• budzma.org
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • «Музыка»
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • «Гісторыя за 5 хвілін»
  • «Трызуб і Пагоня»
  • «Разумняты»
  • Вандруем разам
  • Афіша
12.12.2022 | Каляндар

Каляндар з 12 па 18 снежня. Што святкуем? Па чым сумуем?

Прапануем Вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата — кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і «пасланне ў бутэльцы» для нас сённяшніх. 

Чытайце, думайце, рабіце высновы.


12 снежня 

1586. Памёр Стэфан Баторый

387.jpg

Надмагілле Стэфана Баторыя ў Вавелі

Гэты кароль польскі і вялікі князь літоўскі кіраваў Рэччу Паспалітай усяго 10 гадоў. Але за гэты час паспеў здабыць сабе славу выдатнага ваяводы, добрага дыпламата і шчодрага мецэната. 

Па мерках тых часоў ён пражыў надзвычай насычанае жыццё. Паходзіў з венгерскага роду Баторыяў, але нарадзіўся ў Румыніі. Вучыўся ў Падуанскім універсітэце. З 1571 года быў князем Трансільваніі, а пасля ўцёкаў Генрыха Валуа ў Францыю выставіў сваю кандыдатуру на трон Рэчы Паспалітай. Па абранні каралём ажаніўся з Ганнай Ягелонкай — дачкой Жыгімонта I Старога.

Пайшоў з жыцця ва ўзросце 53 гадоў у Гродне. Смерць моцнага і харызматычнага ўладара выклікала спрэчкі сярод элітаў: а ці не быў правіцель атручаны? Было нават праведзена першае ва Усходняй Еўропе анатамічнае ўскрыццё цела. Зрабіў яго гарадзенскі акушэр Ян Зігуліц 14 снежня, праз два дні пасля смерці.

Ускрыццё нібы давяло, што Баторый памёр з натуральных прычын, бо меў праблемы з пячонкай. Любоў караля да такайскіх вінаў, якія яму прывозілі з Венгрыі, была ўсім вядомая — у часе вайсковых паходаў за ім заўжды кіраваў абоз з выпіўкай. Але гісторыкі дагэтуль спрачаюцца: па адной з версій, хворага ўладара працяглы час лекавалі няслушным чынам, што паскорыла ягоны сыход...

Будынак, дзе адбывалася ўскрыццё Баторыя ў Гродне, называюць «Батаруўкай» — ён стаіць насупраць Фарнага касцёла. Насамрэч той будынак месціўся на іншым баку Савецкай плошчы, дзе зараз стаіць Палац тэкстыльшчыкаў. Цела Баторыя знаходзіцца на кракаўскім Вавелі.

13 снежня

1894 . Выдадзены «Смык беларускі»

388.jpg

У гэты дзень у Познані пад псеўданімам Сымон Рэўка з-пад Барысава выйшаў паэтычны зборнік «Смык беларускі». Гэта быў другі зборнік вершаў Францішка Багушэвіча. Першы, які называўся «Дудка беларуская», пабачыў свет у Кракаве ў 1891 годзе. 

Нарадзіўся Францішак Багушэвіч у 1840 годзе. Пасля Віленскай гімназіі вучыўся ў Пецярбургу, быў выключаны за ўдзел у студэнцкім руху. Хутка пачалося паўстанне 1863 года — Багушэвіч вярнуўся на Радзіму, ваяваў у атрадзе Нарбута, быў паранены. Пасля паразы паўстання выехаў ва Украіну, вярнуўся толькі пасля абвяшчэння амністыі.

Францішак Багушэвіч працаваў у адвакацкай канторы. Яго называлі «сялянскім адвакатам», бо бараніў у судах непісьменных вяскоўцаў, якіх дурылі ды абіралі царскія чыноўнікі. Паралельна друкаваўся ў часопісе «Край».

Цягам усяго жыцця ён сутыкаўся з несправядлівасцю — адсюль такі радыкальны сацыяльны пасыл ягоных твораў. Сёння «Дудка беларуская» ды «Смык беларускі» могуць падавацца дэпрэсіўнымі, але гэта дух часу: на фоне тагачаснай рамантычнай і пастаральнай лірыкі ягоныя творы былі рэвалюцыйным прарывам і ішлі ў нагу з часам.

Маштаб асобы Багушэвіча пераацаніць цяжка. Гэта не толькі адзін з пачынальнікаў сучаснай беларускай літаратуры, але і стваральнік падмурку нацыянальнай ідэі, заснаванай на канцэптах сацыяльнай і нацыянальнай справядлівасці.


14 снежня 

1987. Заснаваны Беларускі саюз дызайнераў

389.jpg

Саюз аб’ядноўвае спецыялістаў прамысловага і графічнага дызайну, праектавання малых формаў, інтэр’ераў, абсталявання, арт-дызайну, мадэльераў, педагогаў, тэарэтыкаў дызайну. 

3 красавіка 1987 года ў маскоўскім Доме Саюзаў адбыўся ўстаноўчы з’езд Саюза дызайнераў СССР, на якім прысутнічалі 25 беларускіх дэлегатаў, чацвёра з якіх былі абраныя ў праўленне СД СССР. 14 снежня 1987 года на ўстаноўчым з’ездзе ў Мінску быў створаны Саюз дызайнераў БССР, спадкаемцам якога з’яўляецца Беларускі саюз дызайнераў.

Першым старшынёй саюза быў абраны Аляксандр Длатоўскі, ён прабыў на пасадзе дзве кадэнцыі. У 1995 годзе старшынёй саюза быў абраны мастак Дзмітрый Сурскі.


15 снежня

1859. Нарадзіўся Людвіг Лазар Заменгоф

390.jpg

Вядомы доктар-акуліст, які нарадзіўся ў Беластоку, з’яўляецца яшчэ і стваральнікам штучнай мовы эсперанта. 

Неверагодна, але менавіта пражыванне на Беласточчыне, дзе насельніцтва гаварыла ў той час сама меней на трох мовах — беларускай, польскай і ідыш — і натхніла яго на стварэнне «ўніверсальнай» мовы, якая б не належала да нейкай канкрэтнай нацыі.

А ў ліпені 1887 года ў Варшаве пабачыла свет кніга пад назвай «Міжнародная мова», якая была падпісана загадкавым псеўданімам «Д-ръ Эсперанто». Гэта першы вядомы нам падручнік мовы эсперанта.

З 1893 года Заменгоф жыў у Гародні, дзе працягваў медыцынскую практыку і развіццё сваёй мовы. Менавіта тут ім былі створаныя «Усеагульны слоўнік», «Зборнік практыкаванняў», а таксама з’явіўся клуб эсперантыстаў. У нашым «каралеўскім горадзе» ён пераклаў на эсперанта «Гамлета» Уільяма Шэкспіра.

Прапанаваная доктарам Заменгофам мова стала важным чыннікам камунікацыі, а таксама вехавым этапам на шляху глабальнага спазнання і ўзаемаразумення. Сярод беларусаў, якія цікавіліся эсперанта, можна назваць пісьменніка Янку Маўра, што нават ліставаўся на ёй, і паэта Максіма Танка, які вучыў яе ў маладыя гады, калі жыў у Заходняй Беларусі. 

Памёр Людвіг Лазар Заменгоф у 1917 годзе. 


16 снежня

1672. Памёр Ян Казімір Ваза

391.PNG

Сын Жыгімонта III Вазы, гэты кароль польскі і вялікі князь літоўскі быў апошнім з дынастыі Вазаў. Ён нарадзіўся ў сакавіку 1609 года і намінальна па спадчыне насіў тытул караля Швецыі да 1660 года. 

Браў удзел у вайне Расіі з Рэччу Паспалітай, у Трыццацігадовай вайне з 1618 па 1648 гады. Уваходзіў у ордэн іезуітаў і нават меў пасаду кардынала. Пасля смерці старэйшага брата, караля Уладзіслава IV, быў вызвалены рымскім Папам ад духоўнага сану.

Каралём польскім і вялікім князем літоўскім яго абралі на сойме 20 лістапада 1648 года не без удзелу групоўкі магнатаў і шляхты, што выступала за замірэння з казакамі, якія паўсталі на землях сучаснай Украіны. 

Па першым часе Ян Казімір вёў памяркоўную палітыку ў дачыненні да казакоў у разліку на магчымае пагадненне з Багданам Хмяльніцкім, аднак гэта палітыка не дала вынікаў, і вайна з казацтвам працягнулася.


17 снежня

2006. Памёр Іван Навуменка

392.jpg

Будучы беларускі пісьменнік з’явіўся на свет у шматдзетнай сям’і чыгуначнікаў на Гомельшчыне ў лютым 1925 года. 

Скончыў школу ў 1941 годзе. Добра валодаў нямецкай мовай, што прыдалося ў часе вайны. З 1942 года знаходзіўся ў падполлі. З 1943 года ў шэрагах Чырвонай Арміі. Служыў у франтавой выведцы.

У 1950 годзе завочна скончыў філалагічны факультэт БДУ, а следам і аспірантуру. Працаваў журналістам у газеце «Звязда». З 1953 года ў часопісе «Маладосць» быў рэдактарам аддзела прозы.

У 1955 годзе апублікаваў свае першыя апавяданні, а праз два гады выйшла з друку яго дэбютная кніга прозы «Сямнаццатай вясной». У той жа час уступіў ў Саюз пісьменнікаў. Аўтар мноства кніг апавяданняў і аповесцей, а таксама шматлікіх літаратуразнаўчых прац. 

Быў вельмі заклапочаны станам беларускай мовы. Адметна і паказальна, што сваіх дзяцей яшчэ ў савецкі час выхаваў у беларускай мове. 


18 снежня

1917. Першы Усебеларускі з’езд

393.jpg

Склікаць у Мінску прадстаўнічы сход беларускіх арганізацый, які б вырашыў лёс краю, было вырашана яшчэ 5 снежня. З’езд, што распачаў сваю працу ў другой палове снежня 1917 года, сабраў шмат беларускіх палітычных дзеячаў ад усіх населеных беларусамі губерняў.

Да 14 снежня было зарэгістравана каля 1800 дэлегатаў. На першым пасяджэнні Усебеларускага з’езда прысутнічалі 1872 дэлегаты, з іх 1167 з правам вырашальнага голасу, якія прадстаўлялі практычна ўсе пласты беларускага насельніцтва.

З’езд прызнаў права беларускага народа на самавызначэнне і дэмакратычную форму праўлення. Падчас яго правядзення выявіліся сур’ёзныя разыходжанні ў палітычных поглядах яго ўдзельнікаў, адны з каторых выступалі або за поўную незалежнасць ці хаця б шырокую аўтаномію, а іншыя прытрымліваліся ідэі захавання саюза з Расеяй. 

У выніку ўночы з’езд быў разагнаны мясцовымі бальшавікамі, а некаторыя з яго ўдзельнікаў арыштаваныя. У тым ліку і адносна лаяльныя да бальшавікоў Зміцер Жылуновіч ды Аляксандр Чарвякоў, якія ў канцы 1918 — пачатку 1919 гг. абвесцяць у Смаленску Савецкую Беларусь. 

Горкая іронія лёсу ў тым, што за арганізацыяй з’езду стаялі такія неабыякавыя, але разам з тым несправядліва забытыя цяпер асобы, як Яўсей Канчар. Самі камуністы яго характарызавалі як правага эсэра, але паводле паглядаў ён быў хутчэй макевіліянцам. А на правядзенне самой імпрэзы грошы выдаткоўвалі ўласна бальшавікі з Петраграда.


Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Грамадства

Прайшлі ператрусы і затрыманні сярод полацкіх музейшчыкаў

29 сакавіка сілавікі зрабілі маштабную аблаву ў Нацыянальным Полацкiм гісторыка-культурным музеі-запаведніку. Пра...

valiancina_shauchenka
Культура

Новы выпуск падкаста «Малус» дасяжны на стрымінгах

Абсурд пачынае панаваць тады, калі настае бясплоднасць сэнсаў або калі яны прыходзяць у гэты свет ужо мёртванароджанымі....

valiancina_shauchenka
Літаратура

Кнігу Альгерда Бахарэвіча «Тэатр шчаслівых дзяцей» можна паслухаць у аўдыяфармаце

Кнігу Альгерда Бахарэвіча «Тэатр шчаслівых дзяцей» можна паслухаць на платформе «Кніжны воз», — паведамляецца на старонцы...

valiancina_shauchenka
Грамадства

Помнік Ларысе Геніюш у Зэльве дэмантаваць не будуць

Такі адказ мясцовых уладаў на свой зварот аб зносе помніка Ларысе Геніюш на Зэльвенскіх могілках атрымала праўладная...

Апошнія навіны

    Грамадства
    Прайшлі ператрусы і затрыманні сярод полацкіх музейшчыкаў
    Культура
    Новы выпуск падкаста «Малус» дасяжны на стрымінгах
    Літаратура
    Кнігу Альгерда Бахарэвіча «Тэатр шчаслівых дзяцей» можна паслухаць у аўдыяфармаце
    Грамадства
    Помнік Ларысе Геніюш у Зэльве дэмантаваць не будуць
    Культура
    Іван Кірчук — сапраўдны «Варажбіт»
    Вандруем разам
    Унікальнае месца для адпачынку. Расказваем пра адметнасці Ліпічанскай пушчы
    Афіша Літаратура
    Ужо заўтра адбудзецца анлайн-прэзентацыя рамана Шчэпана Твардаха “Кароль” у беларускім перакладзе
    Гісторыя
    Невядомыя беларускамоўныя тэксты з атачэння Кастуся Каліноўскага у новым нумары «Homo Historicus 2023».
    Кіно
    Воля Чайкоўская: «Беларускае кіно — самабытнае, аўтэнтычнае, рызыкоўнае. Яшчэ — вельмі каштоўнае, таму што знаходзіцца на мяжы выжывання. Яго практычна як від можна заносіць у Чырвоную кнігу»
    Мастацтва
    Вясна перадусім! Выстава Лявона Тарасэвіча ў варшаўскай галерэі Monopol
    Грамадства Адукацыя
    «Як мама і педагог я вельмі прашу слухаць і чуць дзяцей!» Тры гісторыі пра булінг і гвалт
    Культура Літаратура
    Аўтапартрэт у шаўковай кашулі. Словы пра самога сябе, як ты разумееш
    Грамадства
    Наталля Пінчук: Важна гаварыць сёння не толькі пра Алеся – пра ўсіх, хто за кратамі ў Беларусі
    Грамадства
    Францыя. Мы маем права на паўстанне
    Культура
    Пра што размаўляюць з Вясной у гукальных песнях і прычым тут «Купалінка»

Афіша

  • 30.03

    ПАДЗЕЯ ДНЯ: Гурт PyLai ў Батумі

  • 30.03 — 22.04Выстава ткацкіх працаў у Мінску
  • 30.03Экспазіцыя да 100-годдзя з дня нараджэння Алены Васілевіч у Мінску
  • 30.03 — 31.03Выстава, прысвечаная мастаку кіно Яўгену Ганкіну, у Мінску
  • 30.03 — 31.03«У краіне мар». Выстава, прысвечаная Канстанцыі Буйло, у Мінску
  • 30.03 — 30.04Выстава «Ян Вермеер» у Мінску
  • 30.03 — 02.04Выстава Усевалада Швайбы і Тамары Дзяменцьевай «Узы меж нами» ў Гродне
  • 30.03 — 30.04 «Партрэт часу»: калекцыя жывапісу Белгазпрамбанка ў Магілёве

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: [email protected]

Папулярнае

    • Адкуль мы ўзяліся: 7 кніг пра нашу гісторыю
    • «Пагоня» не з’яўляецца «экстрэмісцкім» сімвалам
    • Топ-3 смешных выпадкаў з Якубам Коласам
    • Унучка пакаранага паўстанца, якая стала адной з самых вядомых у свеце жанчын-хірургаў
    • Што паслухаць з беларускай музыкі на Дзень Волі
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип