Такім самым прынцыпам будуць карыстацца і дзеячы Савецкай Беларусі, калі будуць абвяшчаць сваю рэспубліку.

26 сакавіка

1942. Нарадзіўся Іван Арабейка

Arabejka Ivan Syargeevich_large.jpg

Паходзіць паэт з вёскі Хмелева на Берасцейшчыне. 

У 1964 годзе скончыў хіміка-тэхналагічны факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута. Пасля займаўся зусім не «творчымі» справамі: быў майстрам зменаў на заводах у Берасці, працаваў на шклозаводзе «Нёман» у Гародні, выкладаў у інстытуце, быў галоўным інжынерам на спецкамбінаце і старшым экспертам Берасцейскага аддзялення Гандлёва-прамысловай палаты БССР. 

Першы верш надрукаваў у 1963 годзе. У розны час публікаваўся з нізкамі вершаў на старонках штотыднёвіка «Літаратура і Мастацтва», часопісаў «Полымя», «Маладосць», «Нёман», «Беларусь», «Роднае слова», «Жырандоля» і іншых выданняў. Аўтар зборнікаў паэзіі «Услед за сонцам», «Асенні ранак» і «Сказаць хачу». 

За свой трэці паэтычны зборнік быў уганараваны ў лістападзе 2012 года літаратурнай прэміяй імя Уладзіміра Калесніка.