Каляндар з 15 па 21 жніўня. Што святкуем? Па чым сумуем?

15.08.2022 Каляндар

Прапануем Вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата — кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і «пасланне ў бутэльцы» для нас сённяшніх.

Чытайце, думайце, рабіце высновы.


15 жніўня

1382. Загінуў Кейстут

kejstut.jpg

Гэты вялікі літоўскі князь быў сынам Гедзіміна і яго другой жонкі Вольгі, полацкай князёўны, а таксама малодшым братам Альгерда. У адрозненне ад разважлівага і кемлівага Альгерда, быў даволі шчырым, але разам з тым рашучым чалавекам.

v_i_k_u_palonie.jpgІлюстрацыя: карціна «Кейстут і Вітаўт у палоне ў Ягайлы» Войцэха Герсана, 1873 год.

У 1345 годзе менавіта Кейстут захапіў Вільню, якую потым добраахвотна перадаў брату. Паміж імі панавала згода: старэйшы брат займаўся справамі «рускімі», на ўсходзе краіны, у той час як малодшы вёў змаганне з Ордэнам.

Сучаснікі характарызуюць Кейстута як чалавека слова. Калі мір — то мір, калі вайна — то вайна. Пры гэтым ён мог і папярэдзіць праціўніка аб тым, што наступае. Разам з тым гэты правіцель меў выдатнае пачуццё гумару і любіў дасціпна троліць тых, з кім быў у канфрантацыі.

Так, выпраўляючыся на перамовы з магістрам Нямецкага ордэна Генінгам Шындэкопфам, Кейстут на шляху разбіў атрад рыцараў з замка Інстэрбург: у палон трапілі 50 чалавек разам са зброяй і коньмі. На сустрэчу з магістрам Кейстут са сваімі ваярамі прыехаў акурат на тых самых конях. Вядома, іх пазналі, і начальнік замка Інстэрбург быў агаломшаны такім падыходам літоўцаў. На што Кейстут лаканічна яму адказаў: «Такія цяпер часы».

Пасля смерці Альгерда ў 1377 годзе Кейстут спачатку падтрымаў Ягайлу, што было фатальнай памылкай. У часе Грамадзянскай вайны, якая разгарэлася ў 1381 годзе паміж родзічамі, Ягайла апынуўся на супрацьлеглым баку. А ў 1382 годзе задушыў свайго дзядзьку ў часе перамоваў у Крэве, куды Кейстут прыехаў разам са сваім сынам Вітаўтам.

Вітаўт тады цудам ацалеў і ўратаваўся.

16 жніўня

1874. Нарадзіўся Аляксандр Уласаў

a_ulasau.jpg

Слынны беларускі грамадскі дзеяч з’явіўся на свет у Вілейцы ў сям’і паштара. Ягоны дзед быў праваслаўным святаром, а бацька меў уласны фальварак пад Радашкавічамі. Навучанне атрымліваў у Пінску, Мінску, Лібаве і Рыжскім універсітэце.

Непасрэдна з яго асобай звязана з’яўленне першых беларускіх газет «Наша доля» і «Наша ніва». Ён спрычыніўся да адкрыцця і прасоўвання Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Ядвігіна Ш., Цёткі, Алеся Гаруна, Максіма Гарэцкага, Цішкі Гартнага, Змітрака Бядулі, Канстанцыі Буйло ды іншых. Якуб Колас лічыў яго сваім духоўным бацькам, бо менавіта Аляксандр Уласаў прапанаваў яму супрацу з «Нашай доляй», дзе класік дэбютаваў увосень 1906 года менавіта пад гэтым псеўданімам.

Аляксандр Уласаў з’яўляецца таксама і адным з заснавальнікаў выдавецкага таварыства «Наша хата», якое выдавала творы беларускіх аўтараў. Акрамя вышэйзгаданых «Нашай долі», «Нашай нівы», «Нашай хаты» і «Сахі» Аляксандр Уласаў выдаваў і часопіс для беларускай моладзі пад назвай «Лучынка», рэдактаркай якога была Цётка.

У 1905–1907 гадах ён браў удзел у арганізацыі забастовак і нелегальных з’ездах. Уласаў з’яўляецца таксама і адным з заснавальнікаў і кіраўнікоў Беларускай сацыялістычнай грамады — першай беларускай палітычнай партыі, сярод заснавальнікаў якой таксама былі іншыя вядомыя беларускія дзеячы той пары. У 1917 годзе ён удзельнічаў у Першым Усебеларускім з’ездзе, а ў 1918 годзе трапіў у сакратарыят Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

У 1920–1930 гадах пражываў у Заходняй Беларусі. У 1922–1928 гадах быў сенатарам у Другой Рэчы Паспалітай. Заснавальнік і адзін з кіраўнікоў Таварыства беларускай школы, стваральнік у Радашкавічах беларускай гімназіі імя Францыска Скарыны.

Арыштаваны бальшавікамі 6 кастрычніка 1939 года ў Маладзечне. Нягледзячы на заступніцтва Якуба Коласа, Янкі Купалы, Змітрака Бядулі ды іншых «нашаніўцаў», быў прыгавораны да пяці гадоў лагераў.

Памёр 11 сакавіка 1941 года ў высылцы.

17 жніўня

1907. Нарадзіўся Здзіслаў Стома

У гэты дзень 115 гадоў таму ў Мінску з’явіўся на свет вядомы беларускі акцёр тэатра і кіно Здзіслаў Стома. Ягоны бацька да рэвалюцыі працаваў у вядомым рэстаране «Акварыум». У сям’і было сямёра дзяцей.

Здзіслаў Стома вучыўся ў драматычнай студыі пры Дзяржаўным польскім тэатры Беларускай ССР, дзе з 1929 года і пачаў выступаць на сцэне. Пазней быў у Тэатры юнага гледача. Затым пераведзены ў Кіеўскі Польскі тэатр Украінскай ССР. З 1940 года — у Беларускім дзяржаўным тэатры, які цяпер завецца Купалаўскім.

На купалаўскай сцэне ён выканаў шмат бліскучых і запамінальных роляў. Яго амплуа — вострахарактарныя і камедыйныя персанажы. Асаблівае гучанне набылі створаныя ў яго трактоўцы нацыянальныя беларускія вобразы ў п’есах беларускіх класікаў: Янкі Купалы, Кандрата Крапівы, Андрэя Макаёнка ды іншых. З 1949 года здымаўся ў кіно. Агулам сыграў каля паўтысячы роляў.

Актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР VII склікання. Памёр 21 ліпеня 1992 года. Пахаваны ў Мінску.

18 жніўня

1891. Нарадзіўся Краўцоў Макар

kraucou_m.jpg

У 1910 годзе Макар Касцевіч, а менавіта такое ў яго сапраўднае імя, скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю, пасля чаго настаўнічаў на Гарадзеншчыне.

Прымаў удзел у Першай сусветнай вайне. Быў неабыякавы да беларускай справы, знаходзіўся ў самай гушчы падзеяў: удзельнічаў у Першым усебеларускім з’ездзе, а потым у справах БНР. Аб чым пакінуў успаміны. Для патрэбаў маладой рэспублікі ў 1919 годзе напісаў той самы «Ваяцкі марш», які меўся адрознівацца ад жалобных народных песняў ці трагічнай лірыкі іншых паэтаў. Удзельнік Слуцкага паўстання 1920 года.

У міжваенны час жыў у Заходняй Беларусі, друкаваўся, перакладаў, спрабаваў займацца палітыкай. Праз неўтаймаваны характар шмат з кім сварыўся, а Антона Луцкевіча нават выклікаў на дуэль. Пасля верасня 1939-га разам з іншымі беларускімі дзеячамі арыштаваны савецкай уладай. Паводле некаторых звестак, закатаваны ў турме ў Беластоку.

Псеўданім «Краўцоў» з’явіўся праз прафесію ягоных продкаў — краўцоў. Літаратуразнаўцы спрачаюцца і цяпер, як пісаць правільна: «Краўцоў Макар» ці «Макар Краўцоў»? Але здаецца, што насамрэч адказ на паверхні. Бо сам аўтар выкарыстоўваў першы варыянт, дзе «Краўцоў» мае адказваць на пытанне «чый?». У беларускай традыцыі такое прозвішча называецца «па-вулічнаму». 

Дзядзька іншага заходнебеларускага паэта — Міхася Васілька.

19 жніўня

1587. Жыгімонт III Ваза стаў правіцелем Рэчы Паспалітай

Sigismund_III_Vasa.jpg

У гэты дзень ён быў абраны каралём польскім і вялікім князем літоўскім на элекцыйным сойме, які адбыўся пасля смерці Стэфана Баторыя.

Нарадзіўся Жыгімонт ІІІ Ваза ў 1566 годзе ў шведскім Грыпсгольме. Сын караля Швецыі Юхана III Вазы і Кацярыны Ягелонкі, дачкі Жыгімонта I Старога, ён стане заснавальнікам дынастыі Вазаў у Рэчы Паспалітай. 

На тым элекцыйным сойме 1587 года ён быў абраны каралём дзякуючы падтрымцы Ганны Ягелонкі, а таксама канцлера і вялікага гетмана кароннага Яна Замойскага. Паслоў ад ВКЛ на мерапрыемстве не было, таму фактычна правіцелем ВКЛ ён стане трошкі пазней. 

У 1592–1599 гадах ён быў яшчэ і каралём шведскім. Цягам усяго жыцця імкнуўся вярнуць сабе шведскі трон, які страціў. Гэта прывяло да працяглага канфлікту са Швецыяй, дзе абодва бакі перамагалі з пераменным поспехам. 

Менавіта ў часе праўлення Жыгімонта ІІІ Вазы была заключаная Берасцейская царкоўная унія, якая мела на мэце аб’яднаць праваслаўных і каталікоў у ВКЛ, але па факце яшчэ больш абвастрыла супярэчнасці ў дзяржаве.

Пайшоў з жыцця 30 красавіка 1632 года ў Варшаве.

20 жніўня

1937. Паўторна арыштаваны Вацлаў Ластоўскі

v_last.jpg

Вацлаў Ластоўскі прыехаў у сталіцу Савецкай Беларусі ў канцы сакавіка 1927 года. Гэтаму спрыяла шмат фактараў. У БССР у той час ішла беларусізацыя, а ў Ковенскай Літве, дзе жыў Ластоўскі, да ўлады шляхам перавароту прыйшлі нацыяналісты. 

Па першым часе ўсё ішло нібыта і няблага. Ён працаваў у розных установах, займаўся даследаваннямі, адшукаў і вярнуў у 1928 годзе крыж Еўфрасінні Полацкай. Але часы надыходзілі змрочныя, а над галовамі нацыянальнай інтэлігенцыі пачалі згушчацца хмары. 

Спачатку ў кастрычніку 1929 года Вацлава Ластоўскага і Сцяпана Некрашэвіча пазбавілі пасадаў у Акадэміі навук за тое, што тыя друкавалі антысавецкіх аўтараў у выданнях установы. У прыватнасці — Яна Станкевіча. Але займацца сваёй дзейнасцю ім яшчэ можна было. 

А ўжо 21 ліпеня 1930 года іх арыштуюць на параходзе «Табольск» на рацэ Обі, дзе навукоўцы займаліся вывучэннем побыту беларусаў у Сібіры. Так пачыналася справа няіснага «Саюза вызвалення Беларусі». Калі Ластоўскі і Некрашэвіч будуць ужо ў зняволенні, іх пазбавяць яшчэ і статусу акадэмікаў у снежні 1930 года. 

Паводле прысуду Ластоўскага адправяць у высылку ў Саратаў. Там ён будзе пачувацца больш-менш нармальна. У яго складуцца прыязныя стасункі з былым наркамам працы ў першым урадзе БССР Язэпам Дылам, ён будзе перапісвацца з Адамам Багдановічам, бацькам Максіма Багдановіча. У планах Ластоўскі будзе думаць аб стварэнні беларускага эпасу, чагосьці накшталт фінскай «Калевалы».
Пасля паўторнага арышту яго ўжо не адпусцяць. У студзені 1938 года ён будзе расстраляны ў Саратаве. Месца пахавання дзеяча невядомае...

21 жніўня

2019. Памёр Леанід Дайнека

daineka.jpg

Нарадзіўся будучы пісьменнік 28 студзеня 1940 года на Магілёўшчыне. У 1967 годзе скончыў БДУ. Некаторы час працаваў на будоўлях, на Ніжнетагільскім металургічным камбінаце, дзе і адчуў сваю беларускасць ды «іншасць».

Леанід Марцінавіч — аўтар 12 гістарычных раманаў, у тым ліку такіх, як «Меч князя Вячкі», «Жалезныя жалуды», «След ваўкалака». Гэта ці не першыя празаічныя творы пра ранні этап гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, якія сталі масавымі і папулярнымі. На мяжы 1980-х — 1990-х гадоў у грамадстве адчуваўся голад на нацыянальную гісторыю, пакладзеную на мастацкую прозу. Творы Дайнекі трапілі ў самае сэрца чытачоў. 

Дайнека спрабаваў пісаць і пра гісторыю ХХ стагоддзя, але найбольш трапнымі атрымаліся раманы пра ВКЛ. У 2008-м выйшаў ягоны апошні раман «Назаві сына Канстанцінам», дзеянне якога разгортваецца ў часы позняга Сярэднявечча. 

Узнагароджаны шматлікімі дзяржаўнымі прэміямі ды медалямі.

К.К., budzma.org