Каляндар з 14 па 20 лютага. Што святкуем? Па чым сумуем?

13.02.2022 Каляндар

Прапануем Вам падборку знакавых дат на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата — кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і «пасланне ў бутэльцы» для нас сённяшніх.

Чытайце, думайце, рабіце высновы.


14 лютага

85 год таму, 14 лютага 1937 г. нарадзіўся Міхась Стральцоў 

Знаны беларускі празаік і паэт з’явіўся на свет у сям’і настаўніка.

michas_s.jpg

Вучыўся ў Нова-Ельненскай сярэдняй школе, пасля якой паступіў на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта.

Працаваў ва ўсіх вядучых выданнях таго часу: газеце «Літаратура і мастацтва», часопісах «Полымя», «Маладосць» і «Нёман». Друкавацца пачаў з 1952 года. Першы зборнік апавяданняў «Блакітны вецер» выйшаў у 1962 годзе. Першы паэтычны зборнік «Ядлоўцавы куст» у 1973 годзе. Тады ж з’явіўся ці не самы вядомы ягоны твор — апавяданне «Смаленне вепрука».

Стральцоў увесь час знаходзіўся ў творчым пошуку. Меў свой асаблівы стыль, які вылучаў яго на фоне калег па так званым «філалагічным» пакаленні.

Пайшоў з жыцця ў 1987 годзе ва ўзросце 50 гадоў.

У мінулым годзе «Мастацкая літаратура» выдала кнігу тэкстаў Міхася Стральцова. Пад адной вокладкай сабраныя аповесць, апавяданні і вядомае ягонае эсэ «Загадка Багдановіча».

15 лютага

1916. У Вільні пачалося выданне газеты «Гоман»

Дазвол на друк гэтага беларускага выдання далі нямецкія акупацыйныя ўлады. Рэдактарамі былі Вацлаў Ластоўскі і Язэп Салавей.

hazeta_homan.jpg

У гэтай перыёдыцы друкавалі найперш навіны тагачаснага грамадскага і палітычнага жыцця, а таксама разнастайныя адукацыйныя матэрыялы. На яе старонках агучваліся ідэі атрымання дзяржаўнасці і стварэння Беларускай Рэспублікі. Палітычна выданне было блізкім па сваім духу да сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў).

На старонках друкаваліся творы Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Цішкі Гартнага ды іншых прызнаных беларускіх літаратараў таго часу.

Газета выходзіла два разы на тыдзень да канца 1918 года ў двух варыянтах: кірыліцай і лацінкай.

16 лютага

1925. Нарадзіўся Іван Навуменка

Будучы беларускі пісьменнік з’явіўся на свет у шматдзетнай сям’і чыгуначнікаў на Гомельшчыне.

navumenka.jpg

Скончыў школу ў 1941 годзе. Добра валодаў нямецкай мовай, што прыдалося ў часе вайны. З 1942 года ў падполлі. З 1943 года ў Чырвонай Арміі. Служыў у франтавой выведцы.

У 1950 годзе завочна скончыў філалагічны факультэт БДУ, а следам і аспірантуру. Працаваў журналістам у газеце «Звязда». З 1953 года ў часопісе «Маладосць» кіраваў аддзелам прозы.

У 1955 годзе публікуе першыя свае апавяданні, а праз два гады выходзіць з друку яго дэбютная кніга прозы «Сямнаццатай вясной». У той жа час уступае ў Саюз пісьменнікаў. Аўтар мноства кніг апавяданняў і аповесцей, а таксама шматлікіх літаратуразнаўчых прац. Іван Навуменка — апошні, хто атрымаў званне Народнага пісьменніка Беларусі. Памёр 17 снежня 2006 года ў Мінску.

17 лютага

1806. Нарадзіўся Канстанцін Тышкевіч

З’явіўся на свет у родавым маёнтку Лагойск у сям’і буйнога землеўласніка Барысаўскага павета Мінскай губерні графа Пія Феліцыянавіча Тышкевіча. Належаў да ўплывовага шляхецкага роду Тышкевічаў гербу «Ляліва».

640px-Kanstantyn_Tyškievič._Канстантын_Тышкевіч_(A._Regulski,_1868).jpg

Бацька Канстанціна Тышкевіча прывіў яму любоў да археалогіі. Разам з малодшым братам Яўставіям стаіць ля вытокаў не толькі гістарычнай навукі, але таксама краязнаўства, этнаграфіі, фалькларыстыкі, музейнай справы. На аснове ўласных калекцый разам з імі стварыў Лагойскі музей старажытнасцей. Многа вандраваў.

Яшчэ пры жыцці займеў высокі аўтарытэт у навуковых колах, разам з братам быў абраны ганаровымі сябрамі Акадэмій навук у розных еўрапейскіх краінах.

Памёр у 1868 годзе.

Ягоная багатая пісьмовая спадчына ўсё яшчэ не перакладзена на беларускую мову, не прааналізавана і як след не асэнсавана.

18 лютага

100 гадоў таму, 18 лютага 1922 г., нарадзіўся Міхаіл Савіцкі

savicki.jpg

Адзін з самых вядомых мастакоў нашай краіны з’явіўся на свет у сялянскай сям’і. Пасля заканчэння школы пайшоў служыць у Чырвоную Армію, дзе яго і заспела вайна. Браў удзел у абароне Севастопаля ў складзе 345-й стралковай дывізіі.

Трапіў у палон. З ліпеня 1942 года да красавіка 1945 года быў вязнем канцлагераў у Дзюсельдорфе, Бухенвальдзе, Мітэльбау-Доры, Дахау.

Пасля вайны пайшоў вучыцца. Спачатку скончыў Мінскае мастацкае вучылішча ў 1951 годзе, а потым у 1957 годзе — з чырвоным дыпломам Маскоўскі мастацкі інстытут імя В. І. Сурыкава.

Жыў і працаваў у беларускай сталіцы. Вядомасць займеў у 1960-х гадах. Атрымаў шматлікія ўзнагароды. Ягоныя карціны знаходзяцца ў многіх калекцыях.

У сваіх працах імкнуўся паказаць усю трагедыю чалавека на вайне.

Памёр у 2010 годзе. На плошчы Свабоды месціцца мастацкая галерэя, якая носіць яго імя.

19 лютага

1890. Нарадзіўся Казімір Сваяк

Насамрэч гэтага вядомага беларускага грамадскага дзеяча, паэта і каталіцкага святара звалі Канстанцін Стаповіч.

kazimir_svajak.jpg

З’явіўся на свет ў вёсцы Барані пад Астраўцом у шматдзетнай сялянскай сям’і. Скончыў пачатковую і Свянцянскую павятовую школы. З 1906 года жыў у Вільні, дзе вучыўся ў каталіцкай духоўнай семінарыі.

З 1913 года друкаваўся ў розных беларускіх перыядычных выданнях з вершамі, апавяданнямі, эсэ, артыкуламі і развагамі рэлігійнага і філасоўскага зместу. У 1924 у Вільні выходзіць зборнік ягонай паэзіі «Мая Ліра». Меў кепскае здароўе. Ад 1912 года хварэў на сухоты. Рэгулярна наведваў польскае Закапанэ. Памёр у 1926 годзе.

Адметна, што над магілаю паэта, згодна з яго апошняй воляй, прагучалі тры мовы краю — беларуская, польская і літоўская.

У 2016 годзе ў самым цэнтры Вільні была ўсталявана мемарыяльная шыльда ў гонар Казіміра Сваяка.

20 лютага

1387. Хрысціянізацыя літоўскай зямлі Ягайлам

У гэты дзень Вялікі князь літоўскі Ягайла выдаў у Вільні першую грамату аб наданні прывілеяў баярам ВКЛ, якія прынялі каталіцкае веравызнанне.

litva_1387.jpg
У якасці ілюстрацыі карціна Яна Матэйкі «Хрышчэнне Літвы ў 1387 годзе»

Пачалося ўсё за два гады да гэтага, у 1385 годзе, калі была заключана Крэўскай унія. А ў 1386 годзе, 15 лютага, Ягайла разам з братамі Карыгайлам, Свідрыгайлам, Вігандам і сваімі баярамі прыняў каталіцтва і атрымаў імя Уладзіслаў. А ўжо 18 лютага ён пабраўся шлюбам з Ядвігай. І толькі праз год пачалася вельмі павольная хрысціянізацыя Літвы, якая была абумоўлена найперш палітычнымі мэтамі.

Прывілей гарантаваў баярам, якія прынялі каталіцкі хрост, поўную ўласнасць на іх родавыя маёнткі з правам свабодна распараджацца імі. Таксама іхныя правы, паводле прывілею, прыраўноўваліся з правамі польскай шляхты. Гэта быў пачатак шчыльных інтэграцыйных працэсаў між двума дзяржавамі.

Складзены прывілей на лацінскай мове.

budzma.org