Прапануем Вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата — кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і «пасланне ў бутэльцы» для нас сённяшніх.
Чытайце, думайце, рабіце высновы.
13 чэрвеня
1889. Нарадзіўся Павел Жаўрыд
Будучы беларускі грамадска-палітычны дзеяч, з’явіўся на свет у фальварку Цяцераўка на Случчыне ў сям’і збяднелага шляхціча. Навучаўся ў Слуцкай гімназіі, дзе блізка сышоўся з іншым вядомым нацыянальным дзеячам — Фабіянам Шантыром.
Пасля сканчэння гімназіі ў 1909 годзе паступіў на юрыдычны факультэт Варшаўскага ўніверсітэта. У 1916 годзе быў мабілізаваны ў расійскае войска. Лютаўскую рэвалюцыю Жаўрыд сустрэў на Румынскім фронце, дзе быў абраны старшынёй палкавога камітэта. У снежні 1917-га прымаў удзел у працы Першага Усебеларускага з’езду ў Мінску, які быў разагнаны мясцовымі бальшавікамі. З якімі ён меў даводзі дзіўную гісторыю — яны яго то арыштоўвалі, то прымалі ў шэрагі Чырвонай арміі.
Увосень 1920 года Жаўрыд далучаецца да актыўнага палітычнага жыцця ў родных мясцінах. Уваходзіць у склад Беларускай рады Случчыны, робіцца адным з кіраўнікоў паўстання, якое трывае ў лістападзе-снежні 1920 года. Найвышэйшай радай БНР быў прызначаны камісарам Случчыны. Пасля паразы паўстання перабраўся ў Вільню, дзе некаторы час і займаўся беларускай справай.
Як і некаторыя іншыя ўдзельнікі і лідары Слуцкага паўстання неўзабаве вярнуўся ў БССР. Працаваў у розных установах рэспублікі, у тым ліку Інстытуце беларускай культуры і рэдакцыі газеты «Звязда». Быў арыштаваны ў ліпені 1930 года па сфабрыкаванай справе «Саюза вызвалення Беларусі», з якой распачалася хваля рэпрэсій супраць беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі.
Паводле афіцыйнай версіі памёр у зняволенні ў 1939 годзе «ад хваробы».
14 чэрвеня
1867. Нарадзіўся Мітрафан Доўнар-Запольскі
Гэты беларускі грамадскі і палітычны дзеяч, навуковец, гісторык і этнограф з’явіўся на свет у сям’і службоўца ў Рэчыцы. Пачатковую адукацыю атрымліваў у розных гарадах Беларусі, дзе пражывала сям’я — Рэчыцы, Мінску, Мазыры. З малых гадоў захапляўся гісторыяй і краязнаўствам.
У 1885 годзе паступіў у Першую кіеўскую класічную мужчынскую гімназію, дзе падчас навучання паспеў апублікаваць шэсць даследчыцкіх матэрыялаў, а пасля — і ў Кіеўскі ўніверсітэт на гісторыка-філалагічны факультэт. За час навучання ва ўніверсітэце напісаў манаграфію, якая была прысвечана Полацкаму, Тураўскаму і Смаленскаму княствам. Пасля сканчэння ўваніверсітэта жыў і працаваў у асноўным у Кіеве.
У 1918 годзе ўзначальваў Гандлёвую палату Беларускай Народнай Рэспублікі ва Украіне. Акрамя гэтага быў актыўным удзельнікам тагачаснага беларускага нацыянальнага руху. Па замове ўрада БНР напісаў невялікую кнігу «Асновы дзяржаўнасці Беларусі», якая была выдадзена ў 1919 годзе і з навуковых пазіцый абгрунтоўвала права беларусаў на стварэнне самастойнай дзяржавы.
Вярнуўся ў БССР у 1925 годзе. У 1926 годзе вымушаны выехаць у Маскву, дзе і памёр 30 верасня 1934 года.
15 чэрвеня
1812. Створана Полацкая езуіцкая акадэмія
У гэты дзень 200 гадоў таму Полацкі езуіцкі калегіум быў пераўтвораны ў Полацкую езуіцкую акадэмію з правамі ўніверсітэта.
Полацкі езуіцкі калегіум быў створаны яшчэ ў 1580 годзе і паступова развіваўся да 1772 года, калі ў выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай, усходнія землі Вялікага Княства Літоўскага апынуліся ў складзе Расійскай імперыі.
У 1773 годзе рашэннем Папы рымскага дзейнасць ордэна езуітаў была забаронена, але Кацярына II вырашыла не падпародкоўвацца, і таму іхная дзейнасць на абшарах імперыі працягвалася. А ў 1780 годзе пры калегіуме была нават адкрыта ўстанова для падрыхтоўкі манахаў.
Пасля ператварэнння калегіума ў акадэмію, Полацк становіцца цэнтрам інтэлектуальнага жыцця, паколькі Полацкая езуіцкая акадэмія была адзінай вышэйшай навучальнай установай на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
У 1820 годзе акадэмія была ліквідавана, а праз два гады яе будынкі перадалі Полацкаму вышэйшаму піярскаму вучылішчу. З 1835 года там месціўся Полацкі кадэцкі корпус. Сёння яны належаць Полацкаму дзяржаўнаму ўніверсітэту.
16 чэрвеня
1937. Загінуў Аляксандр Чарвякоў
У гэты дзень 85 гадоў таму падчас працы XVI з’езду КП(б)Б старшыня ЦВК БССР Аляксандр Чарвякоў застрэліўся ў сваім кабінеце. На тым з’ездзе ён быў падвергнуты надзвычай рэзкай крытыцы з боку аднапартыйцаў, у выніку чаго абраў смерць замест арышту і здзекаў.
З’явіўся на свет Аляксандр Чарвякоў у 1892 годзе ў вёсцы Дукарка Мінскай губерні ў простай сялянскай сям’і. Бацька Чарвякова быў з людзей простых, але ўмеў чытаць і пісаць, чым зарабляў сабе на жыццё. Менавіта ён прывучыў сына да ахвоты спасцігаць новыя веды, разумеючы, што перспектывы ў жыцці адкрываюцца толькі перад адукаванымі.
Чарвякоў скончыў Віленскае народнае вучылішча, затым Віленскі настаўніцкі інстытут, пацвердзіў званне народнага настаўніка. У маладыя гады актыўна цікавіўся палітыкай.
Адзін з падпісантаў «Маніхвэсту» аб утварэнні Савецкай Беларусі. Першы старшыня Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта БССР з 1919 па 1938 гады. Адзін з ідэйных натхняльнікаў палітыкі беларусізацыі ў 1920-я гады. Быў аўтарытэтам не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Шанаваўся нават тымі беларусамі, якія ставіліся варожа да савецкай ўлады.
Пахаваны на Вайсковых могілках у Мінску.
17 чэрвеня
1907. Створана Краёвая партыя Літвы і Беларусі
У гэты дзень 115 гадоў таму на з’ездзе ў Вільні была створана Краёвая партыя Літвы і Беларусі, якая займала праваліберальны фланг у тагачасным палітычным жыцці.
Партыя была створана «краёўцамі», як іх часта называюць у літаратуры, для ўдзелу ў выбарах у III Дзяржаўную Думу. Да гэтага прыхільнікі гэтага выразна кансерватыўнага руху далучаліся да іншых кааліцый.
На з’ездзе ў Вільні Раман Скірмунт прапанаваў стварыць арганізацыю, якая б злучала ў сабе прадстаўнікоў трох нацыянальных рухаў — беларускага, літоўскага і польскага. Але ўдзельнікі не падтрымалі ягоную прапанову, таму арганізацыя падавалася «польскай», хаця і не была паводле свайго характару ні нацыяналістычнай, ні нават нацыянальнай.
Паводле сваёй палітычнай платформы, партыя выступала за аўтаномію Беларусі і Літвы ў межах Расійскай імперыі, шырокія эканамічныя рэформы, прававую роўнасць асобы, моваў і культур, вырашэнне аграрнага пытання.
Першым лідарам партыі стаў вядомы дзеяч Эдвард Вайніловіч, які ачольваў яе ў 1907-1908 гадах. З 1908 года лідарам партыі быў Раман Скірмунт, які праз 10 гадоў, летам 1918 года будзе фармаваць другі ўрад БНР. Ва ўрадзе БНР Раман Скірмунт быў ці не адзіным, хто трымаўся правакансерватыўных поглядаў і выступаў за тое, каб краіна пайшла па капіталістычным шляху развіцця.
18 чэрвеня
1957. Памёр Вітольд Бялыніцкі-Біруля
У гэты дзень 65 гадоў таму пайшоў з жыцця славуты беларускі жывапісец-пейзажыст.
Вітольд Бялыніцкі-Біруля нарадзіўся ў 1872 годзе ў вёсцы Крынкі на Магілёўшчыне ў сям’і дробнага арандатара. Меў шляхецкае паходжанне: ягоны род быў вядомы ў Вялікім Княстве Літоўскім яшчэ ў ХVІ стагоддзі. Бацька будучага мастака служыў у дняпроўскім параходстве, а таму ў хлопчыка была магчымасць часам падарожнічаць з ім па беларускіх рэках.
У 17 гадоў Вітольд Бялыніцкі-Біруля паступае ў Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства, дзе заводзіць шматлікія знаёмствы. У гэты час ён сябруе з Ісакам Левітанам, які робіцца для яго настаўнікам і вучыць маляваць у сваёй майстэрні. Літаральна праз некалькі гадоў малады мастак атрымлівае прызнанне.
Большую частку свайго жыцця Вітольд Бялыніцкі-Біруля пражыў у Расіі, але разам з тым ён ніколі не забываўся на сваю радзіму. Больш за тое — мастак заўжды падкрэсліваў сваё менавіта беларускае паходжанне.
Памёр ва ўзросце 85 гадоў на сваёй дачы «Чайка», якую збудаваў на беразе возера Удомля ў Цвярской губерні. Пахаваны на Новадзявочых могілках у Маскве.
19 чэрвеня
1924. Нарадзіўся Васіль Быкаў
З’явіўся на свет будучы класік беларускай літаратуры ў вёсцы Бычкі на Віцебшчынеў простай сялянскай сям’і. Род пісьменніка вядомы з другой паловы XVIII стагоддзя, калі селянін Лук’ян Бык стаў першым пасяленцам Бычкоў.
Васіль Быкаў мог і не стаць пісьменікам, бо з малых гадоў меў прыхільнасць да малявання і нават вучыўся на скульптурным аддзяленні Віцебскага мастацкага вучылішча. Літаратарам яго зрабіла вайна, якую мог і не перажыць, бо быў ледзь не расстраляны, некалькі разоў цяжка паранены, некаторы час лічыўся загінуўшым.
Пісаць пачаў пасля вайны, калі жыў і працаваў у Гародні. Першыя публікацыі былі ў 1947-1949 гадах. Сам жа Быкаў сваю пісьменніцкую кар’еру адлічваў з 1951 года, калі былі апублікаваныя апавяданні «Смерць чалавека» і «Абознік».
Пераважная большасць твораў пісьменніка прысвечаны тэме вайны, дзе Васіль Быкаў апісваў змрочныя рэаліі, за што падвяргаўся суворай крытыцы камуністычнай наменклатуры. Ягоныя «Альпійская балада», «Сотнікаў», «Дажыць да світання», «Мёртвым не баліць» — сапраўдная энцыклапедыя вайсковых будняў.
У пачатку 2000-х напісаў кнігу ўспамінаў «Доўгая дарога дамоў», дзе дэталёва раскрыў акалічнасці не толькі ўласнай біяграфіі, але таксама паказаў цяжкое жыццё свайго пакалення, што прайшло праз калектывізацыю і вайну.
Памёр у 2003 годзе пасля працяглай хваробы. Пахаваны на Усходніх могілках у Мінску.