Каляндар з 20 па 26 лютага. Што святкуем? Па чым сумуем?

20.02.2023 Каляндар

Прапануем Вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата — кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і «пасланне ў бутэльцы» для нас сённяшніх.

Чытайце, думайце, рабіце высновы.


20 лютага 

1922 г. Сярэдняя Літва далучаецца да Польшчы 

682.jpg

У гэты дзень Часовы Сойм Сярэдняй Літвы, які быў абраны ў пачатку студзеня, прыняў рашэнне аб далучэнні яе да Польшчы.

Калі 8 студзеня 1922 года адбываліся выбары ў гэты Сойм, беларускае і літоўскае насельніцтва Віленскага краю, які і складаў асноўную тэрыторыю гэтай дзіўнай дзяржаўнай адзінкі, па закліку сваіх лідараў збольшага праігнаравала гэты плебісцыт. У выніку чаго ў склад Сойму была абрана большасць дэпутатаў, якія выступалі за ўваходжанне Сярэдняй Літвы ў склад Польшчы. 

Такое рашэнне не прынялі ў Коўне, часовай літоўскай сталіцы. Да пачатку Другой сусветнай вайны паміж Літвой і Польшчай была канфрантацыя, якая то абвастралася, то заціхала. Кропка ў гэтай варажнечы была пастаўлена ў кастрычніку 1939 года, калі савецкія ўлады перадалі Вільню і Віленскі край літоўцам.

21 лютага

1918. Апублікавана I Устаўная грамата

676.jpg

У гэты дзень 105 гадоў таму Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з’езда апублікаваў Першую Устаўную грамату, у якой абвясціў сябе часовым урадам Беларусi. 

Праз гэты дакумент Камітэт звярнуўся да народа з заклікам: «Вы павінны ўзяць сваю долю ў свае ўласныя рукі». Пра аўтаномію ў складзе Расіі ў той грамаце яшчэ не гаварылася нічога, але і аб поўнай незалежнасці краіны гаворкі таксама не было. 

Выканкам абвяшчаў сябе вярхоўнай, але часовай уладай на беларускіх землях, да склікання Устаноўчага з’езда. Уся заканадаўчая ўлада аказвалася ў руках Рады Усебеларускага з’езда, выканаўчая — Народнага сакратарыята, які мусіў быць прызначаным Радай і адказным перад ёй.
На наступны дзень нямецкія войскі занялі Мінск і ўзялі фактычную ўладу ў свае рукі. Ужо 25 лютага Народны сакрытарыят быў выгнаны з памяшкання, якое займаў камендантам ад немцаў, а каса была канфіскаваная. 

У хуткім часе пасля былі апублікаваныя яшчэ Другая і Трэцяя граматы.


22 лютага

1933. Арыштаваны Сяргей Астрэйка

677.jpg

Арыштавалі гэтага арыгінальнага, таленавітага і разам з тым амаль забытага сёння паэта разам з іншым літаратарам — празаікам Лукашом Калюгам. Яны былі знаёмыя яшчэ са студэнцкіх часоў і сябравалі да апошніх дзён. 

Абодвух асудзілі на пяці гадоў высылкі па надуманай справе — нібыта за датычнасць да неіснуючай контррэвалюцыйнай арганізацыі. Адбывалі пакаранне сябры ў горадзе Ірбіт Свярдлоўскай вобласці. Там Сяргей Астрэйка працаваў бухгалтарам матэрыяльнага аддзела Ірбіцкага падшыпнікавага завода. 

Паўторна яго арыштавалі ў жніўні 1937 года, а ўжо ў верасні расстралялі. Яго сябра Лукаш Калюга быў паўторна арыштаваны ў пачатку кастрычніка і ў тым жа месяцы расстраляны. 

За сваё кароткае чалавечае і творчае жыццё Сяргей Астрэйка, як і ягоны сябар, паспеў пакінуць заўважны след у беларускай літаратуры. Найперш дзякуючы адметнай лексіцы, якая ўжывалася ім у вершах.

23 лютага

1928. Распачаўся «Працэс 56-ці»

678.jpg

У гэты дзень 95 гадоў таму ў Вільні пачаўся так званы «Працэс 56-ці» — суд, зладжаны ўладамі міжваеннае Польшчы над актыўнымі дзеячамі і лідарамі БСРГ. 

Беларуская сялянска-работніцкая грамада — гэта легальная палітычная партыя ў міжваеннай Польшчы, якая дзеіла ў 1925–1927 гадах. Паводле сваёй платформы была партыяй левага кшталту, але з выразнай нацыянальнай афарбоўкай. Мела па розных падліках ад 100 да 150 тысяч сябраў. Была забаронена польскімі ўладамі, а лідары партыі і найбольш заўважныя актывісты кінуты за краты. 

Уласна «Працэс 56-ці» меў шырокі шырокі розгалас не толькі ў Польшчы, але і ў замежжы. Найперш дзякуючы высілкам беларускіх дзеячаў у БССР, якія выступалі з пратэстамі, называлі пераслед палітычна матываваным і выказвалі сваю падтрымку. 

Скончыўся ў канцы траўня 1928 года, калі фігуранты справы былі асуджаныя на вялікія турэмныя тэрміны.

24 лютага

1935. Нарадзіўся Рыгор Барадулін

679.jpg

Класік беларускай літаратуры паходзіў з Віцебшчыны. Вучыўся ў сярэдняй школе ва Ушачах, скончыў філалагічны факультэт БДУ. Працаваў на розных пасадах у рэдакцыях газет і часопісаў, а таксама рэдактарам у выдавецтвах. 

З вершамі дэбютаваў у 1953 годзе на старонках газеты «Чырвоная змена». Аўтар дзясяткаў зборнікаў паэзіі, сатыры і гумару, кніжак з вершамі для дзяцей, перакладаў замежных аўтараў, дзённікаў, якія вёў з сярэдзіны 50-х гадоў. 

Як вядома, Рыгор Барадулін сябраваў з Васілём Быкавым. А той рабіў цікавыя і нечаканыя падарункі свайму сябру. Напрыклад, на адзін з дзён нараджэння Рыгор Іванавіч атрымаў ад Васіля Уладзіміравіча падарункавы набор з чатырох гальштукаў, які суправаджаўся віншавальнай паштоўкай.

А на сваё 50-годдзе Барадулін атрымаў ад сябра скураны партфель з віншавальнай гравіроўкай: «Дарагому Рыгору ў дзень пяцідзесяцігоддзя В. Быкаў», а таксама самаробны альбом з калажамі і артыкуламі пра яго, які да юбілею сабраў і зрабіў Васіль Быкаў.


25 лютага

1918. Створана «Менскае беларускае прадстаўніцтва»

680.jpg

У гэты дзень 105 гадоў таму было створана Менскае беларускае прадстаўніцтва, якое аб’яднала прадстаўнікоў беларускіх правых партыяў і арганізацыяў. Да яго далучыліся сябры Беларускай народнай партыі сацыялістаў, партыі сацыялістаў-аўтанамістаў, Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, Беларускага праваслаўнага аб’яднання, Беларускага саюза зямельных уласнікаў і іншых.

Прадстаўніцтва аб’ядноўвала палітычныя сілы, якія спаборнічалі з Беларускай сацыялістычнай грамадой і іншымі беларускімі арганізацыямі левага кірунку. У праграмных дакументах было заяўлена, што яно «прадстаўляе інтарэсы беларускага народа і з’яўляецца палітычным цэнтрам». 

Сярод лідараў і актыўных сябраў арганізацыі былі Раман Скірмунт, Кіпрыян Кандратовіч, Аляксандр Уласаў, Рамуальд Зямкевіч ды іншыя. У красавіку 1918 года выканаўчы камітэт Менскага беларускага прадстаўніцтва быў кааптаваны ў склад Рады БНР. 

У хуткім часе арганізацыя стане падмуркам для фармавання другога ўраду БНР на чале з Раманам Скірмунтам. Праўда, урад так і не зможа зрэалізаваць хаця б нешта, бо яму будуць супрацьдзейнічаць сацыялісты. 

У ліпені 1918 года падасць у адстаўку Раман Скірмунт, а ў канцы года ўжо само прадстаўніцтва канчаткова распадзецца і перастане існаваць. 


26 лютага 

1918. Нарадзіўся Пётр Машэраў

681.jpg

Гэты вядомы кіраўнік Савецкай Беларусі паходзіў з сялянаў. Ужо ў самым пачатку вайны ён далучыўся да падполля, добра зарэкамендаваў сябе і ўжо ў 1942 годзе камандаваў цэлым партызанскім атрадам. Асабіста браў удзел у планаванні і ажыццяўленні дыверсіяў. 

Па вайне Пётр Машэраў зрабіў сабе галавакружную кар’еру. Ужо ў 1953 годзе яму, сакратару ЦК ЛКСМБ, хапіла аўтарытэту, каб стаць не проста адным з ініцыятараў стварэння часопіса «Маладосць». А ў 1964 годзе ён стаў кіраўніком БССР, змяніўшы на пасадзе першага сакратара кампартыі БССР Кірыла Маурава. 

Праўда, узняцца на вяршыню тагачаснага палітычнага Алімпу яму так і не ўдалося: у 1966 годзе яго зрабілі кандыдатам у члены Палітбюро і ў гэтым статусе ён прабыў да самай смерці, так і не трапіўшы ў склад гэтага партыйнага органа. 

Загінуў у выніку аўтакатастрофы ў кастрычніку 1980 года. Доўгі час панавалі чуткі, што гэта было ледзь не наўмыснае забойства. Але ніякіх рэальных доказаў канспіралагічнай версіі гібелі кіраўніка БССР няма.